Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пляны росту беларуска-расейскага таваразвароту ня спраўджваюцца


Міхал Стэльмак, Менск Урад Беларусі не задаволены эканамічнымі дачыненьнямі з Расеяй. Пра гэта на сустрэчы з дарадцамі ў гандлёва-эканамічных пытаньнях пасольства Беларусі ў Расеі заявіў 16 лістапада беларускі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі.

Як вынікае з словаў кіраўніка беларускага ўраду, цярпяць правал сёлетнія замежнагандлёвыя пляны Беларусі на ўсходнім кірунку. Пляны прадугледжвалі 30-працэнтны рост таваразвароту паміж дзьвюма краінамі ў параўнаньні з 2004 годам. Летась таваразварот паміж Менскам і Масквою дасягнуў 17 з паловай мільярдаў даляраў. Аляксандр Лукашэнка тады заявіў: такі ўзровень – не мяжа, рэкорды яшчэ наперадзе! Урад узяўся і абвясьціў, што пры канцы 2005 году лічба росту складзе 30 працэнтаў.

Але абяцаньні ня спраўджваюцца. Як паведаміў прэм’ер Сідорскі на нарадзе з прадстаўнікамі беларускай дыпмісіі ў Расеі, таваразварот фактычна знаходзіцца на леташнім узроўні, а экспарт наагул упаў больш як на 9 працэнтаў. Асабліва прыкметны спад эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з такімі рэгіёнамі, як Уральская, Цэнтральная, Паўднёвая і Паўночна-Заходняя фэдэральныя акругі Расеі. Экспарт беларускай прадукцыі туды ў цэлым зьнізіўся на 17 працэнтаў. Беларускія чыноўнікі, як вынікае зь іх выступаў на згаданай нарадзе, у разгубленасьці. Яны ня ведаюць, што чыніць, каб пераадолець нэгатыўную тэндэнцыю.

Спэцыялісты тым часам лічаць, што асноўная прычына нэгатыўных тэндэнцыяў у беларуска-расейскіх эканамічных стасунках – пераход дзьвюх краінаў ад 1 студзеня 2005 году на новы парадак спагнаньня падатку на даданую вартасьць. Нагадаю, гэты пераход – ініцыятыва Аляксандра Лукашэнкі. Аднак новы мэханізм падаткаабкладаньня спрацаваў не на карысьць Беларусі. Падначаленыя прэзыдэнта сёньня публічна асьцерагаюцца прызнаць тое. Паводле незалежных экспэртаў, ёсьць і іншыя прычыны спаду. “Хоць з самага пачатку назначаныя паказчыкі былі нерэальныя”, – гаворыць эканаміст Алена Ракава зь Менску.

(Ракава: ) “На мой погляд, гэта нерэальныя лічбы. То бок яны іх могуць намаляваць, як і ўсе астатнія. Але калі казаць сур’ёзна, то я пакуль што ня бачу рэсурсаў, якія дазволяць ім павялічыць таваразварот на 30 працэнтаў. Там ужо хапае расейскай прадукцыі, якая часта нават лепшая за беларускую”.

Дарэчы, пытаньне якасьці прадукцыі апошнім часам набывае вельмі істотнае значэньне для двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Складаецца сытуацыя, калі беларускія тавары пачынаюць прайграваць па гэтым паказчыку расейскім і, як вынік, аб’ектыўна выціскаюцца з суседняга рынку.

Меркаваньне кіраўніка аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краін СНД Аляксандра Фадзеева:

(Фадзееў: ) “Раней беларускія тавары бралі ў расейскай глыбінцы, паколькі яны танныя. А цяпер сытуацыя крыху іншая. Павысіліся патрабаваньні да якасьці тавараў. Беларускія тавары не ўнікальныя, таму яны ў сувязі з новай сыстэмай падаткаабкладаньня па шэрагу парамэтраў не вытрымліваюць канкурэнцыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG