Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

17 лістапада 1828 году нарадзіўся граф Чапскі


RFE/RL 17 лістапада ў Беларусі й сьвеце.

17 лістапада ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Устаноўлены ён быў у 1946 годзе на Ўсясьветным кангрэсе студэнтаў, што адбыўся тады ў Празе ў гонар чэскіх студэнтаў-патрыётаў, расстраляных нямецкімі акупантамі ў гэты дзень, 17 лістапада 1939 году.

А крыху раней, 17 лістапада 1935 году, у Савецкім Саюзе на нарадзе стаханаўцаў Іосіф Сталін прамовіў сваю знакамітую фразу: “Жыць стала лепей, жыць стала весялей”. З вышыні часу гэтыя словы ўспрымаюцца як чорны жарт тырана напярэдадні самых масавых рэпрэсіяў супраць уласнага народу.

Цяпер – пра знакамітых людзей, якія нарадзіліся 17 лістапада.

17 лістапада 1828 году ў маёнтку Станькава каля Койданава прыйшоў на сьвет беларускі граф Эмэрык Чапскі. Ён стане дзяржаўным дзеячом і мэцэнатам, а таксама выдатным калекцыянэрам, створыць у сваім Станькаве музэй старажытнасьцяў. Сёньня ў Станькаве ад графа Чапскага засталіся толькі парк і будынак музэю, а сама яго калекцыя раскіданая па ўсім сьвеце.

17 лістапада ў розныя гады нарадзіліся Кастусь Езавітаў – дзяяч беларускага нацыянальнага адраджэньня; пэдагог і мэмуарыст Янка Багдановіч, а таксама беларускі кінарэжысэр Вадзім Сукманаў. На кінастудыі “Беларусьфільм” Сукманаў працаваў з 1968 году, быў ляўрэатам міжнародных прэміяў, атрымліваў прызы ў Лёндане, Будапэшце, Маскве, Жэнэве. Варта згадаць ягоныя фільмы, прысьвечаныя Коласу, Маўру, Быкаву, Барадуліну. Зьняў Вадзім Сукманаў і фільм пра беларускую Вільню.

17 лістапада 1796 году пакінула гэты сьвет расейская імпэратарка Кацярына ІІ. Яе роля ў гісторыі Беларусі цалкам адмоўная, бо зьвязаная са стратаю нашымі продкамі сваёй незалежнай дзяржавы і наступнай 200-гадовай палітыкай русыфікацыі. Між тым, па ўсёй Беларусі і сёньня захоўваюцца паданьні пра Кацярыну, якая нібыта праяжджала тую ці іншую мясцовасьць, аглядаючы беларускія землі, толькі што далучаныя да Расейскай імпэрыі. З паходжаньня Кацярына ІІ была нямецкай прынцэсай Софіяй Фрэдэрыкай Аўгустай Анхальт-Цербскай. У 1745 годзе яна стала жонкай расейскага князя Пятра Фёдаравіча, будучага імпэратара Пятра ІІІ, якога пасьля скінула з пасаду і заняла ягонае імпэратарскае месца.
XS
SM
MD
LG