Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Водгукі слухачоў 18 лістапада


RFE/RL Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

18 лістапада 2005 г.

(Мікалай Шышыгін, Нямеччына) “Добры вечар, дарагая рэдакцыя Радыё Свабода! Паважаная Алена Ціхановіч! Хацеў бы вам сказаць сумную вестку – сёньня памерла мая сястра Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая.

Яна была вельмі адданая Беларусі, напісала шмат кнігаў пра Беларусь, пра Нясьвіж. У Нясьвіжы яна пражыла ўсё сваё жыцьцё і аддала жыцьцё сваё для Беларусі, бо вельмі любіла Беларусь. Усё жыцьцё працавала настаўніцай у беларускай школе ў Нясьвіжы. Таксама шмат пісала кніжак пра Радзівіла, пра беларускую гісторыю. Яна некалькі разоў выступала па вашым радыё, карэспандэнты бралі ў яе інтэрвію.

Было б добра, каб вы неяк памянулі яе. Хай зямля ёй будзе пухам. Я, на жаль, не пасьпею прыехаць у Нясьвіж, можа заўтра-пасьлязаўтра будзе пахаваньне. Было вельмі добра, каб вы неяк адгукнуліся пра мая сястру, Клаўдзію Якаўлеўну Шышыгіну-Патоцкую”.

(Уладзімер) “Прывітаньне! Наконт вашага пытаньня аб забароне паленьня ў грамадзкіх месцах.

Нашая сям’я зьяўляецца радыкальнымі прыхільнікамі здаровага ладу жыцьця, але мы тым ня менш ставімся адмоўна да гэтай ініцыятывы. Па-першае, наш паспаліты люд проста не падрыхтаваны да гэтага, і калі забараняюць, то будуць яшчэ больш паліць гэтых цыгарэтаў. Да кожнага міліцыянта не прыставіш. Па-другое, у нас уся карпатлівая праца па ўкараненьню здаровага ладу жыцьця, у тым ліку эканамічнае стымуляваньне, разумнае тлумачэньне, падмяняецца голым адміністрацыйным уціскам. Магчыма першым часам можна будзе ўзяць больш штрафаў, будзе нейкая карысьць для бюджэту. Але гэтая прапанова ніякай карысьці не прынясе, таму што трэба тлумачыць, чаму шкодна курыць. Гэта тое самае, калі б я стукнуў кулаком па сталу і загадаў сваім дочкам, каб з заўтрашняга дня выходзілі на загартоўку на вуліцу. Дык з гэтага нічога ня выйшла б. Трэба тлумачыць, тым больш асабістым прыкладам. Чаму яны павінны выходзіць халодным надвор’ем на вуліцу, займацца, аблівацца і г.д., а чаму сяброўкі ў гэты час салодка сьпяць. І параўнаць, што і як каму з гэтага атрымаецца”.
XS
SM
MD
LG