Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гандаль нерухомасьцю – пад пільным кантролем дзяржавы


Уладзімер Глод, Менск Гандаль нерухомасьцю ў Беларусі па-ранейшаму застанецца пад пільным дзяржаўным кантролем. Спробу групы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павялічыць з 2 тысяч да 5 тысяч базавых велічынь парог, пасьля якога апэрацыі фізычных асобаў трапляюць у сфэру асаблівай увагі, не падтрымаў Аляксандар Лукашэнка. Як толькі пераходзіш рубеж – 27 тысяч даляраў, адразу трапляеш пад назіраньне дэпартамэнту фінансавага маніторынгу ў Камітэце дзяржаўнага кантролю. Ці не парушае такі закон правоў чалавека?

За 27 тысяч даляраў сёньня ў Менску набудзеш ня кожную аднапакаёўку. Ёсьць і даражэйшыя. І таму некаторыя дэпутаты палічылі, што трэба падняць планку ў два з паловай разы. Аднак цяпер сыстэма прыняцьця законаў у Беларусі такая, што папраўкі, якія прапануюцца ў другім чытаньні, папярэдне адсылаюць кіраўніку дзяржавы. А ён альбо пагаджаецца з прапановамі, альбо іх адхіляе. І так Аляксандар Лукашэнка не падтрымаў прапановы аб павелічэньні парогу. Пра што й было напісана ў дакумэнтах, якія раздалі дэпутатам. Я, дарэчы, бачыў асабіста гэты дакумэнт у прэсавым цэнтры Палаты і зьвярнуў увагу на тое, што памянёная папраўка не была падтрыманая Лукашэнкам без усякіх тлумачэньняў. Але ж вядома, як абіраўся цяперашні беларускі парлямэнт. І таму ня дзіўна, што дэпутаты моўчкі прынялі пазыцыю прэзыдэнта да ведама. Ніхто не адважыўся нават узьняць гэтую тэму.

Калі зыходзіць выключна з назвы закону – “Аб захадах для прадухіленьня легалізацыі прыбыткаў, атрыманых незаконным шляхам”, дык сама ідэя устанавіць кантроль не выглядае нечым незвычайным. Многія краіны для барацьбы са злачыннасьцю пільна сочаць за падазронымі апэрацыямі зь нерухомасьцю, бо такім спосабам, як вядома, крымінал адмывае грошы. Наколькі беларускі закон у гэтым сэнсе адпавядае міжнародным стандартам?

Па адказ на гэтае пытаньне я зьвярнуўся да былога намесьніка старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі вядомага юрыста Валер’я Фадзеева. Барацьба зь легалізацыяй прыбыткаў, набытых крымінальным шляхам, якраз знаходзіцца ў сфэры яго навуковых інтарэсаў. Спадар Фадзееў перадусім зьвяртае ўвагу на адну значную розьніцу паміж беларускім законам і падобнымі да яго ў цывілізаваных краінах:

(Фадзееў:) “У многіх краінах ёсьць аналягічныя законы, якія прадугледжваюць процідзеяньне злачынствам. Размова ідзе пра сродкі, здабытыя крымінальным шляхам. А ў нас у законе запісана “незаконным”. Адна рэч – “незаконным” – і іншая – “крымінальным”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым тут розьніца?”

(Фадзееў: ) “Розьніца ў тым, што пад “незаконнае” можна падагнаць усё, што захочаш. А калі “крымінальнае”, дык тут трэба даказваць, што гэта сапраўды крымінальна. Ёсьць і ў гэтым праблема, бо пры вельмі шырокай трактоўцы можна трапіць пад перасьлед, нават калі ты і не зьяўляесься крымінальным злачынцам”.

Як нормы згаданага закону суадносяцца з правамі чалавека? Зразумела, што ня кожны чалавек, які прадае альбо купляе нерухомасьць, хоча, каб ягонае прозьвішча фіксавалася ў адмысловай картатэцы. Тым больш, калі гэты пакупнік ці прадавец не адчувае за сабою ніякай віны, нічога крымінальнага ён не зрабіў. Але ж, выходзіць, дастаткова таго, што чалавек перайшоў адносна невысокі парог (зразумела, калі гаворка ідзе пра нерухомасьць), і яго адразу пераводзяць у разрад падазронага. І вось як бачыць гэтую сытуацыю Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Звычайна гавораць так: “А вы нічога не парушаеце. Тое, што вы трапілі пад кантроль, нічога страшнага: паведамілі гэтаму дэпартамэнту, узялі вас на ўлік і г.д.” Можна падысьці да справы так, што з гэтым пагадзіцца: маўляў, я нічога не парушыў, і нічога страшнага, што трапіў у адмысловы сьпіс. Але ж праблема суадносінаў з правамі чалавека застаецца і тут. З аднаго боку, права на ўласнасьць, з другога, кантроль з боку дзяржавы, які зьвязаны з тым, што мы маем пэўныя абавязкі перад дзяржавай. У першую чаргу мы павінны дзейнічаць законна, у другую – павінны плаціць падаткі з гэтых апэрацыяў і г.д. Ізноў жа, з аднаго боку, правы чалавека, з другога, грамадзкі інтарэс. Але ж апошнім часам вядома, што правы канкрэтнага чалавека ставяцца на першае месца. Так ужо неаднойчы заяўляла Генэральная Асамблея ААН”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG