Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар часопісу “Magazyn Polski” прыехаў у Польшчу без дазвольнай пячаткі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Андрэй Пачобут – галоўны рэдактар часопісу “Magazyn Polski”, нягледзячы на тое, што беларускія ўлады анулявалі ў ягоным пашпарце пячататку з дазволам на выезд за мяжу, прыехаў у Польшчу.

Паводле Андрэя Пачобута, які прыехаў у Польшчу па справах Саюзу палякаў і часопіса “Magazyn Polski”, дазвол на выезд у ягоным пашпарце быў ануляваны незаконна.

(Пачобут: ) “Гэта было зроблена без аніякіх падставаў – проста каб абмежаваць кантакты. Штраф я ўжо даўно заплаціў, падпіску аб нявыезьдзе не даваў. Гэта дяпер такая дзяржаўная палітыка. Тое самае зрабілі ў дачыненьні намесьніка старшыні СПБ Пажэцкага – проста анулявалі пячатку”.

Як жа тады Андрэю Пачобуту ўдалося выехаць зь Беларусі ў Польшчу? Ён кажа, што паехаў спачатку ў Расею, адтуль ва Украіну і ўжо з Украіны ў Польшчу. Прычым ніякіх праблемаў не было, калі не ўлічваць размовы з памежнікамі на украінска-полськай мяжы. Працягвае спадар Пачобут.

(Пачобут: ) “Ва Украіне, ужо на украінска-польскай мяжы быў цікавы выпадак. Украінскія памежнікі, калі пабачылі, што ў мяне ануляваны штамп, падумалі што можа крымінальнік які і павялі мяне да начальніка зьмены. Я яму патлумачыў, хто я і чаму вось такім шляхам еду зь Беларусі ў Польшчу. Тады ён сказаў, што разумее, “бо ў нас таксама была такая сітуацыя, а цяпер няма” і таму ён спадзяецца, што і ў Беларусі хутка ўсё зьменіцца. Потым я уехаў у Польшчу без аніякіх праблемаў”.

Паводле спадара Пачобута тое, што ён, нягледзячы на ануляваную пячатку ў пашпарце, змог выехаць зь Беларусі і апынуцца ў краіне Эўразьвязу, сьведчыць аб наступным.

(Пачобут: ) “Уся гэтая гісторыя сьведчыць пра тое, што лукашэнкаўская пячатка нічога ня значыць у сёньняшняй Эўропе. Польская віза, якую я маю, аказалася мацнейшай за гэтую пячатку ў пашпарце”

Андрэй Пачобут будзе ў Польшчы некалькі дзён, а потым мае намер вярнуцца ў Беларусь ужо праз польска-беларускую мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG