Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Моладзь віншавала віцяблянаў зь Міжнародным днём студэнтаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Віншаваньне было адрасаванае ўсім: і цяперашнім студэнтам віцебскіх ВНУ, і тым, хто ўжо даўно скончыў навучаньне, але адчувае сябе маладым, як у студэнцкія гады.

Акцыі, прысьвечаныя Міжнароднаму дню студэнтаў, прайшлі сёньня каля Віцебскага тэхналягічнага і Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэтаў. Моладзевыя актывісты з Клюбу “Маладой Грамады” і суполкі "Новая плынь" прапанавалі ўсім ахвотным запісацца ў “вечныя студэнты” – ня ў тым сэнсе, каб “заваліць” чарговую сэсію і ня трапіць на наступны курс, а каб захаваць на ўсё жыцьцё імпэт і весялосьць, уласьцівыя кожнаму сапраўднаму студэнту.

Своеасаблівае “пасьвячэньне ў вечныя студэнты” таксама было вясёлае . Распавядае Ганна Галенка, каардынатарка Клюбу “Маладой Грамады “.

(Галенка:) Мы праводзілі “істпыты” для ўсіх ахвотных. Яны цягнулі білеты з рознымі вясёлымі пытаньнямі, накшталт “У якога бога вераць студэнты?" Адказ “Халява”. Або “што трэба казаць выкладчыку, каб ён не злаваўся за тое, што вы позьніцеся на заняткі?” Пытаньні былі розныя – жартоўныя, часам правакацыйныя. Тым, хто адказваў, мы выдавалі “Вечныя студэнцкія білеты”, а таксама сувэніры-ахоўнікі ад дрэнных выкладчыкаў. Студэнты былі задаволеныя, казалі "О, цікава!"

Акцыя “Запрашаем у Вечныя студэнты!” атрымалася забаўляльнай, як таго і хацелі арганізатары, і ў той самы час мела пэўны грамадзка-палітычны падтэкст. Так, “Вечныя студэнцкія білеты” былі надрукаваныя па-беларуску, а на вокладках былі пазначаныя адрасы інтэрнэт-сайтаў моладзевых арганізацыяў і кантактныя зьвесткі віцебскіх суполак. Як мяркуе лідэр суполкі “Новая плынь” Віталь Броўка, гэта мусіць паспрыяць далучэньню новых людзей да наступных моладзевых праектаў.

(Броўка:) “Мы спадзяемся, што тыя, хто бачыў нашую акцыю, у найлепшым выпадку далучацца да нас. І ўжо некалькі чалавек, якія ўбачылі нас упершыню, сказалі, што хочуць працягнуць знаёмства, што абавязкова патэлефануюць, зьвяжуцца з намі і прыйдуць на новыя акцыі".



Фота аўтара
XS
SM
MD
LG