Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 лістапада нарадзіліся паэты Міхась Машара і Анатоль Вярцінскі


RFE/RL 18 лістапада ў Беларусі й сьвеце.

Сёньня ў Латвіі адзначаецца Дзень абвяшчэньня рэспублікі. Галоўнае дзяржаўнае сьвята мае вытокі ў падзеях 1918 году, калі Латвія абвясьціла сваю незалежнасьць. Першым прэзыдэнтам краіны стаў Карліс Ульманіс.

18 лістапада 1926 году прынята пастанова аб адным з так званых узбуйненьняў БССР. Рэч у тым, што пасьля адыходу Заходняе Беларусі да Польшчы, а ўсходніх тэрыторыяў да Расеі, Савецкая Беларусь выглядала на мапе вартай жалю палоскаю. І вось 18 лістапада 1926 году палітбюро ЦК усесаюзнай кампартыі, разгледзеўшы высновы камісіі, якая перад тым працавала ў Гомельскай губэрні, пастанавіла “лічыць даказаным беларускі характар насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і прызнаць неабходным далучэньне адзначаных паветаў да БССР”.

У беларускім біяграфічным календары сёньня – дзьве даты нараджэньня. 18 лістапада 1902 году прыйшоў на сьвет папулярны ў міжваеннай Заходняй Беларусі паэт Міхась Машара. А 18 лістапада 1931 году нарадзіўся Анатоль Вярцінскі, паэт, грамадзкі і палітычны дзяяч незалежнае Беларусі.

Сярод усясьветных славутасьцяў, што нарадзіліся 18 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня нямецкага кампазытара Карла фон Вэбэра, францускага пачынальніка фатаграфіі Люі Дагера і Ігната Падэрэўскага, польскага кампазытара і піяніста, які ў 1919 годзе стаў першым прэм’ер-міністрам адроджанай Польшчы.
XS
SM
MD
LG