Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечарына ў гонар 80-годзьдзя Кастуся Акулы пройдзе сёньня ў Менску


Валянціна Аксак, Менск У імпрэзе ў бібліятэцы Дому літаратара возьмуць удзел калегі знанага пісьменьніка беларускага замежжа – тыя, каму пашчасьціла быць добра знаёмымі зь беларускім канадцам з Таронта і чытаць ягоныя творы задоўга да таго, як яны пачалі друкавацца ў Беларусі, – Вольга Іпатава, Лідзія Савік, Уладзімер Арлоў, Алесь Пашкевіч. Падчас вечарыны пройдзе прэзэнтацыя найнавейшае кнігі Кастуся Акулы “Россыпы”.

“Россыпы” – гэта другая кніга Кастуся Акулы, выдадзеная на бацькаўшчыне. У яе ўвайшлі аўтабіяграфічныя зацемкі, якія й далі назоў кнізе. Зь іх паўстае складанае, поўнае драматызму, але й надзвычай цікавае жыцьцё аўтара, якому лёсіла ў пятнаццаць гадоў пакінуць родную вёску і зноў пабачыць яе толькі праз паўстагодзьдзя.

Нацыянальна сьведамы малады беларус падчас другое ўсясьветнае вайны быў у ліку тых рамантыкаў, якія спадзяваліся ўсталяваць незалежнасьць свайго краю. Увесь шлях беларускае моладзі ў тыя і пасьляваенныя гады лёг у аснову раману “Змагарныя дарогі”, які таксама ўвайшоў у толькі што выдадзеную на радзіме кнігу. Раман гэты асобнаю кнігай упершыню пабачыў сьвет у Беларусі ў 1994 годзе і меў вялікі посьпех.

Ён і сёньня будзе папулярны, бо надзвычай надзённы, кажа старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і дасьледчык прозы беларускага замежжа Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Гісторыя Беларусі разьвіваецца сьпіральна, кругамі, і вось якраз гэтыя кругі, якія ў саракавых – пяцідзясятых праходзіў Кастусь Акула і беларуская моладзь, сёньня гэтыя кругі блізкія й моладзі Рэспублікі Беларусь”.

Удзельнікі вечарыны будуць гаварыць ня толькі пра адметнасьці літаратурнага таленту канадзкага беларуса, але яшчэ й пра яго неардынарную асобу. Кастусь Акула ўвойдзе ў гісторыю беларускага руху на эміграцыі, у гісторыю адраджэньня незалежнасьці Беларусі, лічаць дасьледчыкі ягонай творчасьці. Гаворыць Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Кастусь Акула – легендарная постаць у нацыянальнай літаратуры. Яго творчы наробак бачыцца і легендарным, і паказальным, і анталягічным. Гэта чалавек, які ўвасабляе цэлую эпоху ў разьвіцьці беларускай нацыі і беларускай дзяржавы”.

На жаль, жыцьцёвыя абставіны не дазволілі спадару Акулу самому быць на гэтай вечарыне ў Менску. Упершыню на радзіму ён прыехаў пасьля працяглага расстаньня ў 1992 годзе, а праз чатыры гады сябры і прыхільнікі віталі яго тут другі раз. Але прымаючы віншаваньні са сваім васьмідзесяцігодзьдзем, пісьменьнік выказаў надзеі на новыя сустрэчы на радзіме. А пакуль што сёньня будзе сустрэча зь ягонай новай кнігай. Пачатак вечарыны ў Доме літаратара а 18-й.
XS
SM
MD
LG