Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх алімпійцаў апрануць прэзыдэнцкія “куцюр’е” (фота)


Ігар Карней, Менск Сёньня ў памяшканьні Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі адбыўся паказ параднай формы, у якой спартоўцы возьмуць удзел у шэсьці падчас адкрыцьця зімовай Алімпіяды ў Турыне. Узоры адзеньня перад тым зацьвердзіў асабіста Аляксандар Лукашэнка.

Некалькі апошніх алімпійскіх цыкляў імідж беларускіх спартоўцаў фармуе атэлье Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Галоўны “куцюр’е” згаданага атэлье Ўладзімер Булгакаў на сёньняшняй прэзэнтацыі расказаў, што калекцыя прайшла ўсе этапы – ад эскізнага праекту да прагляду самімі спартоўцамі. Аднак канчатковае слова было за кіраўніком Нацыянальнага алімпійскага камітэту Аляксандрам Лукашэнкам.

На здымку: У такім “парадзе” беларускіх алімпійцаў убачаць у Турыне.



(Булгакаў: ) “Заключную ацэнку гэтай калекцыі даў прэзыдэнт нашай рэспублікі Лукашэнка. Ён яе асабіста ўхваліў. Калекцыя, як мы лічым, насамрэч удалая. Яна вытрыманая ў дзелавым стылі. Вялікую ўвагу мы надалі сымболіцы: калі ідзе парад, спартоўцы змогуць вітаць гледачоў яркімі хусткамі, шалікамі, якія будуць адлюстроўваць колеравую гаму нашай дзяржавы. Зь іншага боку, прэзыдэнт заўсёды падкрэсьліваў: форма не павінна быць “аднадзёнкай”. Выдаткоўваюцца вялікія грошы, таму адзеньне павінна быць, з аднаго боку, элегантным, і ў той жа час спартоўцы з годнасьцю мусяць насіць яго пасьля Алімпіяды”.

Асаблівым гонарам праектоўшчыкаў алімпійскай формы ёсьць “стрыжаныя норкавыя шапкі”, якія, у адпаведнасьці з фасонам, апрануць і мужчыны, і жанчыны. Экспэрты адзначаюць, што ў вопратцы ўвогуле шмат дробных дэталяў, якія не зусім спалучаюцца з карычневымі строямі: зялёна-чырвоныя гальштукі, два рознакаляровыя шалікі ў мужчынаў і жаночы шалік, які больш нагадвае рушнік. Завяршаюць кампазыцыю зімовыя боты беларускай вытворчасьці, пра вартасьць якіх на сёньняшняй прэзэнтацыі сказана нічога не было.

На здымку: Гонар прэзыдэнцкіх куцюр’е – “стрыжаная” норкавая шапка



Папулярны мастак Сяргей Цімохаў, які ў сваіх працах не баіцца колеравых экспэрымэнтаў, лічыць прапанаванае прэзыдэнцкімі куцюр’е спалучэньне карычневага строю з чырвона-зялёнымі аксэсуарамі нелягічным і безгустоўным. На думку спадара Цімохава, пры такім “парадзе” беларусы ў Італіі будуць выглядаць крыху недарэчна.

(Цімохаў: ) “Калі распрацоўваецца нейкая форма і патрабуецца прысутнасьць зялёнага колеру, то прапорцыі зялёнага, чырвонага зь іншымі колерамі павінны кантраляваць мастакі, спэцыялісты, якія разумеюць – які колер колькі на сябе “бярэ”, які колер павінен быць дамінантай ва ўсёй кампазыцы. Таму мастакі мусяць браць чынны ўдзел у гэтым – мастакі-дызайнеры, перадусім. Патрэбна было зьвярнуцца да дызайнэраў, стварыць тандэм (я маю на ўвазе мадэльера і дызайнэра), якія б маглі сапраўды нейкім чынам знайсьці неабходныя прапорцыі”.

Да леташняй Алімпіяды ў Афінах форма алімпійцаў гэтаксама праектавалася ў атэлье Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. І тады некаторых назіральнікаў зьдзівіла абраная колеравая гама – “блакітны верх”, “сьветлы ніз”. Зрэшты, прэзыдэнта НАК падобнае спалучэньне ніколькі не засмучала і падчас сьвяткаваньня Дня незалежнасьці 3 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ў блакітным алімпійскім пінжаку танчыў на Кастрычніцкай плошчы.

На здымку: Спартоўцы будуць “перавязаныя” адразу двума шалікамі – чырвоным і зялёным.

XS
SM
MD
LG