Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску праходзіць нацыянальная выстава “Беларускі дом-2005”


Міхал Стэльмак, Менск Паводле арганізатараў, яна павінна паспрыяць вырашэньню праблем жыльлёвага будаўніцтва.

Выстава выклікала цікавасьць значнай колькасьці людзей рознага веку. Паводле маіх апытаньняў, наведнікі старэйшага ўзросту хацелі б палепшыць жыльлёвыя ўмовы, маладзейшыя – займець дах над галавой упершыню. Згодна з урадавымі плянамі, у цэлым па краіне сёлета мяркуецца пабудаваць жыльля агульнай плошчай да 4 мільёнаў квадратных мэтраў. Улады задаволеныя гэтымі тэмпамі. Аднак праблема ўсё яшчэ застаецца вельмі вострай. Вось якім меркаваньнем падзяліўся адзін з наведнікаў выставы спадар Уладзімер, архітэктар адной з прыватных кампаніяў:

(Уладзімер: ) “Скажу прамым тэкстам: усе заможныя даўно пабудаваліся. І пабудавалі заможную “ахінею”. Я таксама ў гэтым браў удзел, таму што заказчык камандуе сваімі грашыма. Кошт кватэр у Менску разадзьмуты. Цэны на кватэры і ўчасткі абсурдныя. І я ня буду шкадаваць рыэлтарскіх кампаніяў, калі іх уласнымі рукамі задушыць Лукашэнка”.

Паводле плянаў, трэцяя частка ад агульнага аб’ёму будаванага ў Беларусі жытла павінна ўзводзіцца ў гарадох з колькасьцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, а таксама на вёсцы. А між тым, як сьведчыць сытуацыя ў большасьці райцэнтраў, гэтыя пляны не выконваюцца. У жыхароў райцэнтраў, як правіла, няма тых 2 – 3 тысяч даляраў, неабходных для таго, каб зрабіць першы ўнёсак на будаўніцтва ўласнай кватэры. Бо ў малых гарадох няма прадпрыемстваў, дзе можна зарабіць на кватэру. Тут самая высокааплатная катэгорыя – чыноўнікі. Аднак яны, як сьведчыць жыцьцё, маюць дзяржаўныя кватэры, а за грошы будуюць для сябе і сваіх нашчадкаў жыльлё ў сталіцы.

Што да вёскі, то тут сытуацыя ня лепшая. Праграма будаўніцтва так званых “прэзыдэнцкіх дамкоў” кульгае. Меркавалася, у кожнай гаспадарцы сёлета пабудуюць па 5 такіх дамкоў. Аднак у некаторых рэгіёнах праграма зрываецца. На Меншчыне, напрыклад, патрабавалася паставіць 1855 хат. Аднак 15 раёнаў вобласьці на сёньняшні дзень не выконваюць заданьня. А ў такіх раёнах, як Чэрвеньскі, Крупскі, Дзяржынскі, Бярэзінскі, пляны выкананыя менш як на 50 працэнтаў. Чыноўнікі тлумачаць гэта фінансавымі праблемамі. Маўляў, жыльлё на вёсцы выходзіць дарагім. Таму вядуцца пошукі варыянтаў больш таннага будаўніцтва.

Ёсьць задума пачаць будаваць жыльлё вяскоўцам з саломы. Ужо абвешчана, што ў 2006 годзе на Гомельшчыне будзе пабудавана 150 саламяных дамоў, якія нібыта на 40 працэнтаў таньнейшыя за цагляныя. У большасьці спэцыялістаў, зь якімі я меў пра гэта размову на выставе “Беларускі дом-2005”, такія намеры выклікаюць усьмешку. Вось, напрыклад, якім меркаваньнем пра саламяную тэхналёгію падзяліўся дырэктар будаўнічага прадпрыемства “Белбуддомдрэў” Валеры Белакапытаў:

(Белакапытаў: ) “Салома можа быць уцяпляльнікам. Але вонкавая апрацоўка павінна быць іншая. Саломай можна ўцяпляць паміж сьценамі. Але сама салома – не асноўны будаўнічы матэрыял. Я так разумею. Маючы пад рукою лес, трэба разьвіваць драўлянае будаўніцтва. Каб людзі жылі ў драўляных дамох”.
XS
SM
MD
LG