Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусаў сярод пацярпелых ад пагромаў у Францыі няма


Ігар Карней, Менск Тры тыдні непарадкаў у прымесьцях Парыжу ды іншых францускіх гарадоў ніяк не закранулі беларусаў. Як паведамілі у пасолстве Беларусі ў Францыі, у сувязі з хваляваньнямі ў францускіх гарадох у пасольства ніхто зь беларусаў не зьвяртаўся. Некаторыя назіральнікі тлумачаць гэта проста: беларуска-францускія кантакты надзвычай сьціплыя – зусім няшмат беларусаў бывае ў Францыі. Зрэшты, тое самае можна сказаць і адносна знаходжаньня французаў у Беларусі – парыскіх або марсэльскіх бізнэсоўцаў тут ня знойдзеш.

Сапраўды, рэдкі беларускі бізнэсовец, навуковец ці студэнт далятае да Францыі. Агульную тэндэнцыю характарызуе кіраўнік Цэнтру маніторынгу міграцыі Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіл Арцюхін:

(Арцюхін: ) “Калі чалавек ня страціў грамадзянства, ён па нашай статыстыцы не праходзіць як імігрант. Усё. А ідзі знайдзі гэтую агульную лічбу тых, хто асеў, атрымаў можа нават від на жыхарства ў той жа Францыі, ня трацячы беларускага грамадзянства. Гэта консульскія службы больш сачыць павінны за гэтай тэндэнцыяй, але яны чамусьці ў статыстыцы ня ўдзельнічаюць”.

Дыпляматычныя службы ня згодныя з такой крытыкай. У беларускай амбасадзе ў Парыжы кажуць, што трымаюць цесныя стасункі з усімі грамадзянамі Беларусі ў Францыі. Аднак падзеі ў парыскіх прымесьцях ніяк не павялічылі колькасьці зваротаў у амбасаду. Пра гэта расказаў супрацоўнік беларускай дыпмісіі Сяргей Аношка:

(Аношка: ) “Ведаеце, такой інфармацыі няма, каб хтосьці зь беларусаў да нас зьвяртаўся. У прынцыпе, тут нічога надзвычайнага няма, усё спакойна. Гэта ж прыгарады “віравалі”. Цяпер і там паступова ўсё супакойваецца, крыху сытуацыя стабілізуецца”.

Пагромы на вуліцах францускіх гарадоў палохаюць бальшыню эўрапейцаў. Ці можна казаць, што й грамадзяне Беларусі сталі больш абачлівыя ў выбары маршрутаў?

У амбасадзе Францыі ў Менску мне паведамілі: у параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году ёсьць невялікі колькасны спад сярод ахвотных паехаць у Францыю – прыблізна на 5 працэнтаў. Аднак у консульскай службе гэта ніяк ня зьвязваюць ні зь цяперашнімі падзеямі ў Францыі, ні з новай біямэтрычнай працэдурай візавага афармленьня. Гаворыць супрацоўніца францускага пасольства Анжаліка Жук:

(Жук: ) “Па-першае, меней ахвочых дакладна не ад біямэтрычнай працэдуры. Па-другое, усе сутычкі адбываюцца ў прымесьцях. Проста цяпер такі пэрыяд, калі ніхто нікуды асабліва й ня едзе – хіба толькі да сваякоў ці яшчэ ў нейкіх прыватных інтэрасах. Турысты ня едуць, бо не сэзон. А чаму крыху меней стала? Так заўсёды: лічбы вагаюцца, яны ж ня могуць быць аднолькавыя”.

Бальшыня тых, хто адкрывае візы ў францускай амбасадзе, потым у якасьці турыстаў кіруюцца ў іншыя краіны Эўразьвязу. Выпадкаў працаўладкаваньня беларусаў у Францыі – адзінкі. Мянчук Сяргей Дубанаў некалькі месяцаў працаваў на адной з абутковых фабрык паблізу Тулюзы і кажа, што меў грошай ня болей, чым у Расеі, а страху перад пагрозай дэпартацыі – нашмат больш.

(Дубанаў: ) “Каб атрымаць легалізацыю, трэба ісьці на меншую заробную плату – іншымі словамі, на фабрыку. Але гэта максымум 500 даляраў. І потым цягам ужо трох месяцаў атрымаць легалізацыю. Тады ўжо мы пачынаем шукаць месцы. Усё зноў жа праз сваіх. Там ужо заробкі нармальныя, але коштам перапрацовак: адпрацавалі 8 гадзінаў, а тады пайшлі гадзіны звышнармаваныя. Працавалі па 12, 13, 14 гадзінаў”.

Дарэчы, беларусы, якія дагэтуль у Францыі на сэзонных работах, расказваюць, што змушаныя захоўваць рэжым “кансьпірацыі”. Праверкі патэнцыйных мігрантаў і законнасьць знаходжаньня на тэрыторыі краіны сталі рэгулярнымі і жорсткімі. Жыхар Віцебску Сяргей Гарчак, які працуе ў Парыжы, баіцца, што ў выпадку “паліцэйскай аблавы” можа страціць усе свае заробкі.

(Гарчак: ) “У паніцы, натуральна. Шчыра кажучы, увесь гэты час я начамі амаль ня сплю. Ну, уявіце: адпрацаваць паўгоду – і ўсё страціць, калі нешта непрадбачанае здарыцца...”

Пратэсты жыхароў арабскіх кварталаў доўжацца ўжо тры тыдні, а іх вынікам стала зьбіцьцё ні ў чым не вінаватых людзей, тысячы спаленых аўтамабіляў, разбураныя крамы, школы...
XS
SM
MD
LG