Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскіх “зуброў” затрымалі напярэдадні візыту Лукашэнкі


Аляксандр Сердзюкоў, Магілёў Напярэдадні візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёў міліцыянты затрымалі актывістаў маладзёвага руху "Зубр" Андрэя Палуду, Яўгена Суворава і Валадара Цурпанава. Першых двух абвінавачваюць у хуліганстве, а Валадар Цурпанаў праходзіць па крымінальнай справе як сьведка.

Андрэя Палуду і Яўгена Суворава затрымалі ўчора ўвечары ў Дзень салідарнасьці з палітзьняволенымі. Адзін зь лідэраў магілёўскіх зуброўцаў Андрэй Палуда разам з аднадумцамі на ўласным "Фордзе" вяртаўся дахаты ў Бялынічы, а пры выезьдзе з Магілёва яго спыніў супрацоўнік аўтаінспэкцыі. Маладыя людзі сьцьвярджаюць, што інспэктар спыніў аўтамабіль, калі заўважыў на ягоным заднім шкле налепку "Пагоні". Двух зь пяці зуброўцаў абвінавацілі ў тым, што нібыта яны абражалі міліцыянтаў, адмовіліся выконваць іхныя патрабаваньні. Андрэя Палуду і Яўгена Суворава павезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Трое вызваленых зуброўцаў сьцьвярджаюць, што іхныя лідэры вялі сябе досыць прыстойна, узгадваюць, што яны распаўсюджвалі газэты "16" з заклікам "запаліць агеньчык свабоды 16 лістапада". Нагадаю, што тыдзень таму радыё "Свабода" паведамляла, як падчас распаўсюджваньня гэтых газэт былі затрыманыя некалькі магілёўцаў, у тым ліку і Яўген Сувораў. Міліцыянты спасылаліся на тое, што яны нібыта падобныя да злаўмыснікаў, а потым іх вызвалілі.

Сёньня раніцай, 17 лістапада, па дарозе на працу быў затрыманы каардынатар Магілёўскай маладзёвай ініцыятывы Валадар Цурпанаў. Міліцыянты сьцьвярджаюць, што невядомыя злаўмысьнікі абрабавалі шапік насупраць ягонага дома. Пасьля допыту і афармленьня пратаколу яго таксама вызвалілі.

Андрэя Палуду і Яўгена Суворава ўтрымліваюць у аддзяленьні міліцыі. Дзяжурны Ленінскага райаддзелу міліцыі адмовіўся камэнтаваць сытуацыю і наагул даваць хоць нейкую інфармацыю. Старшыня абласной філіі БНФ Рыгор Костусеў тлумачыць гэтыя дзеяньні міліцыі "візытам спадара Лукашэнкі".
XS
SM
MD
LG