Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

16 лістапада 1898 году нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі


RFE/RL 16 лістапада ў Беларусі й сьвеце.

16 лістапада 1582 году маскоўскі цар Іван Жахлівы забіў свайго сына Івана. Кажуць, што цар выпадкова кінуў у сына сваё царскае жазло і тое прабіла сыну скронь. Сьмерць сына выклікала ў цара адчай, бо ён такім чынам страціў спадкаемцу. Другі сын – Фёдар – быў няздольны кіраваць краінай.

16 лістапада 1812 году армія Напалеона фарсуе Бярэзіну. Цяпер у тым месцы ёсьць памятны знак, а беларускія гісторыкі не спыняюцца шукаць скарбы, якія францускі імпэратар нарабаваў у Маскве і нібыта закапаў недзе ў ваколіцах Бярэзіны, адступаючы пад націскам расейскага войска.

А 16 лістапада 1848 году ў Лёндане дае свой апошні канцэрт Фрэдэрык Шапэн. Ён ужо цяжка хворы, і жыць яму застаецца год. Памрэ Шапэн у Парыжы.

16 лістапада 1982 году памёр Андрэй Макаёнак, ганараваны савецкі драматург, п''есы якога ішлі ў тэатрах усяго Савецкага Саюзу.

16 лістапада 1898 году нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі – беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч. Родам ён зь мястэчка Поразава. Скончыў Віленскую каталіцкую сэмінарыю і Пецярбурскую каталіцкую акадэмію. Адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску. Пасьля абвяшчэньня БНР уваходзіў у склад Рады Рэспублікі. Гадлеўскі – сярод заснавальнікаў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, рэдактар газэты “Крыніца“. Калі пачалася нямецкая акупацыя, ксёндз Гадлеўскі перабраўся ў Менск і стаў галоўным інспэктарам школаў. Такім чынам ён імкнуўся захаваць у краіне беларускае школьніцтва. Але немцы хутка зразумелі, што Беларусь для яго важнейшая за Вялікую Германію. У 1942 годзе Гадлеўскага арыштавалі і закатавалі.

16 лістапада 1923 году нарадзіўся беларускі эстэтык Мікалай Крукоўскі. За савецкім часам ён займаўся чыстай навукай, а не ідэалёгіяй, і пісаў працы, назвы якіх гавораць самі за сябе: “Лёгіка прыгажосьці“, “Кібэрнэтыка і законы прыгажосьці”, “Homo pulcher – Чалавек прыгожы. Нарыс тэарэтычнай эстэтыкі чалавека”. Пасьля развалу савецкай імпэрыі Мікалай Крукоўскі, наадварот, актыўна ўключыўся ў грамадзкае жыцьцё і стаў адным з ідэолягаў беларускай незалежнасьці.
XS
SM
MD
LG