Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына: прэм’ера дакумэнтальнага фільму пра Беларусь


Алена Струвэ, Менск Сёньня ў 50 кінатэатрах ува ўсіх рэгіёнах Нямеччыны адбудзецца прэм’ера дакумэнтальнага фільму пра жыцьцё беларускай моладзі. Кінастужка 26-гадовага бэрлінскага рэжысэра Сабастыяна Гайнцэля, якая называецца “89 мілімэтраў”, ужо выклікала розгалас у асяродзьдзі кінакрытыкаў. Як напісала напярэдадні нямецкая “Suеddeutsche Zeitung”, “у гэтым вартым увагі фільме малады рэжысэр далікатна расьсьледуе складаныя мэханізмы дыктатуры Лукашэнкі”. Напярэдадні агульнанямецкай прэм’еры фільму з рэжысэрам гутарыла наша карэспандэнтка.

З 50 кінатэатраў, дзе адбудзецца прэм’ера “89 мілімэтраў”, Сабастыян Гайнцэль абраў кінатэатар у Штутгарце. Там, на поўдні Нямеччыны, жыве і працуе Сабастыянаў сябар – Максім Грушавы зь Менску, які два гады таму адкрыў бэрлінцу невядомую Беларусь.

(Гайнцэль: ) “Нас было 9 чалавек, якія працавалі над адным інфармацыйным праектам у Бэрліне. Апрача Максіма, тагачаснага студэнта Бэрлінскага ўнівэрсытэту, мы ўсе былі немцы і практычна нічога ня ведалі пра Беларусь. Спачатку мы зрабілі кароткую паездку ў гэтую краіну з тым, каб пазнаёміцца са штодзённым жыцьцём сваіх равесьнікаў. Аказалася, што гэтага часу мала. Потым мы вырашылі зноў прыехаць у гэтую краіну”.

Усяго Сабастыян пяць разоў пабываў у Беларусі. Яго цікавілі лёсы такіх самых, як ён, 20-гадовых беларусаў. Героямі Гайнцэля сталі чатыры юнакі і дзьве дзяўчыны. Усе гэтыя вельмі розныя маладыя людзі – салдат, апазыцыянэр, былы крымінальнік, журналістка, танцорка – гаварылі ў відэакамэру пра свае пэрспэктывы. Як сьведчыць Сабастыян, фільм “89 мілімэтраў” – гэта погляд заходняга чалавека на сытуацыю ў Беларусі. “Калі б гэтую гісторыю рабіў беларус, той жа Максім Грушавы, то кіно атрымалася б зусім іншае”, – зазначае малады бэрлінец.

Сапраўды, магчыма, беларускі аўтар і ня даў бы стужцы такой назвы – “89 мілімэтраў”. 89 мілімэтраў – гэта розьніца ў шырыні чыгуначных каляінаў – у былым Савецкім Саюзе і ў краінах на захад ад яго. Розьніца 89 мілімэтраў, зьмена колаў у цягнікох на беларускай мяжы ёсьць першай прыкметаю таго, што за Бугам ты трапляеш у іншую культуру, іншы сьвет.

(Гайнцэль: ) “Усе гэтыя маладыя людзі па-рознаму ацэньваюць свае жыцьцё, свае пэрспэктывы, па-рознаму ставяцца да такога пытаньня, як свабода. Адны шчыра лічаць, што яны вольныя. Іншыя – наадварот. Увогуле, я вельмі зьдзіўлены, што ў Нямеччыне да гэтага фільму такая вялікая цікавасьць”.

Агульнанямецкі паказ стужкі “89 мілімэтраў” працягнецца таксама й заўтра.
XS
SM
MD
LG