Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы аказвае на А.Борыс моцны псыхалягічны ціск


Міхал Карневіч, Горадня Анжаліка Борыс, старшыня непрызнанага ўладамі Саюза палякаў, прабыла сёньня на допыце ў сьледчага гарадзенскай міліцыі Дзьмітрыя Лабоўскага амаль тры гадзіны. Вярнуўшыся зь міліцыі сказала, што там на яе аказваецца моцны псыхалягічны ціск.

Сёньня Анжаліка Борыс ўдзельнічала ў вочных стаўках з Казімерам Знайдзінскім, адным з прызнаваных уладамі намесьнікаў старшыні Саюзу палякаў і юрыстам арганізацыі Эдвардам Калошам. Яны сьцьвярджаюць, што Анжаліка Борыс раздавала сябрам СПБ гуманітарную дапамогу, якую прывозілі з Польшчы. Борыс патлумачыла сьледчаму, што за час яе праўленьня Саюз палякаў не атрымліваў ніякай гуманітарнай дапамогі. Яе разьмяркоўваў Тадэвуш Кручкоўскі, які быў тады старшынём арганізацыі.

(Борыс: ) “Ніякай гуманітарнай дапамогі ў мой пэрыяд не было. Яна паступала, калі кіраваў Кручкоўскі. Ён і займаўся гэтай гуманітарнай дапамогай. У нас былі толькі падручнікі, якія праходзілі праз Дэпартамэнт па гуманітарнай дапамозе. Усе яны растамажваліся і ляжаць там з 2001 году”.

Сёньня ж з Анжалікай Борыс сустракаўся і сьледчы Шчучынскай міліцыі А.Залога, які вядзе крымінальную справу аб запалохваньні дырэктара Дому польскага ў Шчучыне Віктара Богдана. Нагадаю, што справа распачатая ў дачыненьні да Юзафа Пажэцкага, намесьніка Анжалікі Борыс, а таксама ягоных калегаў, што прызнаныя сьледзтвам падазраванымі – іншага намесьніка спадарыні Борыс Веслава Кеўляка, галоўнага рэдактара газэты “Glos znad Niemna” Анджэя Пісальніка і галоўнага рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута. А.Залога дапытваўся, ці не пагражала Анжаліка Борыс асабіста спадару Богдану.

На вочнай стаўцы ў сьледчага Д.Лабоўскага сёньня была таксама супрацоўніца газэты “Glos znad Niemna” Інэса Тодрык. Казімер Знайдзінскі сьведчыў, што і яна быццам раздавала гуманітарную дапамогу. І.Тодрык абвергла гэтыя абвінавачваньні. Пасьля вочнай стаўкі сьледчы запатрабаваў у яе пашпарт, але ў яе з сабой яго не аказалася. Сьледчы прыгразіў, што ў Інэсы Тодрык могуць быць праблемы з выездам за мяжу.

(Тодрык: ) “Сьледчы запытаўся, ці я маю намер выяжджаць за мяжу ў найбліжэйшы час. Я адказала, што такое можа здарыцца, паколькі я зараз беспрацоўная і магу паехаць у госьці да сваякоў. Тады ён сказаў, што ў мяне могуць быць праблемы зь перасячэньнем беларускай мяжы”.

На заўтра ў Анжалікі Борыс прызначана чарговая вочная стаўка. З кім – пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG