Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Безь незалежнай прэсы Беларусь канчаткова ператворыцца ў дыктатуру савецкага кшталту”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

З новага году падпісчыкі ня змогуць атрымліваць па пошце недзяржаўныя газэты “Народная Воля”, “Згода”, “Салідарнасьць” і шэраг іншых. Яшчэ раней гэтыя ды іншыя незалежныя выданьні былі пазбаўленыя права прадавацца ў шапіках “Белсаюздруку”. Як на гэта рэагуюць людзі? Ці захаваецца ў Беларусі ўвогуле недзяржаўная грамадзка-палітычная прэса? Вось якімі развагамі на гэты конт дзеліцца ў сваім электронным лісьце на “Свабоду” Дзяніс Талкачоў зь Менску:

“Народную Волю” я чытаю рэдка — яна мне ня дужа падабаецца. Больш арыентуюся на інтэрнэт-сайты, у тым ліку і “свабодаўскі”. За Інтэрнэтам — будучыня: гэта і больш апэратыўна, і цікавей, і таньней. Але я ведаю, што для многіх старых і бедных людзей, якія ня маюць кампутараў, “Народная Воля” была адзінай крыніцай незалежнай інфармацыі. І цяпер іх гэтай крыніцы пазбавілі. Я не магу зразумець, якой мэты хоча дамагчыся гэтым улада? Зьнішчыць незалежную прэсу ўвогуле? Але чаму б тады ня выдаць адпаведны ўказ, забараніць іншадумства і выданьне любых газэтаў, апроч дзяржаўных? Тады, прынамсі, усё было б зразумела і ясна.

Навошта гэтыя шматступенчатыя хітрыя схемы, пры якіх адказнасьць за важныя рашэньні фармальна ўскладаецца на нейкіх другарадных чыноўнікаў? Няўжо ў кагосьці з высокапастаўленых начальнікаў, якія стаяць за гэтымі рашэньнямі, ёсьць ілюзія, што ў выпадку, калі настане час расплачвацца за мінулыя грахі, адказнасьць удасца перакласьці на тых, хто падпісваў дакумэнты — кіраўнікоў “Белпошты”, “Белсаюздруку”, іншых дробных начальнікаў. Гэта ж наіўна. Ня стане незалежнай прэсы — Беларусь зробіць яшчэ адзін крок да паўнавартаснай дыктатуры”.

Нават паводле той двойчы перапісанай Канстытуцыі, якая дзейнічае цяпер, грамадзянам Беларусі фармальна гарантуецца права свабодна выказваць уласныя погляды і перакананьні, а манапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі дзяржавай і цэнзура забаронены (гэта замацавана ў 33-м артыкуле дзейнай Канстытуцыі). Магчыма, спадар Талкачоў, менавіта з гэтай прычыны ва ўзаемадачыненьнях улады і недзяржаўных газэтаў абраная такая грувасткая схема, калі выданьні не забараняюць непасрэдным загадам ці дэкрэтам, а ставяць іх у такія ўмовы, пры якіх рэдакцыі і выдаўцы самі празь нейкі час вымушаныя спыняць сваю дзейнасьць, паколькі яна становіцца эканамічна неэфэктыўнай.

Зрэшты, калі зыходзіць з савецкай палітычнай мадэлі (а менавіта яна ўзята за ўзор у сёньняшняй Беларусі ў многіх сфэрах), то азірацца на Канстытуцыю таксама не абавязкова. Згадайма: ва ўсіх савецкіх канстытуцыях грамадзянам гарантавалася свабода сходаў, друку, веравызнаньня… Але гэта зусім не замінала камуністычнаму рэжыму разбураць саборы, кідаць дысыдэнтаў у “псыхушкі” і турмы, арыштоўваць распаўсюднікаў і аўтараў самвыдату.

Наша слухачка Разалія Рубінчык зь Менску выказала сваё абурэньне тым, што напярэдадні 7 лістапада па дзяржаўным тэлеканале ОНТ у выступе аднаго беларускага дэпутата прагучала сьцьвярджэньне, нібы дзень кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца ня толькі ў Беларусі, але таксама ў Расеі і Малдове.

“Але ж усім вядома, што ў Расеі гэта сьвята сёлета адмянілі: 7 лістапада там быў працоўны дзень. Праўда, гэта зусім ня значыць, што тыя, хто гэты дзень шануе, не маглі сабрацца на мітынгі і шэсьці. У адрозьненьне ад Беларусі, у Расеі людзям зьбірацца на цэнтральных вуліцах ды плошчах не забаронена. Хачу таксама нагадаць, што 7 лістапада 1941 году фашысты ў Менску наладзілі страшны пагром у габрэйскім гета, у выніку якога загінулі тысячы людзей. І для мяне гэта дзень жалобы. Ды і як можна лічыць сьвятам дзень, зь якога пачалося масавае зьнішчэньне ўласнага народу — рэпрэсіі, расстрэлы, злачыннае забойства царскай сям’і?

Сёньня нас пераконваюць, што кастрычніцкі пераварот быў вялікім прагрэсіўным дасягненьнем. А заўтра пачнуць даводзіць, што і сталінскія рэпрэсіі ды чысткі таксама прынесьлі дабро для народу, бо гэта было зроблена дзеля пабудовы вялікай і магутнай краіны? Для мяне дзіўна і дзіка, што ў нашых уладаў такая кароткая памяць”.

Дзяржаўная сыстэма сёньняшняй Беларусі, спадарыня Рубінчык, у многім грунтуецца на тых жа прынцыпах і ідэях, што і колішні Савецкі Саюз. Відавочна, адсюль і гэтае шанаваньне сымбаляў і датаў савецкай эпохі, палітычных дзеячаў таго часу, помнікаў і манумэнтаў. Людзей спрабуюць пераканаць, што, базуючыся на засяроджанай у адных руках аўтарытарнай уладзе, можна пабудаваць магутную і заможную дзяржаву. Хоць увесь гістарычны досьвед Савецкага Саюзу сьведчыць якраз аб адваротным: сыстэма, якая абапіралася на страх, гвалт і несвабоду, прывяла не да росквіту, а да глыбокага крызісу і заняпаду. І ўрэшце пад цяжарам уласных унутраных супярэчнасьцяў і распалася.

Наш слухач з Рыгі Міхаіл Леках у лісьце згадвае, як у свой час вучыўся ў сярэдняй школе №1 гораду Полацку і на якім добрым узроўні там выкладалася беларуская мова і літаратура. І хоць далейшы свой лёс спадар Леках зьвязаў з Латвіяй, ён і сёньня зь вялікім зацікаўленьнем слухае беларускае радыё, чытае пэрыёдыку на беларускай мове. У сваім лісьце слухач піша:

“Цікава, а які сёньня ўзровень выкладаньня беларускай мовы і літаратуры ў беларускіх школах з расейскай мовай навучаньня? Ці будуць сёньняшнія выпускнікі расейскамоўных беларускіх школ гадоў праз 40—50 гэтак жа, як я і мае аднаклясьнікі, чытаць на беларускай мове і добра разумець беларускую гаворку? Ці праводзіліся на працягу апошніх дзесяці год адпаведныя дасьледаваньні? Я штогод бываю ў Менску і ў Беларусі па некалькі месяцаў, уважліва знаёмлюся з усімі цэнтральнымі газэтамі, але ні ў адной не знайшоў адказу на гэтыя пытаньні. Я мяркую, што падвышэньне якасьці выкладаньня і вывучэньня беларускай мовы ва ўсіх школах — гэта вялікая рэзэрва ва ўмацаваньні пазыцыяў беларускай мовы. Гэта таксама магло б зьмякчыць сытуацыю зь беларускай мовай у грамадзтве”.

Калі вы, спадар Леках, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя часта бывалі ў Менску, то не маглі не заўважыць, як пасьлядоўна ўвесь гэты час беларуская мова выцясьнялася з грамадзкага ўжытку. Зь беларускай на расейскую мову былі пераведзены многія школы; на расейскамоўнае вяшчаньне перайшоў асноўны дзяржаўны тэлеканал; створана многа новых тэлеканалаў і радыёстанцыяў, але ўсе яны расейскамоўныя; беларуская мова амаль цалкам выціснута з чыноўніцкіх кабінэтаў, вышэйшых навучальных установаў, афармленьня тавараў, аздабленьня вуліцаў…

І якімі ў гэтых умовах могуць быць узровень выкладаньня беларускай мовы і ступень зацікаўленьня вучняў у тым, каб добра авалодаць ёй? Якія існуюць стымулы для дасканалага вывучэньня беларускай мовы школьнікамі, калі ў Беларусі няма ніводнага беларускамоўнага ўнівэрсытэту, а веданьне беларускай мовы не патрабуецца ні ў адной дзяржаўнай установе (хіба што за рэдкім выключэньнем)?

На заканчэньне ліст Івана Восіпава зь Менску, у якім слухач распавёў пра тое, як змагаўся зь мясцовымі чыноўнікамі за справядлівае налічэньне пэнсіі. У працоўны стаж яму не залічылі навучаньне ў 1960-я гады ў тэхнікуме ў Казахстане. З адміністрацыі Цэнтральнага раёну Менску, куды ён зьвяртаўся, паведамілі: запыт у казахстанскі горад Гур’еў паслалі, але адказу няма. Цяпер паўторна зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі Казахстану.

“Пасьля гэтага я чакаў яшчэ паўгоду, — піша нам Іван Восіпаў. — А 12 жніўня сказаў чыноўніцы Аўдзеевай, якая рыхтавала мне гэтыя адказы: “Ня вырашыце маёй праблемы, ня знойдзеце двух гадоў стажу — напішу на Радыё Свабода”. І што вы думаеце: праз тыдзень, 20 жніўня, пасьля трох гадоў чаканьня дамаглася яна пацьвярджэньня з Казахстану. Спадзяюся, што ўжо за лістапад атрымаю пэнсію за тыя страчаныя два гады. Вось што значыць сіла “Свабоды”.

Мы радыя, спадар Восіпаў, што вам пашанцавала. Магчыма, гэта проста супадзеньне, і дапамог вам зусім ня страх чыноўніцы перад “Свабодай”. Хоць, зрэшты, на прыкладзе многіх гісторыяў, апісаных нашымі слухачамі ў лістах, мне ня раз даводзілася пераконвацца: любая галоснасьць у спрэчцы з чыноўнікамі значна спрыяе таму, каб справядлівыя патрабаваньні грамадзянаў і разглядаліся ў сьціслыя тэрміны, і рашэньні наконт іх прымаліся справядлівыя, у адпаведнасьці з законам.

Цягам мінулых дзён нам таксама напісалі Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, Вікторыя Ганчарэнка з Клецкага раёну, Паліна Белацаркоўская з Гомелю, Іван Антанюк, Сяргей Стах і Віктар Лісоўскі зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG