Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія дэпутаты зьвяртаюцца да кіраўнікоў Украіны


Казімір Яноўскі, Гомель На Гомельшчыне некаторыя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сталі распаўсюджваць зварот да прэзыдэнта і прэм’ер-міністра Ўкраіны пад назовам “Не! – нагнятаньню ва Ўкраіне антыбеларускіх настрояў”.

Як піша афіцыйная гарадзкая газэта, зварот: “Не! – нагнятаньню ва Ўкраіне антыбеларускіх настрояў” прынёс у рэдакцыю дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Гомелю, былы дырэктар гімназіі Аляксандар Шацько. Ён падаваў сябе яшчэ і як намесьнік кіраўніка нейкага Беларускага славянскага камітэту, удзельнік зьезду аналягічнага славянскага камітэту Ўкраіны. Паводле Шацька, акурат там і быў прыняты згаданы зварот.

У звароце, у прыватнасьці, сказана, што “апошні час асобныя палітычныя сілы ва Ўкраіне, якія выяўляюць інтарэсы так званай “беларускай апазыцыі”, правакуюць узьнікненьне антыбеларускіх настрояў ва ўкраінскім грамадзтве”.

Кіраўнік гомельскай арганізацыі незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Пятро Кузьняцоў, які мае цесныя стасункі з украінскімі палітычнымі рухамі, выказвае зьдзіўленьне ў сувязі з распаўсюджваньнем беларускімі парлямэнтарамі такога звароту:

(Кузьняцоў: ) “Я магу гэта адказна сказаць: адносіны да беларусаў ва Ўкраіне больш чым выдатныя. Падчас рэвалюцыі я два месяцы пражыў там у намётах. Нас, беларусаў, іначай, як сябры, ніколі не называлі. І амаль кожны ўкраінец ведае слова сябар.

Славянакамітэтчыкаў тым часам асабліва турбуюць, як сказана ў звароце, антыбеларускія выступленьні ў Кіеве ля сьценаў беларускай амбасады, антыпрэзыдэнцкія выступы “беларускай апазыцыі” на ўкраінскай тэлевізіі, а таксама журналісцкія камэнтары з прычыны непрыняцьця ўнутранай і замежнай

палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.

Набор парадаў, якія прапануюць славянакамітэтчыкі ўкраінскаму прэзыдэнту і прэм’еру даволі стандартны – “прыняць належныя меры для спыненьня антыбеларускіх правакацыяў ва Ўкраіне, не дапускаць падобных камэнтароў на тэлебачаньні, а таксама ў іншых сродках масавай інфармацыі”. Славянакамітэтчыкі, аднак, нічога ня кажуць пра рэакцыю ўкраінскіх кіраўнікоў: была яна ці наагул зварот застаўся без увагі?

У сваю чаргу грамадзкі актывіст Пятро Кузьняцоў лічыць неправамерным абвінавачваць суседзяў з поўдня ў распальваньні нейкіх антыбеларускіх настрояў:

(Кузьняцоў: ) “Гэтую гістэрыю нагнятаюць не ўкраінцы, яе нагнятаюць нашы беларускія ўлады. Я так лічу. Там няма і быць ня можа нейкіх антыбеларускіх настрояў, выказваньняў ці выступленьняў. Ёсьць, можна гэта назваць, антылукашэнкаўскія настроі. Таму што некаторыя дзеяньні, выказваньні Лукашэнкі ня могуць успрымацца як дзеяньні добрага суседа”.
XS
SM
MD
LG