Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сераду другі раз праходзіць Дзень беларускай салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск Сёньня арганізатары акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў заклікаюць грамадзянаў а 20 гадзіне вечара выключыць на 15 хвілін сьвятло ў кватэрах і запаліць у вокнах сьвечкі. Апазыцыянэры спадзяюцца, што ў акцыі возьмуць удзел некалькі сотняў тысяч чалавек. Акцыя праводзіцца другі раз. 16 кастрычніка людзі, якіх апытвалі на вуліцах, казалі, што нічога пра акцыю ня ведаюць. А як гэтым разам?

У лістападзе сябры моладзевага руху “Зубр” распаўсюджвалі ўлёткі ў людных месцах гарадоў з заклікам далучыцца да акцыі 16 лістапада. Натуральна, арганізатары акцыі маюць вырашаць галоўную праблему – як давесьці да грамадзкасьці інфармацыю. Распаўсюднікаў улётак затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі. Улёткі пакідалі ў пастарунках, а на затрыманых складалі адміністрацыйныя пратаколы за распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі без выхадных зьвестак і за антысанітарыю.

Прэсавы сакратар руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанка паведаміў, што сёньня ўлёткі – гэта самы даступны сродак пашырэньня інфармацыі.

(Атрошчанка: ) “Актывісты нашага руху маюць дастатковы досьвед у распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі. Заўсёды мы сустракаліся з процідзеяньнем з боку ўладаў. Падрыхтоўка да акцыі 16 лістапада ня стала выключэньнем. Былі затрыманьні нашых актывістаў. Гэтым разам міліцыянты затрымалі больш за 20 чалавек. У іх забралі ўлёткі ды іншыя інфармацыйныя матэрыялы. Гэтым разам абышлося бяз жорсткіх наступстваў, але шкада кожнай адабранай улёткі. На гэты момант у Беларусі не існуе больш эфэктыўных за ўлёткі сродкаў данясеньня інфармацыі. Зразумела, кожны месяц мы будзем шукаць нешта новае”.

Інфармацыя, якая ёсьць на інтэрнэт-сайтах, даступная далёка ня кожнаму. Студэнцкая моладзь пазбаўленая магчымасьці чытаць інфармацыю на сайтах недзяржаўных арганізацыяў. Я патэлефанавала ў рэдакцыі дзяржаўных газэт.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Звязда” Анатоль Сланеўскі на пытаньне, ці будзе газэта асьвятляць акцыю 16 лістапада, адказаў так:

(Сланеўскі: ) “Я думаю, што той з чытачоў, каго гэтая праблема хвалюе, а хвалюе яна вялікую колькасьць людзей, той будзе рабіць тое, што лічыць неабходным зрабіць”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы ў сваёй газэце пісаць пра тое, што адбудзецца акцыя, ня будзеце?”

(Сланеўскі: ) “Рэч у тым, што ў нас ёсьць аддзел палітыкі. Будзе ён пісаць пра гэта ці не, я ня маю такой інфармацыі. Мы не павінны лазіць па нейкіх сайтах і нешта там адшукваць. Мы ж афіцыйнае дзяржаўнае выданьне. Мы ж працуем з афіцыйнымі арганізацыямі”.

А вось адказ намесьніка галоўнага рэдактара газэты “Рэспубліка” Міхаіла Валькоўскага:

(Валькоўскі: ) “На сайтах вельмі шмат разнастайнай інфармацыі. Усю яе нельга, як Вы ведаеце, прагледзець”.

(Карэспандэнтка: ) “Ну, Вы ж ведаеце, на якіх сайтах зьмяшчаецца інфармацыя, якая тычыцца беларускіх падзеяў?”

(Валькоўскі: ) “Гэта падзея?!”

Акцыю салідарнасьці падтрымалі вядомыя грамадзкія дзеячы, мастакі, пісьменьнікі, кандыдат на пасаду прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч. Арганізатары акцыі Ірына Красоўская, Ірына Халіп і Мікіта Сасім спадзяюцца, што ў акцыі возьмуць удзел некалькі сотняў тысяч грамадзянаў. Яны разьлічваюць, што карыстальнікі Інтэрнэту, прачытаўшы інфармацыю на сайце “Хартыі’97” аб тым, што 16-га дня кожнага месяца а 8-й вечара будзе акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў, раскажуць пра яе сваім знаёмым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG