Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

35 дзён галадае за кратамі Мікалай Аўтуховіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня У турме галадоўніка наведалі тры мэдыкі з мэтай правесьці псыхіятрычную экспэртызу, але ён адмовіўся адказваць на іхнія пытаньні. Тым часам турэмнае начальства не рэагуе на просьбы шпіталізаваць арыштаванага з увагі на ягонае здароўе.

Сёньня ў Мікалая Аўтуховіча ў турме былі адвакаты Надзея Станкевіч і Галіна Іванова. Адвакат Станкевіч сказала мне, што адказу на сваё хадайніцтва зьмясьціць Аўтуховіча ў шпіталь і аказаць яму неадкладную мэдычную дапамогу яна не атрымала ад панядзелка да цяперашняга часу. У яе стварылася ўражаньне, што турэмнае начальства чакае, пакуль ён сам ня скончыць галадаць. Аднак адвакаты лічаць, што выйсьці безбалесна з такой працяглай галадоўкі самастойна немагчыма.

Стан Мікалая Аўтуховіча вельмі непакоіць яго ваўкавыскіх калегаў, якія галадаюць у ягоную падтрымку. Я размаўляў сёньня з трыма зь іх. Гаворыць Юры Лявонаў, дырэктар прадпрыемства “Ніка-транс”:

(Лявонаў:) “Мая галадоўка выкліканая нялюдзкімі адносінамі да чалавека ў нашай дзяржаве. Павінны быць нейкія разумныя межы аказаньня ціску на грамадзяніна, асобу. Мне незразумелая сама сутнасьць узяцьця пад варту Аўтуховіча”.

Галадае таксама сябра Аўтуховіча Уладзімір Асіпенка.

(Асіпенка:) “Я пісаў ужо ў сваёй заяве, што пачаў галадоўку толькі таму, што заклапочаны станам яго здароўя. Я ведаю характар гэтага чалавека, ведаю на сто адсоткаў, што ён галадоўку ня спыніць.Таму баюся за ягонае здароўе і ведаю, што ўсё можа скончыцца трагічна”.

Сярод ваўкавыскіх галадоўнікаў і Людміла Парэмбская, яна сказала мне, што на чацьверты дзень галадоўкі ў яе кружыцца галава і праблемы зь ціскам. Яна прывозіла перадачы Аўтуховічу і сказала мне, што яму не аддаюць ваўкавыскую “Местную газету”, якая піша пра яго.

Сьледчы Мікалай Аліхвер пастанавіў правесьці псыхіятрычную экспэртызу Мікалая Аўтуховіча. З гэтай мэтай яго наведалі ў турме тры спэцыялісты, але ён адмовіўся адказваць на іхныя пытаньні без свайго адваката. Праўда, яны прапанавалі тады проста паразмаўляць аб праблемах прадпрымальніка. Зважаючы на гэта, адвакат Іванова мяркуе, што экспэрты або напішуць што ён адмовіўся ад правядзеньня экспэртызы, альбо могуць скласьці заключэньне, грунтуючыся на гутарцы зь ім.

Мікалай Аўтуховіч расказаў адвакатам, што яму зрабілі аналізы і зьмерылі тэмпэратуру, сказаўшы, што стан здароўя ў яго больш-менш нармальны. У вязьня склалася ўражаньне, што турэмнае начальства сумняецца ў тым, ці ён па-сапраўднаму галадае. Хаця ён адмовіўся ад ежы, п’е толькі ваду і сядзіць не адзін: у камэры памерам два з паловай мэтры на тры разам зь ім чатыры чалавекі.
XS
SM
MD
LG