Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія банкі выпусьцілі больш за мільён картак "Visa"


Юлія Шарова, Менск Усяго ж у краіне ўжо эмітавана больш за 2,5 мільёны рознага кшталту плястыкавых банкаўскіх картак. Аднак разьлікі банкаўскімі карткамі ўкараняюцца ня так лёгка, як хацелася б эканамістам: беларусы па-ранейшаму больш давяраюць наяўным грашам.

Карткі "Visa" выдаюць у Беларусі ўжо трэці год. Калі быць дакладнымі, то на 1 кастрычніка колькасьць гэтых картак склала 1 мільён 300 тысячаў. Эмітуюць іх 9 беларускіх банкаў. Прыкладна 96 адсоткаў – гэта дэбэтавыя карткі "Visa Electron", крэдытных картак "Visa" пакуль што зусім мала. Большая частка выпускаецца ў нацыянальнай валюце, хоць некаторыя банкі могуць зрабіць карткі ў далярах ці эўра. Зрэшты, за мяжой валюта, у якой картка эмітаваная, вялікага значэньня ня мае, бо адбываецца аўтаматычная канвэртацыя.

Увогуле, картка як спосаб разьліку ўкараняецца сярод беларускага насельніцтва дзякуючы гэтак званым заробкавым праектам: людзям пачынаюць штомесяц пераводзіць грошы на картку. Тое самае са стыпэндыямі. Стаяць у чарзе ля бухгальтэрыі больш ня трэба – і беларусы ў дзень заробку ці стыпэндыі ідуць да банкаматаў. Чэргі бываюць ці не па дзесяць – пятнаццаць чалавек, асабліва ў людных месцах і перад сьвятамі, калі людзі шмат купляюць.

На думку рэгіянальнага мэнэджэра асацыяцыі “Visa” ў краінах СНД Сьвятланы Геарбэлідзэ, такія паводзіны вельмі тыповыя для ўсіх карыстальнікаў-пачаткоўцаў.

(Геарбэлідзэ: ) “Неабходны нейкі пэрыяд часу, на розных рынках гэта адбываецца па-рознаму. Гэта пэрыяд адаптацыі, калі чалавек здымае спачатку з банкаматаў гатоўку ды ўсё ж гатоўкай траціць, а празь нейкі час, тры – чатыры месяцы, пакідае ўжо рэшту”.

Аднак занадта часта можна назіраць такую карціну: да банкамата прыходзіць уся сям’я, і грошы здымаюцца цалкам адразу з усіх картак. Зрэшты, такія ўладальнікі картак таксама маюць рацыю: не паўсюль ёсьць тэрміналы для разьлікаў па картках. Напрыклад, у суседніх Літве ці Ўкраіне па картцы разьлічыцца можна ў любой кавярні. У Беларусі з гэтым могуць быць праблемы. Таму трымаць на руках гатоўку зручней.

Са словаў старшага віцэ-прэзыдэнта “Visa CEMEA” Лу Навумоўскага, беларускія банкі цяпер зацікавіліся новай сыстэмай мабільнага банкінгу.

(Навумоўскі: ) “Сутнасьць праекту мабільнага банкінгу – у тым, каб паставіць на спэцыяльна падрыхтаваную сім-картку банкаўскі дадатак – нумары аднаго ці больш вашых картак Visa. Можна правесьці трансакцыю без сваёй карткі, проста са свайго тэлефона”.

Трымаць такую картку на мабільніку зручна й бясьпечна, тлумачыць спадар Навумоўскі. Нават калі тэлефон скрадуць, ніхто ня зможа залезьці на банкаўскі рахунак і зьняць адтуль грошы, ня ведаючы пін-коду. Аднак пакуль што невядома, калі менавіта сыстэма мабільнага банкінгу стане даступнай беларусам. Для банкаў гэта даволі дарагое задавальненьне, якое патрабуе інвэстыцыяў на сотні тысячаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG