Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымліваюць менчукі Дзень беларускай салідарнасьці?


Галіна Абакунчык, Менск 16 лістапада многія людзі а 20-й гадзіне выключаць у сваіх дамах сьвятло й запаляць сьвечкі. Дзень беларускай салідарнасьці – гэта акцыя падтрымкі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі й іхных сваякоў. Што пра гэта думаюць менчукі – ў мінакоў на вуліцах гораду цікавілася нашая карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы пра Дзень салідарнасьці, як ставіцеся да гэтай ідэі й ці будзеце прымаць у ёй удзел”.

(Юначка: ) “Чула я пра такі дзень, стаўлюся станоўча, але ня ведаю ці буду прымаць удзел. Бо жыву я ў інтэрнаце й ці атрымаецца гэта зрабіць ня ведаю”.

(Спадар: ) “Гэтая ідэя ня новая, ёй можа гадоў 15-20. Я вельмі да гэтага добра стаўлюся й падтрымаю такую акцыю”.

(Юначка: ) “Пра такую ідэю мы ня чулі, але добра ставімся, бо пра людзей, якія зьніклі трэба памятаць канечне ж”.

(Юначка: ) “Я лічу, што гэта правільна й гэта варта рабіць. Бо ў гэтых людзей ёсьць сваякі, якім не абыякавы лёс іхных родных. І калі тысячы людзей, няхай нават не знаёмых, падтрымаюць іх маральна, думаю, ім гэта будзе цікава”.

(Юнак: ) “Я чуў нешта, але ня ведаю дакладна што гэта. Бо адныя людзі кажуць адно, а іншыя другое”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі вы пра гэта й як ставіцеся?”

(Спадарыня: ) “Не, ня чула. Але, у прынцыпе, чаму бы й не?”

(Юнак: ) “Я ня бачу ў гэтым сэнсу й лічу, што гэта не патрэбна. Бо я лічу, што нічога надта кепскага наш прэзыдэнт ня робіць. Мне падаецца, што ён усё робіць вельмі правільна”.

(Спадарыня: ) “Так і мінулым разам я запальвала сьвечку й сёньня пастаўлю. Па-першае, паколькі гэта акцыя беларускай салідарнасьці, то гэткім чынам я й выкажу сваю салідарнасьць. А ўвогуле ёсьць некалькі прычынаў гэтак зрабіць”.

(Юначка: ) “Гэтая ідэя – запаліць увечары агні – я пра яе ня чула, але лічу, што гэта вельмі добрая ідэя. Беларуская салідарнасьць павінная прысутнічаць у нашым жыцьці. Павінна быць нешта такое, што нас аб”яднае, а таму я лічу, што гэта вельмі добрая ідэя”.

(Спадар: ) “Я ня чуў пра гэта, але калі вы распавялі, то, пэўна, зраблю гэтак. Бо мая душа неспакойная за тое, што адбываецца, калі я чую пра зьніклых людзей – з гэтым нельга жыць спакойна”.

(Юначка: ) “Я чула пра гэта толькі ўскосна. Але лічу, што гэта вельмі добра, калі людзі яднаюцца ў думках. Гэта вельмі моцны псыхалягічны фактар і на ўзроўні нацыянальным. Гэта вельмі добра, файна”.
XS
SM
MD
LG