Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Буко: канфлікт між уладамі і царквой “Новае жыцьцё” – непаразуменьне


Галіна Абакунчык, Менск Канфлікт паміж Менгарвыканкамам і вернікамі царквы “Новае жыцьцё” кіраўнік Дзяржаўнага камітэту ў пытаньнях рэлігіяў і нацыянальных меншасьцяў Станіслаў Буко называе непаразуменьнем. Паводле яго, улады гатовыя прапанаваць вернікам новы зямельны ўчастак для будаўніцтва альбо новае памяшканьне, паколькі ў цяперашнім ім заставацца будзе забаронена.

Станіслаў Буко выказвае падтрымку дзеяньням Менгарвыканкаму, які спрабуе пазбавіць царкву “Новае жыцьцё” набытага ва ўласнасьць памяшканьня. Падставай для такіх дзеяньняў ёсьць нібыта той факт, што гэты будынак зьяўляецца былым кароўнікам і набажэнствы там праводзіцца ня могуць. Паводле спадара Буко, царква ўсё роўна ня будзе месьціцца ў згаданым памяшканьні, не зважаючы на тое, што днямі кіраўніцтва “Новага жыцьця” атрымала тэхнічны пашпарт на валоданьне. Вось што пра гэта ён сказаў у інтэрвію “Свабодзе”:

(Буко: ) “Імі быў набыты будынак кароўніка і зямельны ўчастак для абслугоўваньня гэтага кароўніка безь перапрафіляваньня. І ў тэхнічным пашпарце напісана, што гэта кароўнік. Але ідзе нейкае незразумелае змаганьне — з уладамі ці што? У іх амбіцыі захлістваюць, яны не прапаноўваюць нічога канструктыўнага. Не зважаючы на гэта, сёньня грамада ня зьнятая з рэгістрацыі. І я думаю, што цяпер трэба прыйсьці ў гарвыканкам, але пачаць з нашага аддзелу ў пытаньнях рэлігіяў, правесьці канструктыўную гаворку, каб вырашыць, як ім быць далей і як вырашыць іхнае пытаньне. Ці ім будзе выдзеленае нейкае асобнае памяшканьне, ці, можа, ім папрасіць зямельны ўчастак. Але, зразумела, ня гэты, бо гэты — ужо ўсё. Гэта значыць, што пытаньне вырашаць у звыклым парадку, як гэта робяць іншыя арганізацыі. Яны ж не зьвярталіся нават з гэтым пытаньнем”.
XS
SM
MD
LG