Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: “Пад сьцягам колеру і хлусьні”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўнага друку за 16 лістапада.

“Народная воля” паведамляе падрабязнасьці сэнсацыйнага судовага працэсу, які адбываецца ў Патсдаме. Перад нямецкім судом стала банда “геніяльных” фальшываманэтнікаў (прычым так іх назвалі не журналісты, а спэцыялісты). Артыкул называецца “Хто стаіць за Ўладзіславам Ліпскім?” Судзьдзя Міхаэль Ціс ужо заявіў журналістам, што Ліпскі “прыбыў ў Нямеччыну на даручэньне беларускага КДБ з мэтай падрыву тамтэйшай эканомікі шляхам распаўсюджваньня фальшывых грошай”. Сам Ліпскі сьцьвярджае, што яго заданьне гучала крыху інакш: укараніцца ў шэрагі фальшываманэтнікаў і прасачыць, як фальшыўкі трапляюць у Беларусь.

“Пад сьцягам колеру і хлусьні”: журналіст Аляксандар Коктыш і вядомы літаратар, філёзаф Валянцін Акудовіч разважаюць у “Народнай волі” пра сёньняшні стан беларускага грамадзтва, яго гатовасьць да зьменаў уласнай сьвядомасьці і сьветаадчуваньня.

“Вечерний Бобруйск” публікуе фотарэпартаж са старэйшага ў горадзе прадпрыемства – кандытарскай фабрыкі “Чырвоны харчавік”, якая гэтымі днямі адзначае сваё 135-годзьдзе. Нягледзячы на такі салідны ўзрост, гэта самае эканамічна стабільнае прадпрыемства ў горадзе. Што й казаць, любяць беларусы падсаладзіць сваё жыцьцё знакамітым бабруйскім зэфірам у чакалядзе!

Пашанцавала вышывальніцы бабруйскай фабрыкі “Славянка” – 20-гадовая дзяўчына ў “Супэрлято” выйграла двухпакаёвую кватэру ў Менску.

Раней сантэхніка ў Бабруйску можна было выклікаць, патэлефанаваўшы ў свой ЖЭС. Але пасьля рэформы камунальных службаў усімі сантэхнікамі кіруе цяпер гарводаканал. Журналісты газэты “Вечерний Бобруйск” ставяць пытаньне рубам – “Як выклікаць сантэхніка?” Аказалася – вельмі няпроста…

Жудасная трагедыя скаланула адносна спакойны гарадок на Гарадзеншчыне, паведамляе “Газета Слонімская”. Тыдзень таму невядомыя згвалцілі і па-зьверску забілі 18-гадовую дзяўчыну, якая прыехала на выходныя дадому з Горадні, дзе вучылася. Пайшла на дыскатэку. Расказвае журналістка “Газеты Слонімскай” Яна Мельнікава:

(Мельнікава: ) “Пасьля танцаў яе пайшоў праводзіць малады чалавек, але ягонага твару, на жаль, ужо ніхто й не памятае. Па словах мэдработнікаў, якія багата рознага бачылі на сваім вяку, на зьнявечанае цела дзяўчыны бязь сьлёз немагчыма было глядзець – да такой ступені зьвяры пазьдзекаваліся з Алены. Міліцыя шукае невядомых, якія так жорстка забілі дзяўчыну”.

“Комсомольская правда в Белоруссии” паведамляе дзьве цікавыя навіны. “Нарколягі будуць правяраць настаўнікаў і бухгальтараў”. Усяго ў сьпісе пасадаў, на якія без даведкі нарколяга не ўладкуесься, 86 прафэсіяў. Журналісты і прадаўцы ў гэты пералік пакуль што не ўвайшлі. Другая навіна – “Бедныя ня будуць плаціць падаткаў”. Афіцыйныя прафсаюзы дэманструюць бацькоўскі клопат аб малазабясьпечаных беларусах – ФПБ прапануе адмяніць падаткі, калі працаўнік зарабляе ня больш за пражытковы мінімум у месяц. А гэта кожны сёмы, падлічыла “Комсомольская правда в Белоруссии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG