Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь менскіх крамаў і інтэрнэт-кавярняў канфіскуюць часопіс "Студэнцкая думка"


Севярын Квяткоўскі, Менск Заснаваны ў 1924 годзе, у сучасным выглядзе часопіс паўстаў напрыканцы 1980-х у асяродку нацыянальна-дэмакратычнай моладзі. У часы незалежнасьці выданьне было зарэгістраванае, але ў 2003 годзе пазбаўленае рэгістрацыі. Апошнія гады "Студэнцкая думка" выходзіць як каляровы моладзевы часопіс накладам 299 асобнікаў, што не патрабуе рэгістрацыі. Сярод іншага, часопіс бясплатна распаўсюджваўся больш як у дзесяці крамах і інтэрнэт-кавярнях у цэнтры Менску.

Вось сьведчаньне дзяўчыны Вольгі, якая назірала, як канфіскоўвалі асобнікі “Студэнцкай думкі”:

(Вольга:) "Я зайшла ў "Трафік", там сядзелі супрацоўнікі міліцыі. Побач зь імі ляжаў невялікі стос "Студэнцкай думкі". Я хацела ўзяць два нумары. Адзін малады чалавек падышоў і сказаў, што нельга гэтага рабіць, бо тут усё забіраецца. І пішуцца нейкія пратаколы. Аббегала ўвесь горад, і нідзе нічога не знайшла. І ў "Саюз он лайн" таксама".

"Трафік" і "Саюз он лайн" -- назвы крамы і інтэрнэт-кавярні.

Студэнцкую думку канфіскавалі і ў краме "Падземка". Распавядаюць супрацоўнікі крамы:

(Супрацоўніца:) "Прыйшлі, запыталіся, ці ёсьць "Студэнцкая думка". Забралі. Склалі нейкую паперу. Не пра выманьне, а тлумачэньне ўзялі, адкуль яны ў нас, і сыйшлі".

Паводле сьведкаў, двое мужчынаў былі ў міліцэйскай форме, а двое – у цывільным. Пра падствы для такіх дзеяньняў супрацоўнікі "Падземкі" распавядаюць наступнае:

(Супрацоўніцы:) "Я запыталася, маўляў, што за крамола ў гэтым часопісе, што яго забіраюць? Ніякага тлумачэньня ён [міліцыянт] ня даў. Сказаў, што сам ня ведае. Другі кажа, маўляў, там вельмі шкодная фарба выкарыстаная -- захварэеце".

Каб высьветліць абставіны, я затэлефанаваў у Савецкі і Ленінскі райаддзелы міліцыі, на чыёй тэрыторыі месьцяцца крамы "Трафік", "Падземка" і інтэрнэт-кавярня "Саюз он лайн". Паўсюль адказ быў аднолькавы:

(Дзяжурны Ленінскага РУУС:) "У нас нічога няма".

(Дзяжурны Савецкага РУУС:) "У Савецкім РУУС ніякіх матэрыялаў няма. З Савецкага РУУС ніхто нічога не вымаў".

Прадстаўнік рэдакцыі часопісу, які выступае пад псэўданімам Андрыяс Копыс, наступным чынам пракамэнтаваў сытуацыю:

(Копыс:) “Мы толькі дзіву даемся: хто ці што прымусіла дарослых ахоўнікаў правапарадку бегаць не за менскімі бандзюкамі, а ў пошуках часопісу. Так ці інакш, сваім прыхільнікам і чытачам мы нагадваем: для вас “CD” была, і ёсьць free. У інтэрнэт-фармаце, альбо ў фармаце off-line. Тут і так ўсё зразумела – stay free, і будзе нам шчасьце”.

“Stay free” у перакладзе з ангельскай значыць “заставайцеся свабоднымі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG