Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр нямецкіх сацыял-дэмакратаў перад маральнай дылемай


Алена Струвэ, Менск Нямецкія палітыкі папярэджваюць новага старшыню Сацыял-дэмакратычнай партыі, прэм’ер-міністра фэдэральнай зямлі Брандэнбург Матыяса Пляцэка адносна магчымага скандалу ў выпадку атрыманьня высокай расейскай узнагароды – Ордэна Пятра Вялікага. Прадстаўнікі шэрагу партыяў ды грамадзкія дзеячы Нямеччыны раяць яму адмовіцца ад ордэна, бо ягонымі ляўрэатамі былі небездакорнай палітычнай рэпутацыі накшталт Лукашэнкі, Ніязава, Караджыча.

Да Ордэна Пятра Вялікага кіраўнік ўсходненямецкай фэдэральнай зямлі Брандэнбург Матыяс Пляцэк быў прадстаўлены некалькі месяцаў таму за актыўны ўдзел у правядзеньні мерапрыемстваў па сьвяткаваньні 60-годзьдзя вызваленьня Эўропы ад нямецкага нацызму. Ад пачатку ўвядзеньня гэтае ўзнагароды ў 2001 годзе вылучэньнем кандыдатаў у ляўрэаты займаецца Расейская акадэмія праблемаў бясьпекі, абароны і правапарадку. Паводле яе кіраўніка, генэрала Віктара Шаўчэнкі, дзеля таго, каб намінаваць тую або іншую асобу на Ордэн Пятра Вялікага, “неабходныя важкія аргумэнты ды хадайніцтва вядомых расейскіх грамадзкіх і дзяржаўных дзеячоў”. Што да леташняга ляўрэата ўзнагароды - беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі, то ён атрымаў “Пятра” ў сувязі зь ягоным 50-гадовым юбілеем і асабістым вялікім унёскам у справу ўмацаваньня дружбы славянскіх народаў.

Сярод іншых кавалераў Ордэна Пятра Вялікага - Міхаіл Гарбачоў, Барыс Ельцын, Уладзімір Пуцін, Уладзімір Жырыноўскі, Радаван Караджыч, Сапармурат Ніязаў, Нурсултан Назарбаеў, Кофі Анан ды іншыя.

Паводле нямецкага экспэрта Губэрта Кнабэ, які займаецца пытаньнямі злачынстваў Штазі (сакрэтнай паліцыі ГДР), тое, што Пляцэк можа апынуцца ў адным шэрагу з такімі асобамі, як Радаван Караджыч і Аляксандар Лукашэнка, “ня можа не абураць”. Першы – сэрбскі ваенны злачынец, другі – беларускі дыктатар, вядомы сваім захапленьнем Гітлерам ды жорсткім здушэньнем тых суайчыньнікаў, якія нязгодныя зь ягоным рэжымам. У інтэрвію газэце "Berliner Zeitung " Губэрт Кнабэ называе таксама імёны іншых “сумнеўных” асобаў- як сярод ляўрэатаў, так і сярод ініцыятараў узнагароды. Напрыклад, кіраўніка Расейскай акадэміі, колішняга генэрала савецкага КГБ Віктара Шаўчэнку.

Спадар Кнабэ перакананы, што, нягледзячы на этыкет, новы кіраўнік нямецкіх сацыял-дэмакратаў мусіць адмовіцца ад атрыманьня ордэна.

Такога самага меркаваньня прытрымліваюцца і сябры хрысьціянска-дэмакратычнай партыі. Прадстаўніца Бундэстагу ад зялёных Карнэлія Бэм лічыць, што Пляцэку трэба было б загадзя мець інфармацыю, “што гэта за ўзнагарода і хто яе раней атрымаў”. Сябры левай фракцыі ў нямецкім парлямэнце мяркуюць аднак інакш: “Рэпутацыю добрага чалавека не сапсуе нічога, нават і такі ордэн”. Вядомы бэрлінскі аналітык Аляксандар Рар з Фонду нямецкай замежнай палітыкі спачувае Матыясу Пляцэку: “Калі ён адмовіцца ад ордэна, гэта можа выклікаць вялікія дыпляматычныя наступствы”. Сябры Сацыял-дэмакратычнай партыі пакуль не далі нейкіх камэнтароў на гэты конт. З боку ўраду зямлі Брандэнбург, таксама не паступала тлумачэньняў, ці зьбіраецца прэм’ер Пляцэк атрымліваць расейскую ўзнагароду.

Нагадаем, што 51-гадовы Матыяс Пляцэк, сёмы па ліку старшыня партыі нямецкіх сацыял-дэмакратаў, быў абраны на гэтую пасаду некалькі дзён таму на партыйным зьезьдзе ў Карлсруэ. Пра яго вядома няшмат. Ён - былы актывіст экалягічнага руху ва Ўсходняй Нямеччыне. Як піша газэта Sueddeutsche Zeitung, у часе выбараў калегі па партыі ўзгадалі ягоную плённую працу па пераадоленьні наступстваў разбуральных паводак ды пераканаўчую перамогу партыі на выбарах у Брандэнбургу у 2004 годзе. Дагэтуль на фэдэральным узроўні Пляцэк як палітык не карыстаўся вялікай папулярнасьцю.
XS
SM
MD
LG