Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Барысаве на плошчу са сьвечкамі выйшлі сотні чалавек


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Сёньня Дзень салідарнасьці адзначылі ў Барысаве. Тут прайшла шматсоценная акцыя з удзелам мясцовых актывістаў дэмакратычнага руху і жыхароў гораду.

А 18-й гадзіне каля 300 чалавек прыйшло на цэнтральную плошчу Барысава. Яны сталі ў ланцуг і запалілі сьвечкі.

Гаворыць каардынатар руху “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Удзельнікаў было значна больш, чымсьці мінулым разам. Мінулым разам было ў тры разы менш людзей. Празь месяц плённай працы людзі пачалі больш верыць у сябе, у свае сілы. Выйшла больш народу. Гэта актывісты моладзевых рухаў, палітычных партыяў, проста неабыякавыя людзі – звычайныя абывацелі. Асноўная частка – гэта новыя асобы, для мяне абсалютна незнаёмыя людзі. Яны прыходзілі і выказвалі спачувальныя словы. Хтосьці стаяў бяз сьвечкі. Яшчэ прысутнічае пэўны страх. Але яны стаялі побач. Было бачна, што яны баяцца, але яны стаялі. Мы заклікалі барысаўцаў, каб запаліць сьвечку салідарнасьці, каб пабудаваць агульны ланцуг са сьвечак, каб прадэманстраваць усім сваю салідарнасьць ня дома, а менавіта на цэнтральнай плошчы. Каб людзі гэта бачылі”.

Большасьць удзельнікаў барысаўскай акцыі прадстаўлялі мясцовую моладзь. Яшчэ адной вялікай групай былі прадпрымальнікі. Іх прыйшло на плошчу каля 70 чалавек. Гаворыць актывіст мясцовай суполкі грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Ігар Леднік:

(Леднік: ) “Былі прадпрымальнікі мясцовыя з Барысава. І прыяжджала яшчэ група прадпрымальнікаў з Бабруйску падтрымаць нашу акцыю. Зараз вельмі напружанае становішча на рынку старога горада у Барысаве. Кіраўніцтва рынку зацьвердзіла плян рэканструкцыі, але рынак, які належыць райпо, не мае сродкаў, каб усё гэта ажыцьцявіць. Таму зараз яны пачалі ціск на прадпрымальнікаў, каб яны за свае грошы ставілі павільёны, ралеты. Але прадпрымальнікі баяцца ўкладаць у гэтую справу грошы, таму што падаткі значна павялічваліся. Таму было шмат прадпрымальнікаў”.
XS
SM
MD
LG