Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца прыўладны саюз пісьменьнікаў (абноўлены)


Валянціна Аксак, Менск На 18 лістапада ў Менску прызначаны ўстаноўчы зьезд новае пісьменьніцкае арганізацыі, сябрамі якое стануць літаратары, якія ляяльныя да цяперашняе ўлады. Арганізуюць зьезд дзяржаўныя структуры; яўку ўдзельнікаў забясьпечваюць ідэалягічныя аддзелы абласных і менскага гарадзкога выканкамаў. Нікога зь вядомых беларускіх пісьменьнікаў на гэты зьезд не запрашалі.

Абласныя аддзяленьні Саюзу пісьменьнікаў на заўтрашні сход запрашэньняў не атрымалі. Дэлегатаў фармуюць у ідэалягічных упраўленьнях абласное вэртыкалі. Вось што нам сказаў старшыня Віцебскага абласнога аддзяленьня Саюзу пісьменьнікаў Франц Сіўко:

(Сіўко: ) “Я ведаю, што ідзе аўтобус 18-га туды. Яны зьбіраюць народ так: частку вэрбуюць з нашай арганізацыі, але гэта невялікая колькасьць, і аматарскія клюбы. Вось на каго яны робяць стаўку”.

Старшыня Гомельскае абласное пісьменьніцкае арганізацыі Васіль Ткачоў сказаў, што ніхто зь іхных сяброў на гэты сход ехаць не згадзіўся. Самому спадару Ткачову ніякіх запрашэньняў не паступала. Склад тых, хто будзе прадстаўляць на сходзе Гомельшчыну, ён ахарактарызаваў так:

(Ткачоў: ) “Што за пісьменьнікі туды едуць, то я ў тым саюзе і побач зь імі і быць бы не хацеў. Бо я ведаю, якія яны пісьменьнікі. Я зь імі сустракаўся, я чытаў амаль кожнага і скажу, што гэта ў асноўным графаманы…”

Не запрасілі на заўтрашні сход і старшыню Саюзу пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча. Але ён мае намер прыйсьці туды, хоць ня ўпэўнены, што яму гэта будзе дазволена.

(Пашкевіч: ) “Калі мне будзе дазволена і калі мяне прапусьцяць, то я хацеў бы там папрысутнічаць хоць як госьць. На гэты ўстаноўчы сход і намесьнікі мае таксама зьбіраюцца прыйсьці. Словам, увесь сакратарыят плянуе прыйсьці паслухаць, паглядзець”.

Ініцыятарам і каардынатарам падрыхтоўкі да заўтрашняга сходу зьяўляецца дэпутат Савету Рэспублікі, прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам, і сябра дзейнага Саюзу пісьменьнікаў Мікалай Чаргінец. Пачуць ягонае меркаваньне пра мэты і задачы новае арганізацыі нам не ўдалося — тэлефоны спадара Чаргінца не адказвалі. А вось што сказаў нам пра мэтазгоднасьць яшчэ аднаго пісьменьніцкага саюзу аўтар цяперашняга дзяржаўнага гімну паэт Уладзімер Карызна:

(Карызна: ) “Саюзу цяпер няма, унёскаў ня плацім… Так што старога саюзу няма, а пісьменьнікі ёсьць харошыя, добрыя пісьменьнікі ёсьць. Трэба, каб саюз, так што я — за саюз. Пакуль што няма, нічога няма”.

Як нам стала вядома зь неафіцыйных крыніцаў, у статут новае арганізацыі плянуюць запісаць у якасьці мэты падтрымку і прапаганду мастацкімі сродкамі палітыкі ўлады. Дарэчы, гэтая ж місія ўскладалася на пісьменьніцкі холдынг, які быў ствараны тры гады таму. Тады ж пры ім была афіцыйна арганізаваная менская гарадзкая пісьменьніцкая арганізацыя. Але цяпер у аргкамітэт новага саюзу кіраўнікоў холдынгу не ўключылі. Новае ўтварэньне, лічыць старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Ўладзімер Някляеў, чакае той жа вынік.

(Някляеў: ) “Некаму там, можа, дадуць нейкі мэдаль, ну можа капейчыну якую адшчыкнуць. Ну але гэта ўсё драбяза. Людзі выконваюць заданьні. Што гэта — акт творчы? Дзеля чаго ў творчых адносінах патрэбны гэты саюз? Гэта чыста ідэалягічная і палітычная штуковіна”.
XS
SM
MD
LG