Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці напішуць пра акцыю салідарнасьці дзяржаўныя газэты?


Любоў Лунёва, Менск Cёньня арганізатары акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і палітвязьняў заклікаюць грамадзянаў а 20-й гадзіне выключыць на 15 хвілінаў сьвятло ў кватэрах і запаліць на вокнах сьвечкі. Арганізатары мусяць вырашыць галоўную праблему – як давесьці да грамадзкасьці інфармацыю. Інфармацыя, якая ёсьць на інтэрнэт-сайтах, даступная далёка не кожнаму. Нашая карэспандэнтка патэлефанавала ў рэдакцыі дзяржаўных газэт.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Зьвязда” Анатоль Сланеўскі на пытаньне: “Ці будзеце асьвятляць акцыю 16 лістапада?”, адказаў наступнае:

(Сланеўскі:) “Я думаю, што той з чытачоў, каго гэтая праблема хвалюе, а хвалюе яна вялікую колькасьць людзей, той будзе рабіць тое, што лічыць неабходным зрабіць.”

(Карэспандэнтка:) “А Вы ў сваёй газэце пісаць пра тое, што адбудзецца акцыя, не будзеце?”

(Сланеўскі:) “Справа ў тым, што ў нас ёсьць аддзел палітыкі. Будзе ён пісаць пра гэта ці – не, я не маю такой інфармацыі. Мы не павінны лазіць па нейкіх сайтах і нешта там адшукваць. Мы ж афіцыйнае дзяржаўнае выданьне. Мы ж працуем з афіцыйнымі арганізацыямі.”

А вось адказ намесьніка галоўнага рэдактара газэты “Рэспубліка” Міхаіла Валькоўскага.

(Валькоўскі:) “На сайтах вельмі шмат разнастайнай інфармацыі. Усю яе нельга, як вы ведаеце, праглядзець.”

(Карэспандэнтка:) “Ну, вы ж ведаеце, на якіх сайтах зьмяшчаецца інфармацыя, якая тычыцца беларускіх падзеяў?”

(Валькоўскі:) “Гэта падзея?!”

Акцыю Салідарнасьці падтрымалі вядомыя грамадзкія дзеячы, мастакі, пісьменьнікі, кандыдат на пасаду прэзідэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандр Мілінкевіч. Арганізатары акцыі Ірына Красоўская, Ірына Халіп і Мікіта Сасім спадзяюцца, што ў акцыі возьмуць удзел некалькі сотняў тысяч грамадзянаў.
XS
SM
MD
LG