Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады закрылі газэту “Моладзевы праспэкт”


Валер Каліноўскі, Менск Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь закрыла яшчэ адну недзяржаўнуцю газэту “Моладзевы праспэкт”.

Адзін з заснавальнікаў газэты “Моладзевы праспэкт,” апазыцыйны палітык Уладзімер Навасяд, 17 лістапада атрымаў ліст зь Міністэрства інфармацыі, у якім гаворыцца аб скасаваньні рэгістрацыйнага пасьведчаньня ягонага выданьня. Падстава – два папярэджаньні Мінінфармацыі цягам аднаго каляндарнага года.

Першае папярэджаньне газэта атрымала летась 20 верасьня, у разгар перадвыбарчай кампаніі, тады ж выхад газэты быў прыпынены міністэрствам на 3 месяцы. Другое папярэджаньне было вынесенае 16 верасьня гэтага года. Аднак аб існаваньні другога папярэджаньне і заснавальнік, і рэдакцыя даведаліся толькі цяпер.

Газэта “Моладзевы праспэкт” апошнія гады выкарыстоўвалася заснавальнікам як рэгіянальнае выданьне для менскага мікрараёну Серабранка, дзе была акруга, ад якой спадар Навасяд быў абраны ў Палату прадстаўнікоў другога скліканьня. У 2005 годзе пасьля тэрміну прыпыненьня газэта змагла выйсьці толькі адзін раз, выданьне перажывала фінансавыя і іншыя цяжкасьці.

Тым не меней улады вырашылі закрыць яго перад будучай кампаніяй па выбарах прэзыдэнта, – гаворыць Уладзімер Навасяд.

(Навасяд: ) “Зачыняюць усё, што рухаецца і мае нейкі патэнцыял працаваць. Калі газэта ёсьць дэ-юрэ, то яна мае права хоць мільённым накладам выходзіць па ўсёй краіне. І чыноўнікі мяркуюць, што лепей закрыць, чым пакінуць, я так думаю”.

Спадар Навасяд не пагаджаецца з закрыцьцём ягонай газэты і зьбіраецца абскарджваць дзеяньні Мінінфармацыі ў судзе. Ён мяркуе, што новую незалежную газэту адкрыць у цяперашніх умовах практычна немагчыма.

Працэс зачысткі недзяржаўных СМІ ў Беларусі падыходзіць за завяршэньня, мяркуе прадстаўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Зараз ужо прыйшоў час не толькі тых выданьняў, якія як сымбалі нейкія выступалі, але і рэгіянальных выданьняў, такіх газэт, якія былі разьлічаныя на вельмі абмежаваную аўдыторыю, як “Моладзевы праспэкт”.

Спадар Бастунец лічыць дзеяньні Мінінфармцыі несправядлівымі і зьвязвае закрыцьцё чарговай газэты з падрыхтоўкай уладаў да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG