Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра службу ў войску


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Ягор Маёрчык: ) “У Беларусі восеньскі прызыў. Шэрагі Ўзброеных сілаў папоўняць некалькі тысяч навабранцаў. Тэма праграмы — служба ў войску”.

(Вольга Канапелька: ) “Да вашае ўвагі інтэрвію з хлопцам, які ня хоча ісьці ў войска. Ён дае парады, як ня стаць жаўнерам”.

Гаворкі пра тых, хто косіць

(Маёрчык: ) “Перадусім маленькая даведка. Сёлета на тэрміновую вайсковую службу прызавуць 11 тысяч чалавек, зь якіх 8 тысяч папоўняць шэрагі Ўзброеных сілаў. Міністар абароны Леанід Мальцаў заявіў, што бліжэйшым часам беларускае войска не адмовіцца ад прызыву навабранцаў і ня стане цалкам прафэсійным. Альтэрнатыўная вайсковая служба магчымая толькі для тых, хто з рэлігійных меркаваньняў ня можа трымаць зброі ў руках. А ўсе астатнія — крокам руш у жаўнеры”.

(Канапелька: ) “Ад агульнага пераходзім да прыватнага. Ягор, а ты ў войску служыў?”

(Маёрчык: ) “Служыў!”

(Канапелька: ) “Няўжо?”

(Маёрчык: ) “Нават дакумэнты адпаведныя пра гэта ёсьць. Я вучыўся на вайсковай катэдры ўнівэрсытэту, а пасьля была стажыроўка ў частцы”.

(Канапелька: ) “Якое ж гэта войска?”

(Канапелька: ) “Самае сапраўднае. Я — лейтэнант запасу!”

(Канапелька: ) “Ну, і як табе было ў войску?”

(Маёрчык: ) “Ды ніяк! За месяц так не спадабалася, нават уявіць сабе не магу, як там людзі паўтара году служаць! Я паводле сваёй натуры чалавек свабодалюбны, вельмі цяжка было прызвычаіцца выконваць чужыя загады. Але, зь іншага боку, за пяць гадоў унівэрсытэту нішто ня згадваецца з такім сьмехам, як навучаньне на катэдры і стажыроўка ў войску”.

(Канапелька: ) “І ад чаго ты весяліўся?”

(Маёрчык: ) “Ад пэрлаў афіцэраў. Выразы часьцяком былі такія, што і пераказваць іх ня буду. Але магу запэўніць, што савецкая клясыка жанру — “капаць адсюль і да абеду”, альбо “выйшлі мы ў поле, а з-за рогу танкі” — нічога ня вартая ў параўнаньні з тым, што даводзілася чуць з вуснаў беларускіх афіцэраў”.

(Канапелька: ) “У цябе, Ягор, ад войска нейкія дзіўнаватыя ўспаміны. А ўсё таму, што ты не служыў па-сапраўднаму. Тыя ж, хто шарагоўцамі тапталі боты паўтара году, без усьмешкі распавядуць табе і пра дзедаўшчыну, і пра дарма згублены час, і пра шмат што іншае”.

(Маёрчык: ) “Ну, дзеля справядлівасьці зазначу, што па дзедаўшчыну і марнаваньне часу могуць распавесьці ня толькі жаўнеры, але і прызыўнікі, якіх менавіта гэтыя хібы адпужваюць найбольш. Доказам будзе інтэрвію з Андрусём. На дадзены момант ён студэнт, але не за гарамі той час, калі ён атрымае позву ў ваенкамат”.

(Андрусь: ) “Для мяне войска — гэта паўтара году змарнаванага часу, гэта зьнішчэньне майго маральнага і духовага стану. Я лічу, што войска — гэта на ўзроўні турмы, гэта апошняе месца, куды я пайду”.



(Маёрчык: ) “Чаму вы лічыце, што войска — гэта турма? Вы ж там не былі, адкуль вы ведаеце, што там?”

(Андрусь: ) “У мяне ёсьць шмат сяброў, які былі ў войску. Яны вярнуліся ў вельмі кепскім стане, а некаторыя зусім не прыйшлі. Адзін хлопец на глебе нэрвовага зрыву павесіўся. А яшчэ адзін сябра прыйшоў без зубоў”.

(Маёрчык: ) “Ці ёсьць сярод вашых знаёмых людзі, якія хочуць туды ісьці?”

