Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Быць у даўне


Марыя Мартысевіч, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Быць у даўне – значыць мець кепскі настрой, дэпрэсію. “Брат! – казаў ён мне. – Брат! Піва кончылась, ты прадстаўляеш! Піва кончылась, жана ушла!” Я ня ведаў, што на сьвеце бывае такая роспач”.

Гэты ўрывак зь “Песень для мёртвага пеўня” ўкраінскага пісьменьніка Юрыя Андруховіча я часам цытую сама сабе, каб давесьці, што дэпрэсаваць няма падставаў. Што прычыны паскардзіцца навакольным: “Я ў страшэнным даўне!” – вельмі часта такія ж, як у таго львоўскага гопніка: калготкі паехалі, пазногаць зламаўся, жыцьцё ня склалася... “Мой кепскі настрой заўсёды кепскі”, як аднойчы сказаў мой брацік Антось, калі быў маленькі.

Хварэць на душэўны грып – вось што такое быць у даўне. Па-ангельску down значыць ніз, па-беларуску даўн – гэта калі аптымізм вычарпаны да дна, радасьць на нулі... Поўны даўн – гэта стан, калі прытупляюцца пачуцьці, будучыня падаецца немінучай, а ад таго жахліваю, і ты неяк абсалютна несувымерна сабе, наймізэрнейшаму чалавеку на зямлі, пачынаеш адчуваць тое, што немцы завуць вэльтшмэрц (па наску – сусьветны смутак).

Згадаўшы другое значэньне слоўка даўн – ‘не абцяжараны інтэлектам чалавек’, якое паходзіць ад назвы хваробы – сындрому Даўна, можна сказаць: даўн ніколі не бывае ў даўне, і толькі ў вялікай мудрасьці вялікі смутак, як прамаўляў колісь бацька сусьветнага пэсымізму. Быць у даўне – натуральны стан чалавека мысьлячага, творчага. Твае калготкі вечна парваныя, твой пазногаць заўсёды зламаны, табою кіруе жыцьцядайнае пачуцьцё заняпаду. “Усё стагодзьдзе – дэкаданс”, як пяецца ў песеньцы.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG