Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны ў Парыжы заявіў пра недапушчальнасьць ізаляцыі Беларусі


Юры Сьвірко, Кіеў Знаходзячыся зь візытам у Францыі й выступаючы перад бізнэс-коламі ў Парыжы, украінскі прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў: “Мая ўпэўненасьць ёсьць такой, што ня трэба пакідаць Беларусь у ізаляцыі, трэба аказаць Беларусі паслугу на шляху да дэмакратыі”.

Спадар Юшчанка сказаў таксама, што падчас перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам неаднаразова казаў пра тое, што Ўкраіна гатовая быць актыўным партнэрам “у гэтых дэмакратычных памкненьнях”.

Украінскі кіраўнік заявіў у Парыжы, што хоча “бачыць Беларусь дэмакратычнай, квітнеючай краінай”, і як прэзыдэнт суседняй дзяржавы паабяцаў зрабіць усё, каб ёй у гэтым дапамагчы. Віктар Юшчанка зазначыў: “Эўропа кепска зробіць, калі зачыніць Беларусь, як кокан, саму ў сябе”.

Гэтая заява Віктара Юшчанкі была зробленая неўзабаве пасьля таго, як 7 лістапада Эўразьвяз, у які хоча ўступіць Україна, пацьвердзіў сваю палітыку абмежаваных кантактаў зь Беларусьсю на ўзроўні міністраў. Раней прэзыдэнт Юшчанка падчас візыту ў ЗША падпісаў са сваім амэрыканскім калегам Джорджам Бушам заяву, дзе гаварылася пра будучыя супольныя дзеяньні дзеля прасоўваньня дэмакратыі ў Беларусі.

Ані ЗША, ані Эўрапейскі Зьвяз апошнія гады не рабілі заяваў пра недапушчальнасьць ізаляцыі Беларусі. Эўрапейскі парлямэнт ухваліў у верасьні рэзалюцыі з прапановай пашырыць сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз. Але ў той жа дзень у Кіеве сакратар Рады нацыянальнае бясьпекі й абароны Ўкраіны Анатоль Кінах упершыню пасьля “памаранчавай рэвалюцыі” афіцыйна заявіў пра сяброўства Ўкраіны зь Беларусьсю й паабяцаў “жорстка супрацьдзейнічаць спробам міжнароднай ізаляцыі Беларусі”.

Беларуская апазыцыя расцаніла гэтую заяву спадара Кінаха як ягоную асабістую думку. Абраны адзіным кандыдатам ад апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч у эфіры Радыё Свабода пракамэнтаваў гэтыя словы Анатоля Кінаха так: “Мабыць, Україна спрабуе адыграць ролю моста паміж Беларусьсю ды Эўразьвязам, як гэта раней рабіла Польшча, потым Літва, і ўсё марна. Я толькі адно скажу – што беларускую ўладу нельга выхаваць. То бок усе спробы за 10 гадоў, якія мне вядомыя, з боку Эўропы запрасіць да супрацоўніцтва, ацаніць дэмакратычныя каштоўнасьці скончыліся крахам”.

Пасьля нашумелай заявы Анатоля Кінаха ў верасьні прэзыдэнт Віктар Юшчанка на беларускую тэму не выказваўся – да сёньняшняга дня, калі ён фактычна пацьвердзіў ягоныя словы пра недапушчальнасьць ізаляцыі Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG