Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кермаш — прастольнае сьвята ў Лутках


Ягор Маёрчык, Луткі, Столінскі раён, Берасьцейшчына (эфір 17 лістапада) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Да 1939 году паміж Луткамі і суседнімі Хільчыцамі праходзіла савецка-польская мяжа. Каб я апынуўся ў вёсцы якіх семдзесят гадоў таму, зразумеў бы абурэньне вяскоўца — той вёў на фэрму двух калгасных коней, а я фатаграфаваў крыж-абярэг. Спадар прыпыніўся і вымавіў:

(Спадар: ) “Аб’ектаў вайсковых тут няма!”



(Карэспандэнт: ) “А вы думаеце, я фатаграфую вайсковыя аб’екты? Мяне завуць Ягор Маёрчык, я карэспандэнт радыё. У нас ёсьць праграма пра тое, як людзі ў вёсках жывуць”.

(Спадар: ) “Паказаць лепшы бок ці горшы?”

(Карэспандэнт: ) “Паказаць, як яно ёсьць”.

(Спадар: ) “Вельмі цяжка паказаць так, як яно ёсьць. Вось жыве бабуля — яна ўжо ў зямлю сыходзіць. На зіму тры такія бабкі зьяжджаюцца ў адну хату, бо яны ня ў стане ацяпліцца, трэба дровы набыць. А яны зьбіраюцца ў адну хату і разам ацяпляюць яе”.

(Карэспандэнт: ) “Якая сытуацыя ў калгасе?”

(Спадар: ) “Калгасьніку заўсёды цяжка жывецца. Усё выпрабаваньні адбіваюцца на калгасьніку. Так вядзецца з часу сталыпінскай рэформы. Усе імкнуцца зьехаць у сталіцу. А чаму? А ў сталіцы можна талкова скрасьці. А што ў нас можна скрасьці? Нічога! Цяпер як хочаш, так і жыві, як хочаш, так і выжывай. Гэта, нібыта, называецца дэмакратыяй. А я лічу, што гэта бардак, а не дэмакратыя. Дэмакратыя — гэта калі чалавек забясьпечаны працай і дзяржаўнымі гарантыямі”.

(Карэспандэнт: ) “Як сьвяткаваць сёньня будзеце?”

(Спадар: ) “Я толькі з працы вяртаюся. Ніякіх плянаў няма”.

(Карэспандэнт: ) “А да вас прыедуць госьці?”

(Спадар: ) “Калі госьці прыедуць, хай яны з сабой набываюць і сьвяткуюць!”

14 лістапада ў Лутках прастольнае сьвята — дзень сьвятых Кузьмы і Дзям’яна, якія лічацца абаронцамі вёскі. Ад 18 стагодзьдзя, колькі вядома пра існаваньне паселішча, у гэты дзень ніхто не працаваў. Ад самай раніцы зь іншых месцаў зьяжджаліся сваякі, разам з гаспадарамі яны сядалі за сталы, выпівалі, закусвалі і, крыху захмелеўшы, сьпявалі.

На пачатку 21 стагодзьдзя я бачу пустыя вуліцы. Каб сказаць, што па дарозе да вёскі цягнецца чарада машынаў і вазоў, таксама будзе няпраўдай. Вядома, можна падумаць, што госьці даўно паселі за сталы. Каб спраўдзіць гэтую вэрсію, заходжу ў хату да пэнсіянэркі Акуліны Стэмпкоўскай. Бачу такую карціну: да 80-гадовай гаспадыні толькі што прыйшла сястра баба Маруся.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень, а вы прыйшлі на кермаш?”

(Маруся: ) “Так. Але нешта тут няма нічога. Буду сядзець і чакаць, пакуль паставяць на стол. Адкуль ён?”

(Акуліна: ) “Зь Менску”.

(Маруся: ) “А што хоча?”

(Акуліна: ) “Ходзяць ды пытаюцца, што значыць наш кермаш. Маруся, аказваецца, па-беларуску кермаш — гэта калі нешта прадаюць. А па-нашаму, кермаш — гэта прастольнае сьвята”.



(Карэспандэнт: ) “А вы сёньня якіх гасьцей чакаеце?”

(Маруся: ) “У мяне нікога няма. Ніхто не ідзе. Бог зь ім, клопат невялікі. Я вырашыла сама прыйсьці, можа дзе прымуць. Самае галоўнае, каб...”

(Акуліна: ) “Гарэлка была!”

(Карэспандэнт: ) “Выпіць хочацца?”

(Маруся: ) “Так! А чаго ж я сюды прыйшла? Ежы ў мяне самой хапае. А вось выпіць трэба!”

Луткі, як і ўсе астатнія вёскі Столінскага раёну Берасьцейшчыны, жывуць з агуркоў. Парнікі тут ставяць ледзь не на палову агароду. Ураджай здаюць перакупнікам, а атрыманыя грошы спрабуюць расьцягнуць да наступнага сэзону.



Меркаваць пра тое, хто жыве ў той ці іншай сядзібе, можна паводле выгляду палеткаў. Калі каркасы парнікоў цягнуцца некалькі дзясяткаў мэтраў — значыць, гаспадары руплівыя і спраўна трымаюць гаспадарку, парнікі крыху меншыя — тут жывуць пэнсіянэры, якія засейваюць плянтацыі з апошніх сілаў, каб толькі здабыць надбаўку да пэнсіі. Дом спадарыні Сьвятланы я выбраў не паводле агароду. У халоднае надвор’е сенцы хаты былі расчыненыя, і двор поўніўся водарам смажанага мяса. 30-гадовая беспрацоўная рыхтуецца да сьвята ад самай раніцы.

(Сьвятлана: ) “А што гэта за кермаш, калі па 50 грамаў ня выпіць?!”

(Карэспандэнт: ) “Я на працы!”

(Сьвятлана: ) “У такі дзень усім па 50 грамаў можна!”

(Карэспандэнт: ) “Неяк ранавата, толькі дзявятая раніцы. Пазьней вырашым праблемы з чаркай. Як да кермашу рыхтуецеся?”

(Сьвятлана: ) “Я закускі розныя згатую. Куранятка ў паніроўцы, а пасьля яшчэ будуць катлеткі. А ўвечары разам зь дзеўкамі пайду ў клюб на танцы”.

(Карэспандэнт: ) “Бачыце, так са мной загаварыліся, што нешта падгарае”.

(Сьвятлана: ) “Папаліла!”

(Карэспандэнт: ) “А вы ведаеце, якія песьні на кермаш сьпяваюць?”

(Сьвятлана: ) “Цяпер нічога не сьпяваюць. Калі выйдзеш на вуліцы ды засьпяваеш, скажуць, што ты п’яны. Аднойчы мы зь дзеўкамі селі на лаўцы і пачалі “Цячэ вада ў ярок”, “Конь бяжыць”. Сьпявалі для сябе. Што вы, думаеце, па сяле сказалі? Што мы напіліся, бы тыя сьвіньні!”



(Карэспандэнт: ) “А як моладзі ў вёсцы жывецца?”

(Сьвятлана: ) “Моладзь уся п’е, бо ім тут няма чым заняцца. Колькі ў нас тут ёсьць моладзі, наш калгас ня ў стане забясьпечыць працай. Ды тут няма за каго ісьці, бо за выпівоху ніхто ісьці ня хоча. Я адна жыву з двума дзецьмі, але ў шлюб не імкнуся. Маладыя ня хочуць нараджаць дзяцей. Нарадзі дзіцё і чухай патыліцу, як табе яго пракарміць. Калі ты нідзе ня робіш, табе нават дзіцячай дапамогі ня плацяць. Дзе тут на дэкрэт заробіш? Тут сумна і няма ніякай разнастайнасьці. Люблю чытаць і магу пайсьці ў бібліятэку. Я люблю філязофію. Люблю Ніцшэ. У нашай вясковай бібліятэцы яго няма, і я папрасіла, каб прывезьлі з давід-гарадоцкай”.

(Карэспандэнт: ) “Рэдка ў якой палескай вёсцы знойдзеш чалавека, які цікавіцца філязофіяй”.

(Сьвятлана: ) “Калі чалавек хоча самаадукоўвацца, яму нічога не перашкодзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці адчуваецца клопат сельсавету пра людзей?”

(Сьвятлана: ) “За сялом ёсьць такая паркавая зона. Пасадзілі там хвойнік. Нібыта гэта лёгкія для нас. Там усё засьмецілі. Якія там страшэнныя сьметнікі: бутэлькі, папера, стужка! Сорамна па вёсцы ісьці. Каб я была старшынёй, у мяне такога б не было”.

(Карэспандэнт: ) “У вас у вёсцы ёсьць стараста, які сочыць за парадкам”.

(Сьвятлана: ) “Я ня ведаю, хто ў нас стараста. Я яго ніколі ня бачыла. Мы гаворым, што нашую Беларусь трэба зрабіць турыстычнай. Але спачатку зь вёсак трэба прыбраць памыйкі!”



Скіроўваюся да старасты Івана Клімовіча. Месца знаходжаньня ягонай сядзібы мне патлумачылі вельмі блытана, і я памыляюся хатай. Дзьверы адчыняе спадарыня год трыццаці. Яна прыехала да бацькоў на кермаш са Століна, мае вольную хвіліну і прапануе паказаць, дзе жыве стараста. Ідучы па неасфальтаванай дарозе, размаўляем.

(Тацяна: ) “Тэлефонаў не праводзяць. Нумароў няма, а шмат людзей запісана. Вось і сядзім без тэлефона”.

(Карэспандэнт: ) “Вы жывяце асобна ад бацькоў. А раптам нешта здарыцца...”

(Тацяна: ) “Да суседзяў звонім. А раней на ўсю вёску толькі тры тэлефоны было”.

(Тацяна: ) “Вось тут жыве Клімовіч. Тут ёсьць маладая дзеўка, а вы нежанаты”.

(Карэспандэнт: ) “Вы думаеце, яна мяне скрадзе?”

(Тацяна: ) “Вы яе скрадзеце!”

(Карэспандэнт: ) “А вы будзеце сачыць, ці не скраду я яе?”

(Тацяна: ) “Так!”

(Карэспандэнт: ) “Як удала хатай памыліўся. Хто б яшчэ распавёў столькі пра жыцьцё Лутак, як ня вы!”

Разам з Тацянай мы заходзім у хату. Нас сустракае гаспадыня, жонка Івана Клімовіча.

(Тацяна: ) “Добры дзень! Я вам карэспандэнта прывяла! Ён да старасты”.

(Спадарыня: ) “Няма яго. Толькі ўвечары будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ня бойцеся, я да вас не на кермаш, а па справах”.

(Спадарыня: ) “А які ён стараста? Ён ужо ня робіць старастам!”

(Карэспандэнт: ) “А хто замест яго?”

(Спадарыня: ) “Нікога няма. Ён лічыцца старастам, але працаваць ён ня хоча. Зь людзьмі трэба сварыцца. Трэба загадваць, каб яны сьмецьце прыбіралі. А ёсьць такія, хто прыбіраць ня хоча. Ён кажа: “А навошта мне зь людзьмі сварыцца?”

(Карэспандэнт: ) “Як сьвяткуеце?”

(Спадарыня: ) “А цяпер сьвята кожны дзень! Штодня людзі п’яныя. Цяпер усе п’юць. Ня п’юць толькі хворыя. Слухайце, я вас пачастую...”

(Карэспандэнт: ) “Чым?”

(Спадарыня: ) “Чым-небудзь...”

(Карэспандэнт: ) “Не, дзякуй, пойдзем, бо трэба працаваць”.

(Спадарыня: ) “А ў мяне зусім слабенькая...”

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй, але наступным разам”.

Самай галоўнай афіцыйнай асобай у Лутках называюць загадчыка Дому культуры Сьцяпана Ляська. Я праходзіў паўзь вясковы клюб і пабачыў рукою намаляваны плякат, які паведамляў, што на кермаш у вёсцы адбудзецца дыскатэка. Са спадаром Ляськом мы абмяркоўваем культурніцкае жыцьцё Лутак.

(Лясько: ) “У мяне ў панядзелак выходны, але паколькі сёньня сьвята, клюб будзе працаваць. Увечары будзе дыскатэка. Моладзь будзе доўга гуляць. Асобнай праграмы ў нас няма. Бывае, што ў нас ладзяцца сьвяты вёсак. Гэта ня кожны раз, бо нашая культура бедная і на гэта няма фінансаў, але калі плянуецца сьвята вёскі ў маштабах раёну, дапамога аказваецца”.

(Карэспандэнт: ) “Калі казаць пра сучаснае жыцьцё вёскі, як бы вы яго апісалі?”

(Лясько: ) “Нашая вёска вымірае. Будуюць дамкі ў іншых вёсках. Маладыя людзі жэняцца, ім даюць жытло ў суседніх вёсках. За два месяцы ў нас было чатыры вясельлі, і ўсе маладыя пары выехалі зь вёскі”.

Сваю вандроўку па сьвяточных Лутах я завяршаю ў хаце бабы Ніны. На кермаш да яе зьехаліся дочкі, зяці і ўнукі. За сталом яны ўжо пасядзелі і цяпер рыхтуюцца на вечаровых танцаў. Сама спадарыня Ніна ў клюб ня пойдзе.

(Ніна: ) “У нас было штосыботу і нядзелю танцы і гулянка. А цяпер такога няма. Цяпер моладзі амаль няма. Яны школу сканчваюць і едуць у горад”.

(Карэспандэнт: ) “Не вяртаюцца?”

(Ніна: ) “Не, дзевак зусім няма, адны хлопцы”.

(Карэспандэнт: ) “Гаспадарку трымаеце?”

(Ніна: ) “Трымаем карову, сьвіньні, куры, індыкі — усё трымаем. У нас усе так трымаюць, ды толькі маладыя ня хочуць трымаць кароваў”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму?”

(Ніна: ) “Таму што клопату шмат. Маладыя да гэта ня так прывучаныя. Яны культурныя людзі, да гэтага ня цягнуцца. Бацька і маці ёсьць, малака занясуць”.



Ад будзённасьці спадарыня Ніна вяртаецца да сьвяточнай тэмы:

(Ніна: ) “Вы з намі сядайце за стол. У нас ня так гатуюць, як у горадзе”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце за вашае сьвята і за вашую вёску, каб усё было добра. За вас!”

Пасьля некалькі чарак гаспадыня пачынае сьпяваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG