Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адрамантуеце дарогу – заплачу падаткі"


Браніслава Станкевіч, Віцебск Віцебскі прадпрымальнік адмовіўся плаціць падаткі, пакуль ня будзе адрамантаваная дарога каля ягонага дому.

Прадпрымальнік Міхась Паўлаў гаворыць, што адмыслова даведваўся пра пляны рамонтных работ на вуліцы Краснафлоцкай, дзе ён жыве. У Кастрычніцкім райвыканкаме яму адказалі, што рамонт дарожнага пакрыцьця будзе праводзіцца цягам 2005 году. Аднак і да сёньня, паводле спадара Паўлава, дарогу ня толькі не адрамантавалі, але нават не прыбралі пясок, якім яе пасыпалі падчас леташняга зімовага галалёду.

"У сувязі з тым, што дарожнае пакрыцьцё не рамантуюць, я прыпыняю выплату падаткаў, бо гэтыя грашовы сродкі я мушу выдаткоўваць на рамонт свайго ўласнага аўтамабіля. Непрыманьне мераў па добраўпарадкаваньню горада лічу праяваю непавагі да мяне як да падаткаплацельшчыка і грамадзяніна", – так Міхась Паўлаў напісаў у лісьце на імя старшыні раённае адміністрацыі.

На сёньняшні дзень гэта першы выпадак у Віцебску, калі чалавек адмаўляецца плаціць падаткі, змагаючыся за камунальныя даброты.

Сспадар Паўлаў мяркуе зьвярнуцца па падтрымку да сваіх суседзяў-прадпрымальнікаў, якія таксама церпяць з-за дрэннага стану дарогі, каб яны таксама спынілі выплату падаткаў, пакуль вуліца ня будзе адрамантаваная.

Пра сваё рашэньне віцебскі прадпрымальнік мяркуе паведаміць і ў Адміністрацыю прэзыдэнта – ужо ня толькі пра тое, што ён ня будзе плаціць падаткі, але й пра тое, што раённая адміністрацыя сваім абыякавым стаўленьнем да мясцовых праблем дыскрэдытуе ўсю сыстэму мясцовых уладаў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG