Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэстыжны амэрыканскі ўнівэрсытэт – для студэнтаў з СНД


RFE/RL Элітныя амэрыканскія ўнівэрсытэты павялічылі памер дапамогі замежным студэнтам. Гнуткая палітыка аплаты за навучаньне дала больш магчымасьцяў для паступленьня здольным людзям зь бяднейшых краін, у тым ліку зь Беларусі. Зь Ельскага ўнівэрсытэту, які ўваходзіць у пяцёрку лепшых у ЗША, перадае карэспандэнт Свабоды Нікола Крастэў. Пераклад на беларускую – Сьвятлана Курс.

Ельскі ўнівэрсытэт, заснаваны ў 1701 г. – адна з самых прэстыжных ВНУ ў ЗША. Шэсьць амэрыканскіх прэзыдэнтаў, уключаючы трох апошніх – дыплямаваныя выпускнікі Еля. Людзі з усяго сьвету імкнуцца трапіць у Ель, аднак тут вельмі высокая канкурэнцыя й дарагая аплата: 40 тысяч даляраў на год за навучаньне й жыльлё.

Гэлен Класкі – дырэктарка Цэнтру па сувязях з грамадзкасьцю Ельскага ўнівэрсытэту. – кажа, што канкурэнцыя сярод абітурыентаў сапраўды жорсткая, але з дня паступленьня Ель бярэ на сябе клопат аб сваім студэнце.

(Класкі: ) "Колькасьць студэнтаў (у тым ліку замежных) пабольшала, бо мы павялічылі памер фінансавай дапамогі для студэнтаў з усяго сьвету. Папярэдняе тэставаньне датычыць усіх, але вырашальнымі робяцца інтэлектуальныя вартасьці. І калі вам патрэбная дапамога, вы яе атрымаеце. Ведаеце, прыёмная камісія ня ведае, у якім фінансавым становішчы абітурыент, але калі чалавек паступіў ва ўнівэрсытэт – калі ласка, прыходзьце і прасіце дапамогі. Калі вы паступілі ў Ельскі ўнівэрсытэт, вы вартыя таго, каб быць тут”.

Для многіх замежных студэнтаў першы год у Елі дае новы досьвед, часам ашаламляльны. Многія прыехалі з краінаў, дзе не дапускаюцца спрэчкі паміж настаўнікам і вучнем. У Ельскім унівэрсытэце канструктыўны дыспут з выкладчыкам ня толькі ня лічыцца непаважлівым, але й часьцяком заахвочваецца.

Наталя Рогач, 17-гадовая кіяўлянка, здавала тэсты ў некалькіх амэрыканскіх унівэрсытэтах. Яна пасьпяхова праходзіла ў Гарвард, Прынстан і Дартмут, аднак выбрала паліталёгію й філязофію ў Елі, які аплачвае ёй навучаньне й пражываньне.

(Рогач: ) "Мінулы год быў вельмі важны для Ўкраіны і для мяне – Аранжавая рэвалюцыя й іншае. Вельмі важна, што я паступіла ў Ель, бо я зразумела, які патэнцыял мы, маладыя людзі, нясем для адбудовы нашай краіны. Навучаньне ў амэрыканскіх унівэрсытэтах важнае й таму, што мы вывучаем дэмакратыю, а потым можам вярнуцца і гэтак жа будаваць нашу краіну”.

У Елі вучацца студэнты са ста краінаў сьвету. 16% з 11 тысяч студэнтаў Еля – замежнікі. У інтэрнатах яны жывуць уперамешку, што гарантуе шырокі міжкультурны абмен. Праз тры месяцы навучаньня Наталя Рогач займела мноства сяброў з розных краінаў.

19-гадовы Павел Камышаў – этнічны расеец з Кіргізстану, першы год у Елі, вывучае матэматыку.

(Камышаў: ) "Тут складаней, чым было дома. Працэс адукацыі на радзіме не такі акадэмічны й інтэнсыўны. Мне даволі цяжка вучыцца, але гэта таму, што я вывучаю адразу 5,5 дысцыплінаў. Бальшыня навічкоў не рашаецца на гэта”.

Павел ня плаціць на навучаньне, але пражываньне мае аплаціць сам. Таму ён падпрацоўвае на адміністратыўнай пасадзе ў студэнцкім гарадку. Ягоныя бацькі зарабляюць 20 тысяч даляраў на год і лічацца ў Кіргістане багатымі людзьмі, але ня здолелі б аплачваць ягоную адукацыю.

Леван Надзібаідзэ з Грузіі – на трэцім курсе Еля, спэцыялізацыя – матэматыка й эканоміка. Да прыезду ў ЗША 10 год жыў ва Ўладзівастоку. “У Расеі дрэнныя ўмовы адукацыі”, – лічыць Леван. “Лягчэй паступіць з Уладзівастока ў Амэрыку, чым у Расею. Дзяржава не падтрымлівае вас. Нікому вы там не патрэбныя. Таму я лічу, што сыстэма адукацыі не працуе як сьлед”.

Сёлета ў Ель паступілі 25 студэнтаў з Баўгарыі, 20 з Расеі, па 8 з Ірану й Украіны, па 7 з Харватыі, Альбаніі, Армэніі, Узбэкістану й Казахстану і адзін – зь Беларусі.
XS
SM
MD
LG