Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін пачынае апэрацыю "Пераемнік"?


Юры Дракахруст, Прага Новая перадача сэрыі "Праскі акцэнт".

Ці азначаюць апошнія перастаноўкі ў вышэйшым эшалёне расейскай улады, што прэзыдэнт Пуцін распачаў апэрацыю “Пераемнік”? Як стасуецца з гэтымі кадравымі прызначэньнямі новыя беларуска-расейскія інтэграцыйныя ініцыятывы, якія зьявіліся ў апошнія месяцы? Якое далейшае разьвіцьцё атрымаюць гэтыя аб’яднаўчыя праекты? Над гэтымі пытаньнямі ў “Экспэртызе Свабоды” разважаюць рэдактар інтэрнэт-газэты “Беларускія навіны” (naviny.by) Кірыл Пазьняк і расейскі аналітык Леанід Радзіхоўскі.

(Дракахруст: ) "Апошнія кадравыя зьмены ў Расеі некаторыя наглядальнікі назвалі "Крэмлятрусам". Адпраўленыя ў адстаўку два зь сямі кіраўнікоў фэдэральных акругаў, прызначаны новы кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта – ім стаў губэрнатар Цюмені Сяргей Сабянін. Але найбольш увагі прыцягнулі ўрадавыя прызначэньні – кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Дзьмітры Мядзьведзеў стаў першым намесьнікам старшыні ўраду, пасаду віцэ-прэм''ера атрымаў таксама Сяргей Іваноў, захаваўшы за сабой партфэль міністра абароны.

Шмат хто з назіральнікаў расцаніў гэтыя прызначэньні як пачатак апэрацыі "Пераемнік", што адзін з гэтых прызначэнцаў – ці Мядзьведзеў, ці Іваноў ці нават Сабянін і стане ў 2008 годзе кандыдатам ад "партыі ўлады" на прэзыдэнцкіх выбарах.

Але можа быць такія прагнозы – вынік звычкі аналітыкаў і экспэртаў паўсюль бачыць барацьбу за ўладу. Можа прэзыдэнт Пуцін проста хоча палепшыць такім чынам сыстэму кіраваньня расейскай дзяржавай? Выбары прэзыдэнта ўсё ж праз тры гады, гэты час краінай трэба ж неяк кіраваць і пажадана больш-менш эфэктыўна.

Леанід Радзіхоўскі, як Вы ацэньваеце гэтую кадравую буру – гэта апэрацыя "Пераемнік" ці натуральнае імкненьне прэзыдэнта палепшыць кіраваньне Расеяй?"

(Радзіхоўскі: ) "Я ня бачу тут супярэчнасьці – альбо-альбо. Тут ёсьць і момант паляпшэньня працы ўраду. Іншая справа: палепшыцца яна ці пагоршыцца. Дагэтуль быў адзін віцэ-прэм''ер, зараз іх будзе тры. Мне здаецца, гэта азначае, што праца ўраду стане ў тры разы больш складанай і хаатычнай. Тым ня менш ёсьць намер палепшыць працу ўраду. Фрадкоў наагул лічыцца вельмі слабым прэм''ер-міністрам.

Але акрамя таго цалкам відавочна, што гэта не завяршэньне апэрацыі "Пераемнік", але першая спроба ўкінуць у грамадзтва прозьвішча магчымага пераемніка і паглядзець на магчымую рэакцыю. А таксама паглядзець, як гэты магчымы пераемнік – Дзьмітры Мядзьведзеў пакажа сябе на рэальнай адміністрацыйнай працы, бо дагэтуль ён працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта, гэта значыць ні за якія буйныя эканамічныя праекты не адказваў".

(Дракахруст: ) "Перамены ў крамлёўскай камандзе адбыліся на тле рэзкага ажыўленьня тэмы інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Пэўны час таму здавалася, што ўсе размовы аб аб''яднаньні, аб канстытуцыйным акце канчаткова адышлі ў нябыт. Спадар Барадзін уяўляў сабой проста камічную постаць. І раптам пару месяцаў таму было абвешчана, што над канстытуцыйным актам ідзе плённая праца, і яна блізкая да завяршэньня, што 16 лістапада два прэзыдэнта сустрэнуцца, ухваляць гэты праект, казалася, што магчыма ў першай палове наступнага году ў Беларусі і Расеі пройдуць рэфэрэндумы аб аб''яднаньні. Казалася таксама, што гэтае фарсіраванае аб''яднаньне – сродак працягненьня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Уладзімера Пуціна пасьля 2008 году, які тады стане кіраўніком гэтай аб''яднанай дзяржавы.

Кірыл Пазьняк, на Ваш погляд, як гэтае інтэграцыйнае ажыўленьне стасуецца з апошнімі кадравымі прызначэньнямі ў Маскве?"

(Кірыл Пазьняк: ) "На мой погляд, паколькі пытаньне ўлады ў Расеі ня можа вырашацца гэтак проста, як, напрыклад, у Беларусі, то ў Крамлі распрацоўваецца паралельна адразу некалькі сцэнароў. Адсюль і актывізацыя працы над канстытуцыйным актам. Пры гэтым і інтэграцыйны варыянт, і варыянт "пераемнік" распрацоўваюцца ў адкрытую, па-першае, для зандзіраваньня грамадзкай думкі, а па-другое, для яго фармаваньня ў пэўным рэчышчы.

На мой погляд, найбольш імаверны шлях вырашэньня пытаньня пераемнасьці ўлады ў Расеі – усё ж без удзелу Беларусі, без інтэграцыі.

Інтэграцыйны сцэнар занадта складаны для рэалізацыі. Тут трэба ўлічваць амбіцыйнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Ён даўно даў зразумець, што вырашэньне праблемы трэцяга тэрміну Пуціна абыдзецца безь яго. Гэтым летам на нарадзе Лукашэнка заявіў, што фарсіраваньне інтэграцыйных працэсаў магчымае толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў як у Беларусі, гэтак і ў Расеі. Апошняе ён падкрэсьліў асобна.

Што да апошніх інтэграцыйных ініцыятываў, якія Вы, Юры, прыгадалі, то апошнім часам беларускія прадстаўнікі ў камісіі, якая распрацоўвае канстытуцыйны акт, упэўнена і цьвёрда гавораць, што яны супраць увядзеньня ў будучай саюзнай дзяржаве пасадаў прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта.

Згадваўся таксама адзін з праектаў канстытуцыйнага акту, у якім прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы можа быць толькі расеец, а віцэ-прэзыдэнтам – беларус. Натуральна, што такая дыскрымінацыя не задаволіць Лукашэнку. Ён выступае за "паўзучую" інтэграцыю з захаваньнем цяперашняга status quo. Хаця пэўная спакуса "ўзяць Крэмль" у яго ёсьць, але мне здаецца, што зараз ён рэальна ацэньвае свае шанцы ў Расеі".

(Дракахруст: ) "Да цяперашніх крамлёўскіх перастановак хіба самы цікавы камэнтар даў ужо прыгаданы Павал Барадзін. Ён сказаў, што цяпер "аб''яднаньне Расеі і Беларусі пойдзе сямімільнымі крокамі".

Спадар Радзіхоўскі, у сьвятле таго інтэграцыйнага ажыўленьня, пра якое як казаў, ці сапраўды аб''яднаньне "пойдзе сямімільнымі крокамі", як абяцае Барадзін?"

(Радзіхоўскі: ) "Словы Барадзіна я наагул успрымаю паводле старой прымаўцы: "Прошла зима, настало лето – спасибо партии за это, лето кончилось, зима – и снова партия права". Што б не адбылося ў сьвеце, паводле Барадзіна вынік заўсёды адзін – інтэграцыя пойдзе сямімільнымі крокамі.

Ну а што застаецца рабіць Пал Палычу? Дачку катуюць у засьценках інквізыцыі ў Італіі, самому за мяжу ходу няма – арыштуюць, куды б не паехаў. Застаецца спадзявацца толькі на інтэграцыю. Але гэта – асабістыя праблемы багатай, духоўна багатай сям''і Барадзіных.

А калі казаць пра ўласна інтэграцыйныя працэсы, то я застаюся гарачым прыхільнікам Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Я ня ведаю, ці карысны ён для Беларусі, гэта вам лепш бачна, але ён надзвычай карысны для Расеі. Бо пакуль ён жывы, ніякага аб''яднаньня ніколі, ні пры якіх умовах ня будзе. А паколькі гэтае аб''яднаньне з майго гледзішча было б вельмі небясьпечным для Расеі і для Беларусі таксама, то ў гэтым сэнсе Аляксандар Рыгоравіч – гарант цэласнасьці і спакойнага існаваньня расейскай дзяржавы, за што я, як грамадзянін Расеі, яму вельмі ўдзячны".

(Дракахруст: ) "Але калі казаць у больш практычным пляне, Вы самі прызналі, што гэтыя кадравыя прызначэньні азначаюць выбар нейкага шляху, нейкага варыянту. Размова ідзе пра тое, што ў 2008 годзе на прэзыдэнта Расеі будзе вылучацца нейкі чалавек з цяперашняй каманды Пуціна. Ці азначае гэта, што ў наборы сцэнароў, якія ёсьць у Крамля, варыянт "Пуцін – саюзны прэзыдэнт" закрыты, выкінуты ў сьметнік і да яго больш вяртацца ня будуць?"

(Радзіхоўскі: ) "Я думаю, што гэты варыянт, пра які Вы сказалі – працяг паўнамоцтваў праз аб''яднаньне Беларусі і Расеі, не закрыты і не выкінуты ў сьметнік, па той простай прычыне, што ён ніколі ўсур''ёз не разглядаўся.

Было абсалютна відавочна ўсім у Маскве, што гэтага ня можа быць, бо ня можа быць ніколі. Гэтага ня можа быць, бо на гэта ніколі ня пойдзе Лукашэнка. Гэтага ня можа быць, бо занадта дорага для Расеі. Гэтага ня можа быць, бо гэта прынясе неверагодны хаос у і бяз гэтага некіраваную расейскую бюракратыю. Гэта ня можа быць, бо не бывае ў прыродзе дзяржавы, якое складаецца з дзьвюх дзяржаваў, адна зь якіх уключае ў сябе яшчэ аўтаномныя рэспублікі. Не бывае канфэдэрацыі, пабудаванай на плячах фэдэрацыі. Гэта трызьненьне, такога ня можа быць у прынцыпе.

Таму гэты варыянт ніколі ўсур''ёз не разглядаўся, гэта чысьцейшы піяр зь першай сэкунды, спосаб дурыць людзям галаву. Гэтым пасьпяхова займаліся спачатку Ельцын і Лукашэнка, потым Пуцін і Лукашэнка. Тут яшчэ трэба мець на ўвазе асабліва шчырыя асабістыя адносіны Пуціна і Лукашэнкі".

(Дракахруст: ) "Спадар Радзіхоўскі, ну ёсьць жа і іншыя мадэлі аб’яднаньня. Нагадаю, яшчэ ў жніўні 2002 году Ўладзімер Пуцін прапанаваў Беларусі ўвайсьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі шасьцю ці сям''ю губэрнямі".

(Радзіхоўскі: ) "Дай Бог Расеі захавацца ў тым выглядзе, у якім яна сёньня існуе. І ёй яшчэ пашырацца... Ды нават калі б Расея проста паглынула Беларусь, расчляніла яе на вобласьці і ўключыла іх у свой склад, на што ніколі ня пойдзе ня толькі Лукашэнка, але і ніводны нармальны беларускі палітык і беларускі народ.

Але нават калі б такі варыянт Расеі прапанавалі, усё роўна ёй гэта не па сілах. Ну не праглынуць ёй такі кусок – падавіцца. Ён ёй і непатрэбны, і праглынуць яго немагчыма.

Але паўтаруся – засталося яшчэ спытаць беларусаў, а я ўпэўнены, што ніхто зь беларусаў не пагадзіцца з расчляненьнем сваёй дзяржавы на вобласьці, ды яшчэ каб губэрнатараў гэтых абласьцей прызначаў прэзыдэнт Расеі.

Ну зь якой радасьці Беларусь пазбаўляцца ўсіх сваіх палітычных правоў?

Разумееце, як толькі мы ад чароўных словаў -"аб''яднаньне", "братэрскія народы", тра-та-та, ля-ля-ля пераходзім да таго, як гэта зрабіць, высьвятляецца, што "в одну телегу впрячь неможно коня и трепетную лань". Каго там не назаві канём ці ланьню – гэта справы не мяняе. Таму гэты варыянт ніколі і не разглядаўся. А дурыць людзям галаву – гэта калі ласка".

(Дракахруст: ) "Спадар Пазьняк, ці Вы згодны са спадаром Радзіхоўскім, што праект аб''яднаньня Беларусі ды Расеі і першапачаткова быў і цяпер застаецца чыстым піярам? З гэтага тады вынікае, што выбар на карысьць апэрацыі "Пераемнік" на беларуска-расейскія адносіны аніяк не паўплывае".

(Пазьняк: ) "У прынцыпе я згодны. Тут пытаньне толькі ў тым, каму больш патрэбны, больш выгадны гэты піяр. Мне здаецца, што цяпер ён усё ж больш патрэбны Аляксандру Рыгоравічу. І цяпер яму, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў важна, каб у беларусаў склалася ўражаньне, што Крэмль спадзяецца і ці робіць выгляд, што спадзяецца, на інтэграцыйнае вырашэньне "праблемы Пуціна 2008".

Дзяржсавет саюзнай дзяржавы перанесены на канец лістапада. Мой прагноз, што там Лукашэнка і Пуцін заявяць, што яны пайшлі на кампраміс і на рэфэрэндум у дзьвюх краінах будуць вынесеныя два варыянты канстытуцыйнага акту – пуцінскі і лукашэнкаўскі. І ў абедзьвюх краінах вынікі рэфэрэндумаў будуць атрыманыя такія, якія задаволяць адпаведныя ўлады, скажам, у нас у Беларусі пуцінская рэдакцыя ня пройдзе".

(Дракахруст: ) "Кірыл, Вы ўсё ж лічыце, што гэтая інтэграцыйная гульня, якая зараз адбываецца, усё ж урэшце скончыцца рэфэрэндумам, ці словы так і застануцца словамі?"

(Пазьняк: ) "Не, я думаю, што ўсё ж будуць і "справы", хаця возьмем іх двукосьсе, паколькі ад словаў народ ужо стаміўся, і яму патрэбны хаця б нейкія імітацыйныя дзеяньні".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG