Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд здаволіў пазоў “Народнай Волі” да друкарні “Чырвоная зорка”


Ганна Соусь, Менск Гаспадарчы суд Менску запатрабаваў, каб было адноўленае выданьне газэты на гэтым паліграфічным прадпрыемстве. Сёньня ж Гаспадарчы суд не задаволіў пазоваў “Народнай Волі”да “Белсаюздруку” і “Менгарсаюздруку” на аднаўленьне дамоваў на распаўсюд выданьня.

Рашэньне судзьдзі Менскага гаспадарчага суду Нэлі Арлоўскай — забавязаць друкарню “Чырвоная зорка” аднавіць друкаваньне “Народнай Волі” — прысутныя на судовым працэсе сустрэлі воплескамі. Суд прызнаў неістотнымі падставы для скасаваньня дамовы. Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч гэтак пракамэнтаваў рэшэньне суду:

(Сярэдзіч: ) “Я іншага і не чакаў. Тут нават і не было за што зачапіцца. Калі б суд прыняў іншае рашэньне, то для нас гэта было б адназначна, што ў нашай краіне судоў няма наагул. А так, дзякуй Богу, справядлівасьць аднавілася”.

Іосіф Сярэдзіч пазьней паведаміў, што ўжо сёньня ён пералічыў 2 мільёны рублёў на рахунак друкарні, каб як мага хутчэй аднавіць друкаваньне газэты.

Прадстаўнік “Народнай Волі” ў судзе намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла назваў рашэньне суду законным і абгрунтаваным.

(Паганяйла: ) “У Беларусі яшчэ захавалася незалежнае правасудзьдзе. Ёсьць яшчэ прафэсійныя, а галоўнае, па-грамадзянску мужныя судзьдзі, які кіруюцца найперш законам і сваім прафэсійным сумленьнем”.

Сёньня ж Гаспадарчы суд Менску не задаволіў пазову “Народнай Волі” да прадпрыемства “Белсаюздрук”. Падчас судовага працэсу старшыня гэтага прадпрыемства былы міністар інфармацыі Міхаіл Падгайны спасылаўся на тое, што дамова была датэрмінова скасаваная ў аднабаковым парадку на падставе дадатковага пагадненьня, якое нібыта было заключана з “Народнай Воляй” сёлета ў студзені. У адпаведнасьці зь ім “Белсаюздрук” мае права скасаваць дамову ў аднабаковым парадку без папярэдняга папярэджаньня, калі газэта парушае Закон аб сродках масавай інфармацыі. Міхаіл Падгайны згадаў тры сёлетнія папярэджаньні Міністэрства інфармацыі на адрас “Народнай Волі”. Аднак даць арыгінал дадатковага пагадненьня, які падпісалі б абодва бакі, Міхаіл Падгайны ня здолеў. Паводле яго, яно згубілася. Старшыня “Белсаюздруку” заявіў Радыё Свабода, што быў гатовы да любога рашэньня суду.

(Падгайны: ) “Я ня бачу тут нават прадмету апэляцыі да нас, таму што мы не зьяўляемся, па-першае, манапалістам. Па-другое, мы займаемся экспэдыцыяй для абласных прадпрыемстваў. Калі сёньня тавар яны ў нас не замаўляюць, і мы ня хочам яго заказваць, то хто нас можа забавязаць? Калі пратухлая рыба, то колькі яе ні прапануй краме, браць яе на рэалізацыю ня будуць. Мы гандлёвае прадпрыемства, мы павінны браць якасны тавар”.

Патрабаваньні “Народнай Волі” аднавіць распаўсюд газэты ў сталіцы праз сыстэму прадпрыемства “Менгарсаюздрук” Гаспадарчы суд Менску таксама не задаволіў. Іосіф Сярэдзіч заявіў Радыё Свабода, што будзе абскарджваць гэтыя рашэнэньні ў судах вышэйшай інстанцыі.

Судовае паседжаньне ў справе зь “Менаблсаюздрукам” перанесенае на панядзелак, 21 лістапада, у сувязі з хваробай прадстаўніка адказьніка.

На судовых працэсах сёньня прысутнічалі кандыдат ад аб’яднай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч, кіраўнік руху “Воля народу” былы рэктар БДУ Аляксандар Казулін і прадстаўніца АБСЭ. Гэтаксама, каб падтрымаць газэту, у суд прыехалі каля дзесяці актывістаў сацыял-дэмакратычнага руху з Бабруйску і студэнты менскіх унівэрсытэтаў.

Прадпрыемствы “Белсаюздрук”, “Менаблсаюздрук”, “Менгарсаюздрук” і друкарня “Чырвоная зорка” ў аднабаковым парадку скасавалі з 1 кастрычніка дамовы на друкаваньне і распаўсюд “Народнай Волі”. Пасьля чаго газэта была вымушаная друкавацца за мяжой, у Расеі, і распаўсюджвацца праз падпіску і бясплатную раздачу. На мінулым тыдні прадпрыемства “Белпошта” не ўключыла “Народную Волю” ў падпісны каталёг на першае паўгодзьдзе 2006 году. Незалежнае выданьне зьвярнулася ў суд з пазовам, патрабуючы ад “Белпошты” ўключэньня ў каталёг. Дата судовага паседжаньня ў гэтай справе яшчэ не прызначаная.
XS
SM
MD
LG