Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі вызначана 86 прафэсіяў, да якіх будуць дапускаць нарколягі


Вячаслаў Кулік, Менск Тры сацыяльныя ведамствы – Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства ўнутраных справаў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны – зацьвердзілі пералік прафэсіяў, прадстаўніком якіх неабходна прайсьці спэцыяльную наркалягічную экспэртызу. Паводле дакумэнту, цяпер гэта абавязкова ня толькі для лётчыкаў і шахтароў, але таксама й для настаўнікаў, выхавальнікаў, рэвізораў, касіраў, дактароў... Усяго ў сьпісе 86 прафэсіяў. Чым можна патлумачыць неабходнасьць новых абмежаваньняў у Беларусі?

Паводле афіцыйнага ўліку, у Беларусі сёлета памерлі не ад старасьці больш як 13 тысяч чалавек. Мэдыкі канстатуюць, што заўчасны сыход людзей зь жыцьця адбываецца найперш на фоне алькагалізацыі насельніцтва. Лічбы росту называе галоўны нарколяг Міністэрства аховы здароўя Ўладзімер Максімчук:

(Максімчук: ) “На ўсіх відах ўліку ў наркалягічнай службе стаіць 243 тысячы чалавек. А хворых на алькагалізм – 165 тысяч. У параўнаньні зь мінулым годам адбываецца павелічэньне на 15 працэнтаў”.

Па словах Уладзімера Максімчука, злоўжываюць алькаголем больш як 30 працэнтаў беларусаў, наркатычную залежнасьць маюць 240 тысяч чалавек. Таму, як паведаміў доктар, зьявілася афіцыйнае рашэньне прапускаць праз праверку ў наркалягічных кабінэтах усіх, хто праходзіць прафэсійны адбор па іншых крытэрах. Ці гатовыя людзі да абавязковай сустрэчы з нарколягам? Паслухаем адказы мінакоў на вуліцах Менску:

(Спадар: ) “Мне падаецца, што гэта нейкае прыніжэньне асобы – адсылаць да нарколяга. Па-мойму, дастаткова паглядзець звонку, і відаць, алькаголік ён ці не”.

(Спадар: ) “Калі б накіравалі, то адправіўся б. А так – не”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, я вымушаная была б пайсьці, бо праца ёсьць праца. Але гэта нейкая хутчэй рэпрэсіўная мера. І гэта мера кантролю, тым больш у нашай дзяржаве, калі ёсьць магчымасьці падтасоўваць і рабіць ня вельмі якасныя аб’ектыўныя ацэнкі”.

Нядаўна на сустрэчы з жыхарамі гораду Глуску на Магілёўшчыне Аляксандар Лукашэнка заявіў пра ўзмацненьне барацьбы з п’янствам. Ён нават паабяцаў ахвяраваць часткай свайго электарату: “Хто п’е кожны дзень – за мяне не галасуйце, я з такімі сябраваць ня буду”, – сказаў Лукашэнка амаль два тыдні таму. Тады яшчэ не было вядома аб праверцы некаторых катэгорыяў працаўнікоў на наркалягічную залежнасьць. У сувязі з новаўвядзеньнем апанэнты Лукашэнкі нагадваюць пра ягоную дырэктыву № 1 “Аб умацаваньні грамадзкай дысцыпліны і бясьпекі”. Рост п’янства сёлета, павелічэньне колькасьці загінулых на вытворчасьці, як лічыць праваабаронца Алег Гулак, сьведчаць, што адміністрацыйнымі мерамі нельга вырашыць рэальнай праблемы.

(Гулак: ) “Людзі п’юць там, дзе няма працы, заробкаў. Няма дзе сябе рэалізаваць. Калі ісьці такім шляхам, які дэманструе наша дзяржава, то трэба, відаць, усе прафэсіі цалкам уключыць у гэты сьпіс. Бо ў нас засталіся, напрыклад, журналісты, прадаўцы, іншыя катэгорыі людзей. Усім трэба, акрамя пашпарта і працоўнай кніжкі, прыносіць яшчэ даведку з наркадыспансэру. Давесьці трэба сытуацыю да абсурду цалкам”.
XS
SM
MD
LG