Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінулае беларускай мэтралёгіі


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Ірына Колабава.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Карыстаючыся мэтрычнай сыстэмай вымярэньня, мы нават не задумваемся, што праблема вымярэньня мае сваю доўгую гісторыю. І першыя адзінкі вымярэньня ўзьніклі ў глыбокай старажытнасьці — тады, калі чалавек адчуў патрэбу ў іх пры падзеле зямлі, пабудове жытла, пашыве адзеньня, абутку, абмене прадуктамi, разьвіцьці гандлю. Натуральна, што пры вымярэньні ў той час выкарыстоўвалі прымiтыўныя прыёмы і прылады, і таму яны былі вельмі прыблiзныя. Відавочна, каб нешта вымяраць, чалавеку трэба было мець дзеля параўнаньня нейкі ўзор — эталён. Як вырашалася гэтая праблема ў старадаўні час?”

(Ірына Колабава: ) “Так, пытаньне на самай справе было вельмі значнае. Вядома, што ў прыродзе няма двух зусім аднолькавых стварэньняў — адрозьніваюцца паміж сабой людзі, жывёлы, кветкі, зерні. Таму выкарыстоўваць нейкі прыродны аб’ект як узор дзеля дакладнага вымярэньня немагчыма. Да вырашэньня ж праблемы з дапамогай абстрактнага эталёну чалавецтва сасьпявала паступова. Бліжэй за ўсё да чалавека было ягонае цела, вось яно і стала ўзорам дзеля вымярэньня. Аналягічны падыход адзначаецца ва ўсіх народаў сьвету — вызначыўшы прыкладныя суадносіны паміж часткамі свайго цела, чалавек спрытна выкарыстоўваў іх у сваіх вымярэньнях”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі, што працяглы час і на вялікіх абшарах плянэты людзі ў вымярэньнях зыходзілі з памераў і суадносінаў частак цела? Няўжо нават існавала сыстэма адзінак вымярэньня?”

(Колабава: ) “Так, такая сыстэма існавала. Вядома, напрыклад, што поўны размах рук прыкладна роўны росту, поўны крок складае палову росту; локаць — 1/4 росту; ступак — 1/6 росту; адлегласьць памiж канцамi вялiкага i малога пальцаў рукi ў найбольшай аддаленасьцi — 1/9 росту; шырыня далонi — 1/3 ступака, і гэтак далей”.

(Ракіцкі: ) “Якія часткі цела найперш выкарыстоўваліся як адзінка вымярэньня?”

(Колабава: ) “Галава, рукі, ногі. Напрыклад, дзеля розных вымярэньняў магла выкарыстоўвацца акружнасьць галавы (праз лоб, патылiцу цi празь цемя, шчокi, падбародзьдзе). Рука дала такія адзінкі, як вяршок (верхняя частка пальца), цаля (палец), далонь (чатыры пальцы), локаць (поўны, няпоўны, вялікі). Размах рук даваў такую адзінку, як сажань (старажытнабеларускі варыянт “сягань”) — адлегласьць памiж канцамi пальцаў раскiнутых рук, цi касая сажань — ад канца паднятай рукi да канца вялiкага пальца супрацьлеглай нагi па дыяганалi. Пядзя, ці пянтуха — гэта адлегласьць ад канца вялiкага пальца да канца ўказальнага пальца. Даўжыня стапы дала такую папулярную адзінку, як стапа ці фут. З натуральнымi рухамi чалавека зьвязаны крок — адлегласьць памiж наскамi цi пяткамi (пры хадзьбе). Для нязначных велічыняў выкарыстоўвалася параўнаньне з чалавечым ці конскім воласам”.

(Ракіцкі: ) “Мне здаецца, што мы і цяпер часам карыстаемся гэтымі вельмі старажытнымі адзінкамі і спосабамі вымярэньня. Напрыклад, калі, прыкладаючы пальцы, вымяраем таўшчыню сала ці вяршкоў у малака, вызначаем глыбіню вады ў рацэ — “па калена”, “па пояс”, “па горла”, “з галавой”, крокамі мераем невялікую адлегласьць. Калі згадваем казачных герояў, дык параўноўваем іх таксама з часткамі цела. Вось жа — “малец з палец”… Усё на параўнаньнях?”

(Колабава: ) “Так, параўнаньне — найстаражытнейшы спосаб вымярэньня. У прымаўках i прыказках захаваліся такія выказваньні, як “на вераб’iны скок”, “на курыную лапу”, велiчынёй “з палец”, “з пазногаць”, “руку працягнуць”, “рукой падаць”. Так далёка, “як да паповай глушы”, “як да Дзьмiтрыевай палянкі”, “як палку закiнуць”. Распаўсюджаным спосабам было вызначэньне адлегласьці параўнаньнем пройдзенага шляху і працягласьці дня i ночы. Нават і цяпер мы вымяраем адлегласьць часам, праведзеным у дарозе (напрыклад, калі гаворым, што ехалі некуды два дні)”.

(Ракіцкі: ) “Людзі вызначалі прастору i адлегласьць на вока i слых?”

(Колабава: ) “Як меру маглі выкарыстоўваць адлегласьць, на якой можна пачуць крык чалавека, жывёлаў, тупат каня… На Палесьсі існавала такая адзінка, як “клiкавiшча” — гэта адлегласьць, на якую чуваць чалавечы голас. Напрыклад, роў вала чуваць прыкладна на палову вярсты, брэх сабакi — на 2—3 вярсты. (А вярста — гэта адлегласьць ад 1 да 1,8 кілямэтра.) Існавалі меры адлегласьцi, што ўзьнiклі пры перасоўваньнi на запрэжаных жывёлах. Напрыклад, “вупражка” — адлегласьць, якую безь перадыху прабягае вупражка коней”.

(Ракіцкі: ) “А ці былі больш дакладныя адзінкі вымярэньня?”

(Колабава: ) “Так. Гэта тыя, што былі зьвязаныя з вытворчымі заняткамі людзей — земляробствам, рыбалоўствам, паляваньнем. Чалавек выкарыстоўваў дзеля вымярэньня памеры прыладаў працы — дзіды, вясла, лука, ручака касы, сякеры. Так вымяралі адлегласьць, прыкладам, паводле далечыні палёту палкi, каменя, стралы, кулі”.

(Ракіцкі: ) “А якімі прыладамі дзеля вымярэньня карысталіся ў даўні час нашы продкі?”

(Колабава: ) “Архіўныя дакумэнты даюць мажлівасьць адказаць на гэта пытаньне. Так, у гандлёвай дамове паміж Полацкам і Рыгай 1407 году адзначана, што трэба “соль узважваць на склавах той жа вагай, што воск важаць, тымi жа калакаламi… Сьпярша рыжанам паслаць свае калакалы i склаўны ў Полацак, калi ж сатруцца тыя калакалы цi зламаюцца цi загiнуць, то палачане повiнны паслацi у Рыгу на свае пенязi да вчынiцi тыя калакалы па старому ўзору”.

У грамаце на магдэбурскае права Полацку ад 1498 году чытаем, што “ў ратушы належыць мець бочку мерную i мяднiцу зь пячаткай гораду” — гэта былі свайго кшталту гарадзкiя мерныя эталёны.

А вось вытрымка са Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1566 году: “Аб мерах абы былi роўны. Указваем, каб у нашай сталiцы Вiльне i кожным горадзе нашай краiны так i у гарадах княскiх… у таргах збожжа ўсякае прадавацi, мера была аднолькава роўная, каб была бочка, у якой павiнна было быць чатыры карцы меры нашай дворнай, раўных бязь верху i трасеньня, але даверху насыпаных”.

(Ракіцкі: ) “Як выглядалі тыя вагі?”

(Колабава: ) “У сярэднявеччы выкарыстоўваліся ў асноўным два вiды вагаў — вагi зь дзьвюма шалямi, раўнаплечным каромыслам са стрэлкай i бязьмены зь неаднолькавымi плячыма каромысла, на кароткi падвешваўся груз, на доўгi — гiры-разнавагі. Маса вылiчвалася ў адпаведнасьцi з тым, на якой адлегласьцi ад восi вярчэньня гiра-супрацьвага ўраўнаважвала груз”.

(Ракіцкі: ) “А сыпучыя рэчывы і вадкасьці — чым мерылі іх?”

(Колабава: ) “Тут мернымі прыладамі служылі берасьцяныя цi драўляныя кошыкi, выдзяўбаныя каменныя ступы, мэталёвыя карыты, часам лiтыя зь медзi цi бронзы, упрыгожаныя ўзорамi”.

(Ракіцкі: ) “Яны мелі значэньне эталёну?”

(Колабава: ) “Так. Эталёны старанна захоўваліся як сьвятынi: у язычнiкаў — у капiшчах, у хрысьцiянаў у цэрквах, ратушах. Гарады абменьвалiся эталёнамi, на кiрмашах выстаўлялi ўзоры мерных прыладаў i вагаў, выпускалiся разнастайныя мэтралягiчныя даведнiкi. Старажытных эталёнаў практычна не захавалася, але падчас археалягічных раскопак знаходзяць гiркi-разнавагi, маштабныя лiнаркi, начыньні-эталёны, што мелі стандартныя памеры. Аўтэнтычныя прылады дзеля вымярэньня сёньня можна пабачыць у музэйных экспазыцыях”.

(Ракіцкі: ) “І вось давайце пагаворым пра гэтыя эталёны ў мінулым. Яны былі адзіныя для розных дзяржаваў, для адной дзяржавы ці нейкага рэгіёну?”

(Колабава: ) “Як і ва ўсім сьвеце, у Беларусі карціна была даволі стракатая, існавала шмат рэгіянальных адзінак вымярэньня — у Пiнску, Берасьці, Вiцебску. Лiчылi звычайна парамi, дзявяткамi, дзясяткамi, тузiнамi (12 штук), чортавымi тузiнамi (13 штук), копамi (60 штук), сотнямi, фаскамi (500 штук). Напрыклад, калі мы чытаем фразу “за трыдзевяць зямель”, то разумеем, што маем 27 зямель, адпаведна ў фразе “нажала жняя капу жыта” гаворка ідзе аб 60 снапах жыта. У сыстэме вызначэньня даўжыні і адлегласьці выкарыстоўваліся такія адзінкі, як лыка, шнур, прут, тапарышча, цаля, локаць, стапа, аршын, пядзя, сажань, вярста і іншыя”.

(Ракіцкі: ) “Гэтыя адзінкі захаваліся ў прымаўках і выказваньнях — “сям’я душ трыста i багата, да ўсяго два лакцi хата”, або: “сам з кокаць, а барада з локаць”.

(Колабава: ) “А пра маўклівага чалавека гаварылі — “нiбыта аршын праглынуў”, пра кемлівага — “бачыць на тры сажнi пад зямлёй”, пра сквапнага — “свайго ня ўпусьцiць нi на цалю”, пра мужных абаронцаў — “не аддалі нi пядзi зямлі”.

(Ракіцкі: ) “А чым мералі зямлю, колькасьць нейкага тавару, аб’ём?”

(Колабава: ) “Зямлю мералі моргамі (0,71 га), валокамі (21,36 га), часам дзесяцiнамі (1,09 га), а таксама лінейнымі адзінкамі ў квадраце. Асновай сыстэмы вызначэньня масы быў фунт (360—450 г), а далей пуд (40—50 фунтаў), кантар (100 фунтаў), пундзель (25 фунтаў), камень (34 фунты) і іншыя. Складанай была сыстэма мераў дзеля вызначэньня аб’ёму. Асноўныя меры тут былі — бочка вiленская (406,54 л), гарнец малы (шынковы) — 2,8237 л, гарнец вялiкi (цэхавы) — 5,6474 л, вядро — 11,2 л. Пры вызначэньні колькасьці часам карысталіся проста назвамі пэўных начыньняў — бочка, вядро, гляк, рэшата, саламянiк, мех, дзяжа, кадзь, коўш, пiпа (прадаўгаватая бочка для вiна, піва цi алею).

Вельмі цікавыя тэрміны выкарыстоўваліся пры вызначэньні колькасьці. Напрыклад, колькасьць у значэньні “зьвязка” давала такія тэрміны, як вязка — сена, саломы, дроваў, пянькі, абаранкаў. Папуша — зьвязка тытунёвага лісьця, пасма — зьвязка льна, сноп — зьвязанае сена, кiпа — зьвязка тканiны. Колькасьць у значэньні “нiзка” вызначалася тэрмінам вянок — цыбулі, часнаку, грыбоў, пляцёнка цыбулі. Колькасьць у значэньні “скрутак” дала тэрміны труба — для тканiны, і клуб, маток — для нiтак. Колькасьць у значэньні “цэлае” ўтварыла тэрміны туша. Сьцяг мяса — туша бяз ног i галавы, вепр — туша забiтага кабана, шрот — кавалак мяса. Колькасьць цукру вызначалася тэрмінам галава, а солi — гускай і пліткай. Колькасьць мэталу — крыцамі і шынамі (палосы жалеза). Мыла лічылі брускамі, вяршковы алей грудамі, воск — кружкамі, паперу — лiбрамі (25 аркушаў). Спэцыяльныя адзінкі вымярэньня існавалі ў аптэках”.

(Ракіцкі: ) “Калі пачалі ствараць афіцыйныя сыстэмы вымярэньня ў Вялікім Княстве Літоўскім?”

(Колабава: ) “Паколькі існавала значная колькасьць рэгiянальных вымяральных сыстэмаў, то дзяржаўная ўлада імкнулася да ўніфікацыі мэтралягічнай сыстэмы ў краіне. Гэтага патрабавала далейшае разьвіцьцё гандлю і эканамічных зносінаў зь іншымі краінамі. Афiцыйная сыстэма вымярэньня грунтавалася на ўмоўным пачатку, але па першым часе дзяржаўныя меры мелi прататыпамi менавіта меры народныя. Першыя спробы ўніфікацыі зьвязаныя з распаўсюджаньнем магдэбурскага права і адносяцца да канца 14 стагодзьдзя. У далейшым гэты працэс замацоўваецца ва “Уставе на валокi” 1557 году i у Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1566 году. І, нарэшце, у пастанове сэйму 1766 году для ўсяго Княства была зацьверджана афiцыйная сыстэма мераў i вагi”.

(Ракіцкі: ) “Якія новыя адзінкі прыйшлі на тэрыторыю Беларусі з канца 18 стагодзьдзя, пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай?”

(Колабава: ) “Пачаўся працэс прывядзеньня мясцовых адзінак вымярэньня ў адпаведнасьць з расейскiмi. Дарэчы, яны былі вельмі блізкія паводле тэрміналёгіі, але мелі некаторыя адрозьненьні ва ўнутраным напаўненьні. Тым ня менш, старыя народныя меры выкарыстоўваліся паралельна яшчэ на пачатку 20 стагодзьдзя. Даўжыня і адлегласьць у гэты час вымяралася цалямі, вяршкамі, футамі, аршынамі, сажнямі, вёрстамі, мілямі. Меры плошчы — адпаведна квадратнымі, а аб’ёмы — кубічнымі адзінкамі. Асноўнымі адзінкамі вымярэньня масы былі фунт і пуд. Аб’ёмы вадкасьцi вымяраліся бочкамі, вёдрамі, штофамі, чаркамі, шкалiкамі. Сталі папулярнымі такія спэцыяльныя адзінкі вымярэньня алькагольных напояў, як “вiнная бутэлька” (каля 0,7 л) і “гарэлачная бутэлька” (каля 0,6 л)”.

(Ракіцкі: ) “Калі ўзьнікла сучасная мэтрычная сыстэма вымярэньня, як яна прыйшла на тэрыторыю Беларусі?”

(Колабава: ) “З часам у сьвеце сасьпелі ўсе ўмовы дзеля ўвядзеньня ўсеагульнай вымяральнай сыстэмы. Асноўныя прынцыпы такой новай сыстэмы мераў для ўсіх народаў распрацавалі францускiя навукоўцы. У 1791 годзе на прапанову Парыскай Акадэмii навук за адзiнку даўжынi, названую мэтрам (ад грэцкага “мера”), была прынята адна дзесяцiмiльённая частка чвэрцi парыскага мэрыдыяну. Мэтрычная сыстэма вымярэньня прыйшла на тэрыторыю Беларусі ў канцы 19 стагодзьдзя. Законам 1899 году гэтая сыстэма прымалася да выкарыстаньня ў неабавязковым парадку. У абавязковае выкарыстаньне (зь пераходным пэрыядам 10 гадоў) яна ўводзіцца ў верасьні 1918 году”.

(Ракіцкі: ) “З таго часу мы і карыстаемся такімі адзінкамі мэтрычнай сыстэмы, як мілімэтар, сантымэтар, мэтар, кілямэтар, гектар, грам, кіляграм, літар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG