Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзяў пад асабісты кантроль змаганьне з інфармацыйным голадам


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 18 лістапада

“Минские губернские ведомості”, 1855 год:

“Бабруйскі Паветавы Суд аб’яўляе, што на папаўненьне прысуджанай са Сьвіслацкага габрэя Шлёмы Залманава Іцковіча кары за незаконны сплаў паўбэрліны, будзе адбывацца ў мястэчку Сьвіслач, Бабруйскага павету, 22-га сьнежня гэтага году гандаль, на продаж рухомай маёмасьці яго, Іцковіча, якая складаецца з адной каровы, ручной крупадзёркі і трох падушак, ацэненых у 17 руб. Жадаючыя ўдзельнічаць у гандлі могуць разгледзець паперы, што да гэтага належаць, загадзя, у Бабруйскім Паветавым Судзе”.

“Беларуская ніва” (ранейшае “Жыцьцё Беларуса”), 1925 год:

“На 13-га лістапада рэдактар газэты “Жыцьцё Беларуса”, Варава, быў выкліканы ў суд з прапазыцыяй гадзіцца з “доктарам” Павлюкевічам, які пажаліўся на яго за “абразу” яго ў друку. Ведама, рэдактар Варава ні на якую згоду з падобным панам ня мог пайсьці і ў суд не пайшоў. Назаўтра на самай раніцы рэдактар Варава атрымаў павестку ад палітычнай паліцыі… явіцца туды ў характары “заінтэрэсаванага”. Што гэта значыць, ня ведаем; адно толькі, выйшаўшы з рэдакцыі, каб ісьці ў палітычную паліцыю, рэд.Варава назад ужо не вярнуўся…”

“Рэспубліка”, 1995 год:

“Асабістае даручэньне Прэзыдэнта выконвае адна зь беларускіх фірмаў, якая спэцыялізуецца на вырабе хвалевых радыёпрымачоў. Маленькія каробачкі з аўтографам Аляксандра Лукашэнкі будуць падараваныя жыхарам аддаленых вёсак рэспублікі, якія з-за парушэньняў у правадной сетцы ня могуць слухаць нацыянальнага радыё… Узрушаным сялянам тлумачылі пра складанасьці эксплюатацыі і радзілі набываць айчынныя трохканальныя прымачы “Хваля”, якія можна ўключаць у электрасетку. Аднак яшчэ мінулым летам такі прымач быў не па кішэні і сельскім пэнсіянэрам, і нават тым, хто працаваў. Разглядаючы інфармацыйны голад як адну з найбольш важных праблемаў, кіраўнік нашай дзяржавы ўзяў пад асабісты кантроль яе вырашэньне”.
XS
SM
MD
LG