Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб музэях Палата прадстаўнікоў прымала па-беларуску


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў учора прыняла ў другім чытаньні законапраект “Аб музэях і музэйным фондзе Рэспублікі Беларусь”. Адметнасьць гэтага прыняцьця праявілася ў тым, што сам дакумэнт падрыхтаваны па-беларуску і абмеркаваньне яго вялося выключна па-беларуску.

Папярэдні музэйны закон быў прыняты ў 1996 годзе. І дэпутаты адзначалі, што ён станоўча паўплываў на захаваньне і разьвіцьцё сеткі дзяржаўных музэяў, удасканаленьне музэйнай справы. Але пазьней зьявіліся юрыдычныя калізіі ды няўзгодненасьці паміж названым законам ды іншымі нарматыўнымі актамі.

Пра адрозьненьні новага закону ад старога гаварыў, выступаючы перад дэпутатамі, Генадзь Давыдзька – сябра сталай парлямэнцкай камісіі ў пытаньнях адукацыі, культуры, навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу:

(Давыдзька: ) “Законапраектам удакладняецца тэрміналёгія: напрыклад, замест тэрміна “гістарычна-культурныя каштоўнасьці” выкарыстоўваецца тэрмін “музэйныя прадметы”, удакладняюцца пытаньні стварэньня і ліквідацыі музэяў, іх клясыфікацыі і фінансаваньня, камплектацыі музэйнага фонду Рэспублікі Беларусь, прынамсі, дзяржаўнага кантролю за музэйным фондам. Правы музэяў і іх наведнікаў рэглямэнтуюцца адпаведна сучасным умовам дзейнасьці музэяў".

Паводле намесьніцы старшыні памянёнай парлямэнцкай камісіі Натальлі Аўдзеевай, вынесены ўчора на разгляд законапраект дапоўнены артыкулам аб народных музэях, у якім вызначаюцца ўмовы наданьня музэям такога статусу, а таксама – артыкулам аб экспазыцыях і выставах. Апрача гэтага, вызначаны абавязкі музэяў і іх наведнікаў. Законапраект дапоўнены прававымі палажэньнямі аб парадку ліквідацыі прыватнага музэю.

Ініцыятыва падрыхтаваць першы музэйны закон, прыняты ў 1996 годзе, зыходзіла яшчэ ад дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня. Учора я размаўляў з Алегам Трусавым – дэпутатам Вярхоўнага Савету XII скліканьня, сакратаром тагачаснай парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Вось меркаваньне Алега Трусава пра новы дакумэнт:

(Трусаў: ) “Прыемна адзначыць, што гэта адзін зь нешматлікіх законаў у сёньняшняй Палаце прадстаўнікоў, які зроблены на дзяржаўнай беларускай мове. І тут перадусім заслуга кіраўніка гэтай камісіі спадара Здановіча. Ён – настаўнік з Драгічына, чалавек, які добра ведае мову. І нядаўна мяне парадавала яго публікацыя – ён выдаў зборнік задач па фізыцы на беларускай мове, куды ўвёў шмат цікавай інфармацыі з нашай гісторыі, культуры. І не забыў пра свой родны Драгічын. Цяпер усе будуць ведаць, што ёсьць такі горад у Беларусі. Я хацеў бы пажадаць дэпутатам з Палаты прадстаўнікоў, каб усё ж такі беларуская мова не была выключэньнем, каб яны вярнуцца да практыкі Вярхоўнага Савету XII скліканьня, калі ўсе законы ішлі на беларускай мове, а часам па-расейску рабіліся сынхронныя пераклады”.

Што стрымлівае дэпутатаў ад рэгулярнага выкарыстаньня ў сваёй заканатворчай практыцы беларускай мовы? Дэпутат Натальля Аўдзеева сказала мне, што існуе псыхалягічны фактар. Маўляў, шмат дэпутатаў саромеюцца, што ў іх не атрымаецца добра гаварыць па-беларуску. І таму яны выступаюць па-расейску...

(Аўдзеева: ) “Наша пакаленьне і старэйшае, мы выхоўваліся ў той час, калі, скажам як ёсьць, перадусім асяродзьдзе фармавалася рускамоўнае. І практыкі не хапае. Ёсьць такая звычка – размаўляць на рускай мове. А сёньня асяродзьдзе беларускамоўнае паступова мае разьвіцьцё. Я ведаю гэта як філёляг паводле першай адукацыі і як асоба, якая курыравала адпаведныя напрамкі ў дзяржаўнай палітыцы. А тормаз псыхалягічны існуе. Пажывем далей – пабачым, як беларусы будуць патрошкі больш цікавіцца роднай мовай: сакавітай, вельмі прыгожай, – больш лёгка будуць на ёй размаўляць”.
XS
SM
MD
LG