Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску камэнтуюць рэзалюцыю ПА НАТО па Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі беларускай апазыцыі лічаць абгрунтаванай учорашнюю рэзалюцыя Парлямэнцкай Асамблеі НАТО, якая заклікае афіцыйны Менск забясьпечыць свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары, правесьці незалежнае расьсьледаваньне адносна датычнасьці беларускіх афіцыйных асобаў да палітычных зьнікненьняў у Беларусі і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых. Выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара МЗС Беларусі Руслан Есін паведаміў, што афіцыйнай рэакцыі на рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі НАТО пакуль няма.

Выканаўца абавязкаў прэсавага сакратара МЗС Беларусі Руслан Есін паведаміў, што афіцыйнай рэакцыі на рэзалюцыю Парлямэнцкай Асамблеі НАТО пакуль няма. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віктар Кучынскі, камэнтуючы ўчорашнюю рэзалюцыю асамблеі, зазначыў, што Беларусь павінна супрацоўнічаць з краінамі НАТО, гэтаксама як і зь іншымі дзяржавамі сьвету. І ў Нацыянальным сходзе існуе адмысловая група па сувязях з Парлямэнцкай Асамблеяй НАТО.

(Кучынскі: ) “Я вельмі сур’ёзна стаўлюся да гэтай рэзалюцыі, бо за кожным палітычным рашэньнем стаяць пэўныя матывы. І было б цікава, у чым праблема, што Захад падвяргае сумневу ў нас штосьці ці кагосьці”.

Спадар Кучынскі выказаў і сваю пазыцыю адносна рэкамэндацыяў ПА НАТО наконт будучых прэзыдэнцкіх выбараў:

(Кучынскі: ) “Я лічу, што ў Беларусі павінны прайсьці адкрытыя дэмакратычныя выбары, хацеў бы, каб усё гэта было адкрыта, публічна і добрасумленна”.

Разам з гэтым спадар Кучынскі прызнаў, што праблема расьсьледаваньня зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, аб чым сьцьвярджаецца ў рэзалюцыі ПА НАТО, сапраўды існуе, і праваахоўныя органы Беларусі павінны нарэшце высьветліць усе абставіны. Але рабіць палітычныя заявы на гэты конт нельга, бо гэта перашкаджае сьледзтву, перакананы спадар Кучынскі.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Калякін мяркуе, што ПА НАТО выказала агульную пазыцыю, якую займаюць дэмакратычныя краіны ў адносінах да Беларусі, і яе патрабаваньні цалкам абгрунтаваныя:

(Калякін: ) “Яны канстатуюць і маюць для гэтага ўсе падставы, што ў Беларусі практычна няма выбараў, і што без правядзеньня вольных і дэмакратычных выбараў вельмі цяжка працаваць з урадам і парлямэнтам, якія фактычна ня выбраныя народам і не зьяўляюцца легітымнымі”.

Спадар Калякін прызнаў, што такія рэзалюцыі прапануюць беларускім уладам пэўныя калідоры для выхаду зь існай сытуацыі. Тое ж, што часам ідзе і размова наконт санкцыяў супраць Беларусі, спадар Калякін назваў сумным фактам, але вінаватым у гэтым ён лічыць выключна ўлады Беларусі. Паколькі беларуская апазыцыя заўсёды выступае супраць санкцыяў на адрас беларускага народу:

(Калякін: ) “Мы за тое, каб цярпелі канкрэтныя чыноўнікі, дзяржаўныя дзеячы, якія адказваюць за парушэньне правоў і свабодаў грамадзян у нашай краіне. За ненармальную сытуацыю, якая тут склалася”.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў перакананы, што такія рэзалюцыі ПА НАТО, як і іншых міжнародных структураў, уплываюць на пазыцыю ўрадаў сябраў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

(Фёдараў: ) “Уплыў ёсьць, і пэўны ціск з гэтага боку будзе, але лічыць, што ён можа нешта радыкальна зьмяніць, ня варта”.

Паводле спадара Фёдарава, ПА НАТО мае ці не найбольш жорсткую пазыцыю адносна непрызнаньня беларускай Палаты прадстаўнікоў. У пэрыяд, калі дзейнічаў Вярхоўны Савет, Беларусь была асацыяваным сябрам гэтай асамблеі, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэтыя адносіны былі спыненыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG