Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь рыхтуе роту для міратворчых апэрацыяў за мяжой


Вячаслаў Кулік, Менск Міністэрства абароны Беларусі паінфармавала аб заснаваньні ў Менску спэцыяльнага міратворчага падразьдзяленьня. Паводле вайсковага ведамства, мотастралковая рота ўкамплектаваная кадравымі афіцэрамі і салдатамі – кантрактнікамі, навучаньне якіх падпарадкавана мэце ўдзелу ў міратворчых апэрацыях ААН.

29-га лістапада споўніцца два гады, як прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў “Закон аб парадку накіраваньня вайскоўцаў за межы Беларусі для ўдзелу ў апэрацыях для падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі”. І мала хто ведае, што яшчэ летась адбыліся два выпускі “міратворцаў” на базе Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Сёлета ў жніўні зноў прайшоў адбор ў спэцыяльную навучальную роту.

Пра ўмовы набору і канкурэнцыю расказвае сяржант-кантрактнік Віктар:

(Віктар: ) “Прыехала нас каля сотні чалавек. Але набралі дзьве групы па 30 чалавек. Здавалі ангельскую мову, тэсты, адбыліся пэрсанальныя гутаркі. Цяпер у адной і другой групе па 11 чалавек”.

Паводле кантрактніка Віктара, з сотні кандыдатаў цяпер у радох магчымых беларускіх міратворцаў толькі пятая частка. Большасьць адсеялася пасьля кансультацыяў з блізкімі. Родныя баяцца, што кантрактнікі могуць апынуцца ў так званых гарачых пунктах. Пра такую пэрспэктыву, як кажа Віктар, задумаліся на нядаўніх вучэньнях ва Ўкраіне з удзелам войскаў НАТО.

(Віктар: ) “Падразьдзяленьні драбіліся на аддзелы. Нават камандзір беларусаў мог трапіць, напрыклад, у аддзел з швайцарцамі, азэрбайджанцамі, амэрыканцамі і канадцамі. А беларус мог трапіць у падпарадкаваньне іншага камандзіра”.

Чым жа вабіць суайчыньнікаў магчымасьць служыць за межамі сваёй краіны? Салдат-кантрактнік атрымлівае ў беларускім войску ў эквіваленце за месяц службы амаль 200 даляраў. А вось якія заробкі, па словах знаёмага нам Віктара, абяцаюць міратворцам:

(Віктар: ) “Калі Беларусь адправіць свой міратворчы батальён, ужо абяцаюць 1,5 – 2 тысячы даляраў. Плюс заробак застаецца тут, і свае нейкія разьлікі за камандзіроўку. Харчаваньне там на суткі складае 17 даляраў”.

Былы вайсковы контравыведнік Валеры Костка, якога я папрасіў пракамэнтаваць сытуацыю, спаслаўся на вядомыя яму выпадкі гібелі беларусаў у складзе, напрыклад, так званага Францускага легіёну. Ён спачувае героям чужых войнаў.

(Костка: ) “Сустракаўся з такімі, хто хацеў бы паехаць і зарабіць дзе-небудзь грошы. І неабавязкова францускія легіянэры – проста людзі, якія ехалі як наёмнікі. Так, у іх толькі адна мэта была – зарабіць грошы. Яны – прафэсіяналы. Яны маглі выконваць пэўныя задачы. І яны імкнуліся да гэтага. Тым больш што сувязі ўва ўсіх захаваліся. Трэба зарабіць на адукацыю, зарабіць на кватэру. Проста іншая рэч, што гэтыя міратворцы павінны выконваць ня функцыю акупанта, не ваяваць супраць аднаго ці другога боку – у Чачэніі, Косаве, Іраку. Яны павінны выконваць менавіта міратворчую функцыю”.

У прэс-службе Міністэрства абароны пацьвердзілі, што навучальная міратворчая рота ўкамплектаваная паводле асабістай згоды кожнага воіна-кантрактніка. Пра матывацыю рашэньняў камандзіры не захацелі гаварыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG