Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Царква “Новае жыцьцё” далучаецца да акцыяў беларускай салідарнасьці


Альгерд Невяроўскі, Менск 16-га дня кожнага месяца вернікі гэтай поўнаэвангельскай царквы будуць праводзіць малітоўныя служэньні на знак салідарнасьці з палітзьняволенымі, зьніклымі апазыцыянэрамі і іх сем’ямі, незалежнымі журналістамі. Кіраўнікі царквы “Новае жыцьцё”, якая зазнала моцны ціск з боку дзяржавы, гавораць, што ўлады сьвядома штурхаюць іх да палітычнай дзейнасьці.

Кіраўнікі царквы “Новае жыцьцё”, якая месьціцца ў будынку былога кароўніка ў вёсцы Сухарава на ўскрайку Менску, сёньня абвясьцілі аб сваіх палітычных ініцыятывах. У прыватнасьці, пачынаючы з 16 сьнежня кожны месяц яны будуць ладзіць набажэнства ў памяць зьніклых апазыцыянэраў, а таксама на знак салідарнасьці зь іх сем’ямі, палітзьняволенымі, незалежнымі журналістамі і ўсімі тымі, хто церпіць за праўду. У звароце царквы, у прыватнасьці, гаворыцца: “Для царквы ня мае значэньня, якіх палітычных поглядаў трымаецца чалавек. Калі ён церпіць, мы існуем для такіх людзей!” Прычыны такога свайго кроку тлумачыць пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка:

(Ганчарэнка: ) “Ёсьць сур’ёзныя падазрэньні, што дзейная ўлада далучае нас да той катэгорыі людзей, якія сёньня ёсьць іншадумцамі. Мы са свайго боку адчулі на сабе цярпеньне, боль, усе гэтыя суды, ціск — гэта тое, што для чалавека ня ёсьць натуральным. Таму мы лічым, што царква павінна ўдзельнічаць і павінна маліцца. Урэшце, гэтыя путы, гэтае ярмо, гэты ўціск мусіць распасца, рассыпацца. І каб многія людзі, ня толькі вернікі, якія адчуваюць сёньня ціск, атрымалі свабоду, атрымалі сваё права жыць так, як дыктуе ім сумленьне”.

Япіскап аб’яднаньня Цэркваў поўнага Эвангельля Аляксандар Саковіч сказаў, што ўлада сьвядома выштурхоўвае вернікаў-пратэстантаў на шлях палітычнай дзейнасьці, прыняўшы рэпрэсіўны закон “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях”, спрабуючы забраць у царквы “Новае жыцьцё” яе будынак, перасьледуючы яе кіраўнікоў і г.д.

А вось што сказала на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прадстаўніца грамадзянскай ініцыятывы “За свабоднае веравызнаньне” Валянціна Трыгубовіч:

(Трыгубовіч: ) “Вы не хацелі займацца палітыкай. Вы хацелі жыць сваім прыватным жыцьцём, сваёй сям’ёй, клапаціцца пра дзяцей, пра сваю справу, пра свой бізнэс. Але ў нашай краіне гэта яшчэ зарана, яшчэ няма для гэтага ўмоваў. Рэлігійныя арганізацыі трапілі пад тую самую “зачыстку”, пад якую крыху раней трапілі грамадзкія арганізацыі дэмакратычнай скіраванасьці, палітычныя партыі, незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Мы павінны свае каштоўнасьці адстаяць. Мы павінны зрабіць свае каштоўнасьці дамінуючымі ў грамадзтве”.

Пастар Вячаслаў Ганчарэнка нагадаў, што гэты тыдзень абвешчаны многімі пратэстанцкімі цэрквамі тыднем паста і малітваў за хрысьціянаў ва ўсім сьвеце, якія зазналі рэпрэсіі і перасьлед з боку ўладаў. У многіх цэрквах ва ўсім сьвеце моляцца і за Беларусь.
XS
SM
MD
LG