Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што міліцыя перасьледуе грамадзкага актывіста са Сьветлагорску?


Казімер Яноўскі, Сьветлагорск У Сьветлагорску міліцыя распачала адміністрацыйную справу супраць актывіста моладзевага руху, сябра Таварыства беларускай мовы Вадзіма Богдана. Яго абвінавачваюць у перавозцы зь Менску незарэгістраванай друкаванай прадукцыі — бюлетэняў “16”, прысьвечаных сёньняшняй акцыі салідарнасьці “Запалі сьвечку”.

Пра завядзеньне адміністрацыйнай справы за перавоз бюлетэняў, датычных акцыі салідарнасьці “Запалі сьвечку”, міліцыянты паведамілі Вадзіму падчас допыту. Яны наважваліся правесьці паўторны ператрус кватэры актывіста:

(Богдан: ) “Спачатку ўвогуле распачаўся ў дачыненьні мяне такі “мазгавы штурм” — і пра фашызм, і чаго толькі ня чуў я на свой адрас. Праз паўгадзіны міліцыянты прапанавалі паехаць ізноў да мяне дадому, каб пашукаць там самагон”.

Спыніла міліцыянтаў просьба прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту ў рэгіёне Алеся Яўсеенкі паказаць дазвол на паўторны ператрус кватэры Богдана. Як лічыць спадар Яўсеенка, міліцыянты і першы раз ня мелі права рабіць ператрус. Ордэр пракурор падпісаў толькі на дагляд жытла.

Намесьнік начальніка аддзяленьня прафіляктыкі сьветлагорскай міліцыі Канстанцін Кухарэнка, удзельнік ператрусу 11 лістапада кватэры актывіста Богдана, ад камэнтару адмовіўся.

Сёньня ўвечары ў Сьветлагорску павінна адбыцца пазачарговае паседжаньне мясцовай рады Таварыства беларускай мовы, дзе будзе прынята заява пратэсту з прычыны перасьледу Вадзіма Богдана.

(Масьлюкоў:) “Па ўсіх прыкметах ператрус, які быў у Вадзіма, зьяўляецца скрытай формай перасьледу за яго грамадзкую дзейнасьць”, — лічыць кіраўнік Сьветлагорскай рады ТБМ Тэльман Масьлюкоў.
XS
SM
MD
LG