Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч наведаў Полаччыну


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца на Полаччыне. Там ён сустракаецца з рабочымі, студэнтамі, дробнымі прадпрымальнікамі і актывістамі грамадзкіх арганізацыяў.

Рабочая паездка пачалася з наведаньня галоўнага полацкага кірмашу. Аляксандар Мілінкевіч гутарыў з прадпрымальнікамі, выслухоўваў і занатоўваў іхныя скаргі ды прапановы. Як вынікала з размоваў, практычна ўсе гандляры рэчавага кірмашу незадаволеныя палітыкай уладаў і чакаюць пераменаў да лепшага. Вось што сказалі мне пра свае ўражаньні ад сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам прадпрымальнікі:

(Прадпрымальніца: ) “Трэба каб людзі і сустрэцца маглі з кандыдатам, і ў твар яго ведалі, і наагул трэба прапагандаваць ягоную праграму, бо многія нічога гэтага ня ведаюць, нават у асяродзьдзі нашых прадпрымальнікаў. Вось цяпер падыходзяць, пытаюцца: хто гэта, і што гэта? Людзей нашых увесь час падманваюць…”

(Прадпрымальнік: ) “Падман, увесь час падман. Таму для людзей пачуць любое жывое слова — гэта добра і карысна”.

Трэба адцеміць, што ля ўваходу на кірмаш вылучэнца дэмсілаў ужо чакалі міліцыянты, прычым амаль усе яны былі ў званьні маёра. Працаваў таксама міліцэйскі спэцапэратар, аднак сустрэчы спадара Мілінкевіча зь людзьмі праваахоўнікі не перашкаджалі.

Наступным пунктам праграмы візыту была сустрэча са студэнтамі Полацкага дзяржунівэрсытэту. Калі кандыдат і ягоныя спадарожнікі падышлі да галоўнага навучальнага корпусу, іх сустрэла ўнівэрсытэцкая ахова: хлопцы стаялі шчыльным шыхтом на ганку. Шараговыя студэнты пры гэтым стаялі наўзбоч, і да спадара Мілінкевіча не падыходзілі. Вось што сказала з гэтай нагоды адна са студэнтак:

(Студэнтка: ) “Калі мы прыйшлі ў новы корпус, нам сказалі: ідзіце адсюль, бо нам загадалі вас затрымаць. Гэта казалі знаёмыя хлопцы з аховы”.

Пасьля таго Аляксандар Мілінкевіч вырашыў пагаманіць з прадстаўнікамі рэктарату. Яго прыняў прарэктар па навуковай працы Фёдар Пацялеенка. Пра вынікі іхнай размовы кандыдат апавёў журналістам:

(Мілінкевіч: ) “Пяць хвілін пагаварылі зь ім — гэта абсалютна прыстойны чалавек! Я кажу: вы не спалохаліся, складанасьцяў у вас ня будзе на працы? Ён кажа: думаю, што не… А за што? Кажа: калі пачнецца выбарчая кампанія, тады, можа, мы і залю дадзім. А сёньня, вы ж ведаеце, нельга. Адказваю: і вам нельга, і мне нельга”.

А дванаццатай гадзіне, калі Аляксандар Мілінкевіч ехаў на сустрэчу з наваполацкімі прадпрымальнікамі, ягоную машыну спынілі работнікі дзяржаўтаінспэкцыі, паведаміўшы, што трэба спраўдзіць — ці не знаходзіцца машына ў вышуку як скрадзеная. Аднак пасьля таго, як кіроўца паведаміў, што Мілінкевіча суправаджае група нямецкіх тэлежурналістаў, усе пытаньні былі зьнятыя.

Мы папрасілі спадара Мілінкевіча падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад візыту на Полаччыну:

(Мілінкевіч: ) “Вельмі прыемна быць на старажытнай Полаччыне. Добрыя ўражаньні — і ад моладзі, і ад прадпрымальнікаў, і ад бабуляў, якіх сустрэлі. Людзі хочуць пераменаў. Усе адназначна гавораць: так далей жыць немагчыма, толькі па тэлебачаньні нармальнае жыцьцё. А так увогуле вельмі і вельмі людзям цяжка. І глядзяць на ўсё зь вялікай надзеяй. Хаця, заўважу, яшчэ нам трэба шмат зрабіць, каб зьнік страх у людзей. Вось некаторыя падыходзяць і кажуць: я ўжо нічога не баюся! А іншыя яшчэ жывуць у гэтым страху. Будзем працаваць, будзем езьдзіць. Хай людзі бачаць, што мы не баімся, і яны ня будуць баяцца”.

У другой палове дня Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з рабочымі адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацак-Шкловалакно”, потым выехаў у Алёшчу, дзе адбывае пакараньне вядомы палітык Павал Севярынец. Завяршыцца візыт сёньня ўвечары — сустрэчай з прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадзкасьці Наваполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG