Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Свабода Сідорскага зьведзеная да мінімуму”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўнага друку за 18 лістапада.

Тэма дня “Народнай волі” гучыць так: “Зашмарга лорда Кромвэля, альбо аб спасылках спадара Лазавіка на ангельскі досьвед”. Доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш параўноўвае выбарчыя сыстэмы Беларусі і Вялікай Брытаніі, дзе, паводле меркаваньня сакратара беларускага Цэнтравыбаркаму, “цалкам адміністрацыйны прынцып фармаваньня выбарчых камісіяў”. Параўнаньне, натуральна, не на карысьць Беларусі.

Пад рубрыкай “Шчыра” экс-прэм’ер краіны Міхаіл Чыгір дае ацэнку сваім пераемнікам. Найбольш высока Міхаіл Чыгір ацэньвае Ўладзімера Ярмошына, называе яго “моцным гаспадарнікам”. Што да цяперашняга прэм’ера, спадар Чыгір лічыць: гэтая фігура цалкам несамастойная, кіраўнік ураду знаходзіцца пад каўпаком у прэзыдэнта, фактычна ня можа прыняць ніводнага самастойнага рашэньня. “Свабода Сідорскага зьведзеная да мінімуму”, – лічыць Міхаіл Чыгір.

Сёньня “Брестская газета” адзначае сваё трохгодзьдзе. Мы віншуем творчы калектыў выданьня з днём нараджэньня. Шчыра зычым берасьцейскім калегам і надалей пашыраць сваю чытацкую аўдыторыю, радаваць яе цікавымі матэрыяламі, павялічваць наклад.

Слуцкаму “Інфа-кур’еру” даў вялікае інтэрвію старшыня райвыканкаму Аляксандар Драко. Згадзіцеся, нячаста раённае начальства так паважліва ставіцца да недзяржаўнага выданьня. “Інфа-кур’ер” апавядае пра ўраджэнца Слуцку Канстанціна Давыдоўскага, які быў штурманам першага савецкага месяцахода, запушчанага ў 1971 годзе. У прымальні Салігорскага тэрытарыяльна-мэдычнага аб’яднаньня цяпер круглыя суткі дзяжурыць доктар-нарколяг – вельмі шмат людзей трапляе ў лякарню ў стане цяжкага алькагольнага атручэньня, паведамляе “Інфа-кур’ер”.

Баранавіцкі “Intex-press” друкуе артыкул “Жыцьцё ў інтэрнаце, якога больш няма”. Будынак рабочага інтэрнату Баранавіцкага заводу аўтаматычных лініяў вырашана перабудаваць пад жылы дом. Людзей цяпер высяляюць. Расказвае журналістка Людміла Гурман:

(Гурман: ) “Завод аўтаматычных лініяў сваім работнікам выдзяляе другі інтэрнат, а супрацоўнікам іншых прадпрыемстваў жыльлё не даецца, яны павінны шукаць самі. І цяпер там жыве яшчэ 34 чалавекі, якія засталіся фактычна бяз даху над галавою, жывуць яны безь цяпла, без гарачай вады, на кухнях няма сьвятла. І вось у такіх умовах жыве 34 сям’і з маленькімі дзецьмі”.

“Комсомольская правда в Белоруссии” піша пра тое, як будзем плаціць падаткі па-новаму. Амаль два гады гэтае пытаньне вырашалі дэпутаты. У выніку галоўнае правіла засталося бязь зьменаў – падатак па-ранейшаму будзе залежаць ад памеру заробкаў. Чым больш зарабляеш, тым больш і аддаеш: ад 9 до 30 працэнтаў, хаця абмяркоўвалі і адзіную для ўсіх стаўку – 13 працэнтаў, як у Расеі, паведамляе “Камсамолка”.
XS
SM
MD
LG