Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Gazeta Polska": Польскія памагатыя Лукашэнкі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава "Gazeta Polska" зьмяшчае ў сёньняшнім нумары вялікі матэрыял “Польскія памагатыя Лукашэнкі”, прысьвечаны дзейнасьці польскіх дыпляматаў ў Беларусі. Некаторыя зь якіх, паводле тыднёвіка, сваімі захадамі прынесьлі шкоду дэмакратычна абраным уладам Саюзу палякаў Беларусі. Больш падрабязна са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Хаця цяпер пра польскіх актывістаў у Беларусі гаворыцца значна менш, чым некалькі месяцаў таму, менавіта зараз значная частка зь іх перажываюць найбольш цяжкія хвіліны. КДБ узмацняе ўціск, а польскія дыпляматы маўчаць. Як быццам чакаюць калі адміністрацыя Лукашэнкі пазбавіць іх ад праблемы, праблемы існаваньня двух Саюзаў палякаў”, – гэтак пачынае свой артыкул у "Gazeсіе Polskіеj" Катажына Гейке.

Аўтарка расказвае пра тое, як шматлікія палякі, што жывуць у Беларусі некалькі гадоў пратэставалі супраць дзейнасьці папярэдняга старшыні СПБ Тадэвуша Кручкоўскага – яго абвінавачвалі ў фінансавых махінацыях, выкарыстоўваньні беларускіх спэцслужбаў у барацьбе супраць палітычных апанэнтаў. Аднак польскае МЗС, “ігнаравала гэтую інфармацыю”, а дыпляматы Польшчы ў Беларусі “цалкам падтрымлівалі” Кручкоўскага.

“Сёньня няма сумненьняў, што Кручкоўскі выканаў надзвычай каштоўнае для Менску заданьне – адцягнуў найвялікшую няўрадавую арганізацыю ў Беларусі ад беларускай апазыцыі, зрабіў зь яе другарадны фальклёрны кружок. А цяпер, ужо без Кручкоўскага, спэцслужбы рэалізуюць “плян Б” – разьбіраюцца зь непакорнымі палякамі. Пры гэтым на ўсіх этапах важную ролю ў гэтым, сьвядома ці не, гралі польскія дыпляматы”, – піша Катажына Гейке.

Аўтарка адзначае, што без дапамогі колішняга консула Польшчы Сыльвэстра Шостака, Тадэвуш Кручкоўскі ў 2000 годзе мог бы і не перамагчы ў выбарах на пасаду старшыні СПБ. Наступнік Шостака, консул Анджэй Крэнткоўскі, паводле "Gazety Polskіеj" таксама быў “патронам Кручкоўскага”, адмовіўшыся нават на пачатку сустракацца з Анжалікай Борыс, якая, паводле газэты, каб атрымаць польскую візу паехала ў Менск, бо не хацела скарыстацца з паслугаў гарадзенскага консульства.

Катажына Гейке піша, што некаторыя польскія дыпляматы дайшлі да таго, што пачалі “заступацца за беларускі рэжым”, і такім чынам пачаў спраўджвацца сцэнар, пра які заснавальнік СПБ Тадэвуш Гавін казаў яшчэ некалькі гадоў таму: тактыка ізаляцыі палякаў у Беларусі, якую падтрымлівала ці на якую пагаджалася польская дыпляматыя, гэта падрыхтоўка да “франтальнага ўдару па СПБ”.

“Калі новы польскі ўрад сур''ёзна думае пра ўсходнюю палітыку, дык павінен разумець, што кожны месяц знаходжаньня ў Беларусі цяперашніх эмісараў Польшчы, гэта час, які ідзе на карысьць Лукашэнкі. Кожны наступны месяц бязьдзейнасьці, калі палякаў перасьледуюць, аддаляе пэрспэктыву паўстаньня дэмакратычнай беларускай дзяржавы, прыязнай Польшчы”,– гаворыцца ў артыкуле “Польскія памагатыя Лукашэнкі”, што апублікаваны ў сёньняшнім нумары “Gazeta Polska".
XS
SM
MD
LG