Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16 лістапада – Міжнародны дзень цярпімасьці (талерантнасьці)


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня – Міжнародны дзень цярпімасьці. Яго ў 1996 годзе з мэтаю пашырэньня ў сьвеце ідэяў талерантнасьці прапанавала штогод адзначаць Генэральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Наколькі характэрныя ідэі талерантнасьці для сучаснага беларускага грамадзтва?

Пра цярпімасьць беларускага народу анэкдоты й быліцы складалі яшчэ за савецкім часам. У палітычным бамондзе незалежнай Беларусі зьявілася і замацавалася яшчэ адна характарыстыка – памяркоўнасьць. Ці лічыць сябе грамадзтва талерантным, цікаўлюся ў мінакоў на сталічных вуліцах.

(Спадар: ) “Так, я лічу, што вельмі талерантнае ў параўнаньні зь іншымі. Я быў у іншых краінах, і там людзі больш злыя ці што”.

(Спадар: ) “Так, талерантнае. У параўнаньні зь іншымі народамі занадта талерантнае”.

(Спадарыня: ) “Так, вельмі. Беларускія людзі душэўныя, цярплівыя. Цярпеньне, цярпеньне й яшчэ раз цярпеньне”.

(Спадар: ) “У прынцыпе, так. І да суседніх краінаў мы ставімся міралюбіва. А да сябе дык тым больш”.

(Спадарыня: ) “Цалкам не талерантнае. І тут ня толькі нейкія аспэкты рэлігійныя ці нацыянальныя, а нават проста стаўленьне да людзей. Сябе мы яшчэ любім, а вось іншых людзей ужо не”.

Пытаньні талерантнасьці беларускага грамадзтва сталі адной з тэмаў дасьледаваньня праваабарончага цэнтру “Вясна”. Вынікам двухгадовай працы, якую цэнтар праводзіў супольна з швэдзкімі праваабаронцамі, была канстатацыя факту: айчыннае грамадзтва далёкае ад ідэяў талерантнасьці... Асабліва гэта праяўляецца ў нецярпімасьці да нацыянальных, рэлігійных і сэксуальных меншасьцяў, кажа праваабаронца цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Беларусь і беларусы, якія паходзяць з Савецкага Саюзу, вядома, маюць даволі нізкі талерантны цэнз, бо савецкае грамадзтва першапачаткова было не талерантнае. І праяваў неталерантнасьці даволі шмат. Дастаткова згадаць нядаўні фільм на БТ пра наркабізнэс, дзе гаварылася не пра канкрэтных грамадзянаў, а пра цыганоў увогуле. Даволі праяваў неталерантнасьці ў галіне палітычнай культуры. Калі ў нас палітычных апанэнтаў успрымаюць выключна як ворагаў, што тут казаць? Яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, каб гэтыя праблемы былі вырашаныя”.

Паводле спэцыялістаў, уяўная характарыстыка беларусаў як нацыі талерантнай і памяркоўнай склалася гістарычна. А прычынай таму – менш агрэсіўнае і ваяўнічае ў параўнаньні з многімі іншымі народамі стаўленьне да суседзяў. Аднак і да сёньня беларусам характэрная такая рыса, як цярпеньне, што ня надта служыць на карысьць народу, кажа навуковец Лявон Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “Я ніколі не падтрымліваў міту пра талерантнасьць беларускага народу. Хутчэй ёсьць канфармізм, паколькі шмат стагодзьдзяў даводзілася жыць пад чужой уладай. А талерантнасьць... Згадайце выбары 1994 году: людзі, якія ішлі з радыкальнымі лёзунгамі – гэта былі Лукашэнка й Пазьняк – агулам набралі 80 % галасоў. І гэта якраз ня сьведчыць пра талерантнасьць. Іншая рэч, што беларус сапраўды можа доўга цярпець прыгнёт, да пэўнай мяжы. Але гэта не на карысьць грамадзтву: паглядзіце, колькі ў нас людзей любяць пісаць скаргі ў розныя інстанцыі, а вось каб згуртавацца й выступіць за свае правы, гэта ўжо праблема. Таму не падтрымліваю міту пра талерантнасьць. Паслухайце, як людзі паводзяць сябе ў ранішнім транспарце: такога ж не пачуеш у Польшчы ці Нямеччыне! Таму гэта міт...”
XS
SM
MD
LG