(Андрусь: ) “Быў такі хлопец, вельмі рваўся ў войска. У адгазьніку яго прымусілі капаць яміну, і ад гэтага ў яго быў мікраінфаркт. Пасьля гэтага ён кажа: хлопцы, не хадзіце ў войска, гэта — згублены час”.

(Маёрчык: ) “Прыхільнікі войска кажуць, што калі хлопец не адслужыў, ён не мужчына. Вас там навучаць валодаць зброяй! Вас там навучаць прыёмам самаабароны і наступу! Вас там загартуюць фізычна!”

(Андрусь: ) “Навошта мне ўсё гэта?! Я гуманіст, і для мяне гвалт над асобай — гэта кепска, зброя — гэта не для мяне. Я баюся змарнаваць час. Але і дзедаўшчына адыграла вялікую ролю для мяне. Каб яе не было, мабыць, у войска і пайшоў бы”.

(Маёрчык: ) “Вы разглядаеце магчымасьць не ісьці ў войска? Іншымі словамі, ці не зьбіраецеся вы адкасіць?”

(Андрусь: ) “Калі прымусяць ісьці, буду касіць. Касіць вельмі проста — той жа скаліёз. Калі ён у цябе немаленькі, то можна на нейкі час зрабіць так, каб ён стаў яшчэ большы. Трэба толькі перакасіць хрыбет у той бок, дзе скаліёз — гэта вельмі проста. Мэтадаў шмат: можна знайсьці сабе жонку, зрабіць дваіх дзяцей і выхоўваць іх. Яшчэ можна закасіць пад дурня. Але гэта больш складана. Быў такі прыклад: хлопец сказаў, што ня хоча быць зброяй у руках радзімы, і яго накіравалі ў псыхушку”.

(Маёрчык: ) “Тое, што чалавек прайшоў псыхіятрычную лякарню — гэта пячатка на ўсё жыцьцё”.

(Андрусь: ) “Так, гэта пячатка, але я мяркую, што лепей у псыхіятрычны шпіталь, чым у войска”.

(Маёрчык: ) “Пайшлі б у войска, вам бы там выдалі вайсковую форму, пагоны. На вас бы ўсе дзяўчаты заглядаліся! Як вам такая пэрспэктыва?”

(Андрусь: ) “Дзяўчаты — гэта добра... У мяне ёсьць некалькі сябровак, у якіх я запытваўся: “Хацелі б вы, каб ваш муж быў вайскоўцам?” Яны кажуць: “Хопіць, што ў мяне бацька вайсковец, мужа б не хацела. Не хачу за вайскоўца!”

Гаворкі пра добраахвотнікаў

(Канапелька: ) “Ад войска хочуць адкасіць далёка ня ўсе. Ёсьць і такія, хто жадае патрапіць туды добраахвотна”.

(Маёрчык: ) “Мне падаецца, Воля, што ў гэтым таксама ёсьць цьвярозы разьлік. Прыкладам, у нейкай сям’і бракуе грошай на жыцьцё. Выправіць сына ў войска вельмі выгадна, бо там яго будуць карміць і апранаць. Адпаведна, у сям’і на адзін рот паменее”.

(Канапелька: ) “Ягор, праблема толькі ў тым, што ня кожны можа патрапіць у войска. Сёньня туды прызываюць людзей, якія нарадзіліся да 1986 году. Тады ў Беларусі быў бум нараджальнасьці. І цяпер Міністэрства абароны мае магчымасьць выбіраць, каго ў войска ўзяць, а каго не”.

(Маёрчык: ) “Але нашы гаворкі пра тых, хто добраахвотна хоча пайсьці ў войска. У “Маладых галасах” удзельнічае студэнт адной зь менскіх ВНУ Віталь. Такая ўсебакова разьвітая асоба: захапляецца клясычнай музыкай, замежнай літаратурай і вывучэньнем рэлігіяў. У ягонай сям’і не бывае такіх сытуацыяў, калі няма чаго паставіць на стол, але тым ня меней, ён марыць апрануць форму і стаць жаўнерам... Маладыя людзі па-рознаму ставяцца да войска. Якія ваш погляд на гэтую праблему?”

(Віталь: ) “У кожнага чалавека павінен быць грамадзянскі абавязак. Абавязак павінен быць і перад сумленьнем. Я маю сумленьне, я маю і абавязак. Калі я прайду гэтую службу, я змагу назваць сябе сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны”.



(Маёрчык: ) “А вас не засмучаюць хібы вайсковай сыстэмы Беларусі? Тая ж дзедаўшчына...”

(Віталь: ) “Мне падаецца, што дзедаўшчына існуе ў кожным войску. Гэта стэрэатып, які склаўся вельмі даўно. Ён адштурхоўвае многіх людзей. Гэта нейкі страх, якія сядзіць у кожнага ўсярэдзіне. Перад гэтым страхам многія ня могуць выстаяць. Таму хлопцы выдумляюць сабе адмазкі, каб не пайсьці служыць”.

(Маёрчык: ) “Ці памяняецца стаўленьне да сяброў, калі яны закосяць і ня пойдуць служыць?”

(Віталь: ) “Натуральна, што нешта памяняецца. Гэты чалавек у маіх вачах аслабее. Мне будзе падавацца, што ён ня змог пераадолець гэтага страху. Гэтыя сябры будуць выглядаць у маіх вачах больш нізка”.

(Маёрчык: ) “А што кажуць сябры, калі яны чуюць вашы развагі пра войска?”

(Віталь: ) “Кажуць, што я дурань, што найперш павінна быць адукацыя, трэба ствараць сям’ю. Кажуць, што служыць павінны тыя, у каго няма розуму”.

(Маёрчык: ) “Адвечнае пачуцьцё свабоды — войска ж, апроч дысцыпліны, падаўляе адвечныя памкненьні. Ці даспадобы вам такое? Ці гатовыя вы на два гады адмовіцца ад уласных волі і жаданьняў?”

(Віталь: ) “Яшчэ Гарацый казаў: каб вынасіць сваю кнігу, патрэбна шэсьць-восем гадоў. Мне падаецца, што мары, якія могуць зьдзейсьніцца цяпер, могуць зьдзейсьніцца і пасьля службы ў войску”.

Гаворкі пра войска і дзяўчат

(Маёрчык: ) “Канапелька, ці гатовая ты пайсьці служыць у войска?”

(Канапелька: ) “Не, як я цябе аднаго пакіну? Дый ня хлопец я!”

(Маёрчык: ) “Па-першае, калі ты пойдзеш у войска, то мы ў “Маладых галасах” арганізуем адмысловую рубрыку для цябе. Па-другое, неістотна, што ты ня хлопец! Дзяўчат таксама бяруць. Знойдуць табе які-небудзь занятак, у цябе зьявіцца пэрспэктыва даслужыцца да падпалкоўніка, а, дакладней будзе сказаць — да падпалкоўніцы”.

(Канапелька: ) “Ягор, ты мяне ўгаворваеш?”

(Маёрчык: ) “Не, я толькі малюю пэрспэктыву твайго жыцьця. Ты даслужысься да вайсковай пэнсіі, у цябе будзе шанаваньне дзяцей і ўнукаў. Яны ў дзіцячым садку любяць хваліцца, хто іхныя тата, маці, бабуля, дзядуля. Твае будучыя нашчадкі будуць з гонарам казаць на ўсю пясочніцу: “А мая баба Воля служыла ў войску!” Такі лёс цябе ня вабіць?”

(Канапелька: ) “Дзякуй, але нешта мне ня вельмі хочацца. хаця прызнаюся, што ў гады студэнцтва я разглядала магчымасьць такога зыгзагу ў маім жыцьці. Тады мне было ўсё цікава, я хацела паспрабаваць шмат чаго, як кажуць, знайсьці сябе. Тым больш, што працаваць у мужчынскім калектыве прыемней ды і лягчэй. Але цяпер я дакладна не пайду служыць у войска!”

(Маёрчык: ) “Канапелька, я тут днямі пазнаёміўся з адной дзяўчынай, якая марыць патрапіць у войска. Калі дамаўляўся на сустрэчу, у маім уяўленьні ўзьнікла асоба жаночага полу з кароткай стрыжкай, апранутая ў стылі “мілітары”, якая ў руцэ ўвесь час разьмінае эспандэр...”

(Канапелька: ) “М-да, багатае ў цябе, Маёрчык, уяўленьне. А што ў рэчаіснасьці?”

(Маёрчык: ) “А насамрэч поўная супрацьлегласьць! На спатканьне прыйшла стылёва апранутая прывабная брунэтка”.

(Канапелька: ) “У цябе нават голас зьмяніўся, калі ты пачаў пра яе распавядаць! Можа, ты адразу ў войска захацеў?”



(Маёрчык: ) “Прызнаюся, што за такой бы пайшоў і ў атаку, і нават па мінным полі! Дык вось, паводле яе манеры кантактаваць ніколі б не падумаў, што яна прагне стаць афіцэркай. Але жыцьцё дзіўная рэч: часам хочацца верыць ня ў праўду, а ў створаны вобраз. І размова з Кацярынай пацьвердзіла, што вобраз бывае прыемнейшы за праўду… Кацярына, чаму вы станоўча ставіцеся да войска? Адкуль такая сымпатыя?”

(Кацярына: ) “Гэта жыцьцё ў калектыве, гэта спаборніцтвы, гэта выхоўвае мужнасьць і адказнасьць, яно фармуе сілу волі чалавека і рыхтуе да далейшага жыцьця. На маю думку, маладыя людзі павінны да гэтага цягнуцца і станоўча да гэта ставіцца. Цяпер нават многія дзяўчаты стараюцца ісьці ва Ўзброеныя сілы, каб выпрабаваць сябе.



Калі-небудзь у нас гэта будзе распаўсюджана і прэстыжна. Жанчыны будуць мэтанакіравана ісьці ў войска і служыць разам з мужчынамі. Мая малодшая сястра ў гэтым годзе рыхтуецца паступаць на факультэт Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Жанчыны цяпер вельмі часта імкнуцца да такіх прафэсіяў”.

(Маёрчык: ) “З чаго пачалася такая сымпатыя?”

(Кацярына: ) “Пачалося з думкі, што мужчына ў форме — гэта прэстыжна, надавала нейкую мужнасьць. Заўсёды было відаць, што мужчыны, якія працуюць у войску, асабліва ставяцца да жыцьця і да жанчын, яны больш мужныя”.

(Маёрчык: ) “Цалкам натуральна сымпатыя да мужчыны ў пагонах зусім не азначае, што жанчыны мусяць ісьці па тых самых сьлядах. Можна мець хлопца альбо мужа, які служыць у войску, і на гэтым спыніцца. Адкуль у вас цяга да войска?”

(Кацярына: ) “Падаецца, што для жанчыны гэта таксама вельмі цікава — паспрабаваць сябе ў новай прафэсіі, гэта выпрабаваньне самой сябе”.

(Маёрчык: ) “А вы ведаеце пра адмоўныя бакі службы ў войску? А як наконт іншых адмоўных момантаў? Тое ж распаўсюджанае сярод афіцэраў п’янства. Дзяўчыне будзе цяжка знаходзіцца ў такім асяродку”.

(Кацярына: ) “Жанчына зможа ўнесьці настрой у мужчынскі калектыў. Гэта будзе іх стрымліваць і, можа быць, яны будуць паводзіць сябе інакш у мужчынскім калектыве”.

(Маёрчык: ) “А вы калі-небудзь спрабавалі наблізіць сваю мару да выкананьня? Ці спрабавалі вы ўладкавацца ва Ўзброеныя сілы Беларусі?”

(Кацярына: ) “Не, такога не было, але яшчэ ня ўсё згублена. Магчыма, я калі-небудзь спраўджу сваю мару”.

Гаворкі пра тых, хто адслужыў

(Маёрчык: ) “Воля, а якое тваё стаўленьне да вайсковай службы? Ты таксама лічыш, што калі хлопец у войску не служыў, значыць, ён несапраўдны мужчына? І хто заслугоўвае большай павагі: тыя, хто ідуць служыць, альбо тыя, хто шукаюць магчымасьць пазьбегнуць гэтага?”

(Канапелька: ) “Войска — гэта не адзінае, за што чалавека можна назваць сапраўдным мужчынам. Я ўвогуле лічу, што такое меркаваньне можна параўнаць зь іншай тэзай: жанчына ня ёсьць паўнавартаснай, калі не наведвала гурток вышываньня крыжыкам. І ня трэба мяне пытаць, ці я наведвала!”

(Маёрчык: ) “Наведвала?”

(Канапелька: ) “Не прызнаюся! А што, ты лічыш гэтую тэзу сапраўднай?”

(Маёрчык: ) “Ні ў якім разе!”

(Канапелька: ) “Ёсьць людзі, якія ў войску сапраўды розуму набіраюцца. А ў некаторых яго як не было, так і не дадаецца пасьля войска. Так што, Ягор, можа і табе б не пашкодзіла б годзік-другі па-сапраўднаму адчуць жыцьцё шараговага жаўнера, а не адразу ў лейтэнанты пасьля месяца вясёлай стажыроўкі?”

(Маёрчык: ) “Паколькі Вольга Канапелька ня лічыць мяне чалавекам, які па-сапраўднаму служыў у войску, я запрасіў да ўдзелу ў праграме Ігара Тышкевіча. Ён жыхар мястэчка Сьвіслач, што ў Пухавіцкім раён Меншчыны. Некалі гэтага хлопца выключылі з унівэрсытэту за апазыцыйную дзейнасьць. На жыцьцёвых ростанях яго падабраў ваенкамат, і такім чынам Ігар апынуўся ва Ўзброеных сілах Беларусі. Ён дзеліцца ўспамінамі з тых часоў”.

(Тышкевіч: ) “Служыў я ў Баранавічах у батальёне сувязі. Уражаньні ад войска ў мяне самыя найлепшыя. Яшчэ ў савецкі час казалі, што гэта добрая школа жыцьця. У гэтым пераканаўся на сваёй уласнай скуры. І што да пытаньня дзедаўшчыны, то яны была, ёсьць і будзе. Як бы ні пісалі, што яны выкараняюць, яна ёсьць ва ўсіх войсках. Наколькі яна моцна праяўляецца, гэта залежыць ад афіцэраў, прапаршчыкаў, ад таго, як чалавек сам сябе паставіць, і ад агульнага інтэлектуальнага роўню тых, хто служыць у частцы”.

(Маёрчык: ) “Ці былі нейкія непрыемныя моманты, альбо вас гэта мінула?”

(Тышкевіч: ) “Пытаньне — што называць дзедаўшчынай. Калі казаць пра спробы актыўнага зьдзеку, то мне пашчасьціла, бо войскі сувязі — гэта інтэлектуальны від войскаў, і агульны адукацыйны ровень быў высокі. Апроч таго, мы былі старэйшыя за дзядоў, і непасрэдных зьдзекаў з нас не было”.

(Маёрчык: ) “Маладых людзей спыняе ісьці ў войска тое, што яны згубяць гэты час. Зь іншага боку, вы згадалі, што для вас гэта была сапраўдная школа жыцьця. Чаму вы навучыліся ў войску?”

(Тышкевіч: ) “Войска вучыць арганізаванасьці, вельмі моцна шанаваць сваю ўласную годнасьць і годнасьць іншых людзей, выконваць загады і загадваць людзям. Любы юнак, калі патрапляе ў войска, пачынае хваліцца сваім давайсковым жыцьцём. Трошкі праслужыўшы, чалавек разумее, што можа казаць толькі пра тое, на што ён здольны. Стасункі ў такім спэцыфічным калектыве вельмі хутка і яскрава выяўляюць нутро чалавека. Якім ты ёсьць насамрэч — гэта выплывае цягам двух-трох тыдняў. Для мяне было вельмі станоўчым — сыходзіцца і разыходзіцца зь людзьмі без складанасьцяў, сыходзіцца і знаходзіць агульную мову, калі гэта патрэбна”.

(Маёрчык: ) “Ідзе восеньскі прызыў. Зноў некалькі тысяч чалавек папоўняць Узброеныя сілы Беларусі. Шмат хто зь іх туды патрапіць ня хоча. Яны шукаюць магчымасьць адкасіць. Ваша парада: ці варта ісьці ў войска?”

(Тышкевіч: ) “Я б параіў пайсьці. Я ведаю, што некаторых актывістаў грамадзкіх арганізацыяў спрабуюць забраць у войска, а яны жахліва гэтага баяцца. Туды трэба ісьці, каб пераканацца, што можна працаваць ня толькі са сваімі прыхільнікамі, але і з усімі астатнімі. Трэба ісьці — каб вярнуўшыся, усьвядоміць, што працаваць на карысьць краіны трэба з пункту гледжаньня сілы: мы робім таму, што мы такія моцныя, мы робім таму, што мы дасягнем”.

(Маёрчык: ) “У гэтым выпуску “Маладых галасоў” высновы пры канцы праграмы ня будзе. Мы аднолькава разумеем тых, хто ня хоча разьвітвацца са свабодай і ісьці ў войска, і тых, хто лічыць службу сваім грамадзянскім абавязкам. Праблемы сучасных Узброеных сілаў Беларусі — тэма асобнай гаворкі. Але каб Беларусь мела прафэсійнае войска ці хаця б альтэрнатыўную службу, моладзь ставілася б да вайсковага абавязку з большай прыязнасьцю”.
XS
SM
MD
LG