Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падымаць беларускую футбольную зборную будзе чэх Ёзэф Хованэц?


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка, выступаючы 17 лістапада перад магілёўскімі студэнтамі, заявіў, што зборную Беларусі ў футболе неўзабаве можа ўзначаліць адзін з былых трэнераў зборнай Чэхіі. А на пачатку кастрычніка, падчас нарады з кіраўнікамі спартовых фэдэрацый, кіраўнік краіны абураўся, што футбалісты “заплылі тлушчам” і сваёй гульнёй плююць у твар беларускім заўзятарам.

Хоць Аляксандар Лукашэнка не ўдакладніў, каму менавіта накіраванае запрашэньне ўзначаліць беларускую зборную, футбольныя адмыслоўцы перакнаныя: рэальным прэтэндэнтам на пасаду можа быць былы настаўнік чэскай зборнай, 45-гадовы Ёзэф Хованэц. Цяпер Хованэц трэніруе краснадарскую каманду “Кубань” у першай лізе расейскага першынства і ёсьць зьвесткі, што ён ня супраць беларускай прапановы.

Аднак у немалой ступені лёс чэскага спэцыяліста залежыць ад рашэньня гаспадара каманды, бізнэсоўца Алега Дзярыпаскі, які спадзяецца з дапамогай Хованца трапіць у вышэйшую лігу чэмпіянату Расеі.

Ёзэф Хованэц – адзін з самых вядомых і пасьпяховых футбольных трэнераў Эўропы. На чэмпіянат кантынэнту 2000 году ён вывеў каманду Чэхіі са стопрацэнтным вынікам: у дзесяці матчах адборачнага туру чэская зборная атрымала 10 перамогаў. Сам Хованэц у свой час пасьпяхова гуляў за праскую “Спарту,” галяндзкі “Эйндховэн” і зборную Чэхаславаччыны.

Былы трэнер беларускай зборнай Эдуард Малафеяў пра замежнага спэцыяліста выказаўся так.

(Малафеяў: ) “Скажу так: у мяне ёсьць сваё меркаваньне, але я зь ім ня згодны… Я пакуль хаджу на футбол, гляджу, перажываю за зборную. Усе трэнеры мне падабаюцца. Любыя – разумееце, у чым справа? Калі чалавека запрашаюць, давяраюць яму – няхай сабе гэта Байдачны, Малафеяў, Хованэц – да таго часу будзем прыходзіць і перажываць за каманду, каб зборная радавала нас. І мы самі будзем радавацца, што і наша праца ўлілася ў скарбонку гэтай каманды. Вось і ўсё пытаньне. Прыйдзе Хованэц – няхай даказвае, няхай глядзіць. І мы, у сваю чаргу, таксама будзем глядзець”.

Адзін з найбольш вядомых футбольных спэцыялістаў Леанід Гарай перакананы, што гульцам беларускай зборнай, перадусім, патрэбны добры псыхоляг. А Ёзэф Хованэц у гэтай справе дасягнуў рэальных посьпехаў.

(Гарай: ) “Прафэсіяналізм паступова прыходзіць, і гульцы больш сур’ёзна ставяцца да справы. Аднак адчуваньня, што чалавек абараняе гонар Радзімы – такога няма. Гэта тое, пра што Малафееў заўсёды гаварыў, а зь яго сьмяяліся – маўляў, “За Родину, за Сталина”. Грошы невялікія Беларусь плаціць у параўнаньні зь іншымі краінамі, але калі ты прафэсіянал, то павінен аддзячыць краіне, якая цябе паставіла на ногі. Хлопцы цяпер зразумелі, што на футболе можна зарабляць вялікія грошы. Той жа Бялькевіч у Кіеве мае 30 тысячаў даляраў на месяц. Выдатна, мы толькі радуемся за нашых гульцоў. Але калі клічуць у зборную, то ў іншых краінах, як чытаеш інтэрвію, гульцы за Радзіму гуляюць. Ня тое, што ў сваё задавальненьне, а прыяжджаюць і з адказнасьцю гуляць за краіну”.

Сёньня трэнер беларускай зборнай Анатоль Байдачны браў удзел у “прамой лініі” часопісу “Ваш спорт”. Адказваючы на пытаньне наконт магчымага пераемніка, Байдачны сказаў, што ня любіць кідаць справу незавершанай, а кандыдатам на трэнерскую пасаду бачыць былога абаронцу менскага “Дынама” Юрыя Курненіна. Праўда, якраз пад кіраўніцтвам Байдачнага і Курненіна, які працуе ў трэнерскім штабе зборнай, у адборачным турніры да чэмпіянату сьвету-2006 беларусы занялі ў сваёй групе пятае месца сярод шасьці камандаў.
XS
SM
MD
LG